Беларуская Служба

Ісламская дзяржава спрабуе аднавіць свае пазіцыі ў Сірыі

20.12.2024 10:03
Вяртанне ІД «ужо пачалося», і цяпер існуе «рэальная пагроза», што байцы ІД паспрабуюць вызваліць з турмаў на паўночным усходзе Сірыі прыкладна 10 тысяч членаў групоўкі, якая спрабавала пабудаваць ісламісцкі халіфат у мінулым дзесяцігоддзі. 
Ілюстрацыйны здымакEPA/ATEF SAFADI Dostawca: PAP/EPA.

Хаос, які пачаўся ў Сірыі пасля падзення рэжыму Башара Асада, «адкрывае шлях» для вяртання ў краіну тэрарыстычнай экстрэмісцкай ісламісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД), папярэдзіла ў пятніцу BBC са спасылкай на камандзіра Сірыйскіх дэмакратычных сіл (SDF) Мазлума Абдзі.

Актыўнасць ІД павялічылася. Расце рызыка адраджэння гэтай групоўкі, папярэдзіў курдскі генерал у інтэрв'ю журналісту BBC. «Цяпер у іх больш варыянтаў і больш магчымасцяў», — адзначыў ён.

Паводле звестак разведкі, байцы «Ісламскай дзяржавы» захапілі частку зброі і боепрыпасаў, пакінутых войскамі сірыйскага рэжыму.

Па словах Абдзі, вяртанне ІД «ужо пачалося», і цяпер існуе «рэальная пагроза», што байцы ІД паспрабуюць вызваліць з турмаў на паўночным усходзе Сірыі прыкладна 10 тысяч членаў групоўкі, якая спрабавала пабудаваць ісламісцкі халіфат у мінулым дзесяцігоддзі. Таксама ў лагерах для інтэрнаваных знаходзіцца каля 50 тысяч членаў іх сем'яў.

Адраджэнне ІД падтрымліваецца турэцкім наступам, падкрэсліў генерал. Ядро SDF складаюць атрады народнай самаабароны (YPG) - групоўкі, якая ўспрымаецца Анкарой як працяг забароненай Рабочай партыі Курдыстана (PKK), байцы якой 40 гадоў ваююць супраць турэцкай дзяржавы. Турцыя ды ўзброеныя групоўкі, якія яна падтрымлівае, атакуюць раён курдскага горада Кобане.

Таму SDF былі вымушаныя накіраваць частку сваіх сіл на абарону, перапыніўшы антытэрарыстычныя аперацыі супраць ІД. Многія турэмныя ахоўнікі вярнуліся дадому, каб абараняць свае вёскі, патлумачыла BBC. «Самая вялікая пагроза цяпер — гэта Турцыя. Нашы падраздзяленні гінуць у выніку турэцкіх авіяўдараў», — сказаў генерал Абдзі. «Гэтыя напады павінны спыніцца», — сказаў ён.

Днём раней міністр замежных спраў Ірака Фуад Хусэйн казаў пра рызыку адраджэння ІД у размове з намеснікам міністра брытанскага ўрада, адказным за рэгіён Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі Хэмішам Фальконерам. Сітуацыя ў турмах і на фронце можа «пагоршыць бяспеку як у Сірыі, так і ў Іраку», папярэдзіў палітык.

PAP/юл