Журналістка Сесілія Сала, якая знаходзіцца ў турме ў Тэгеране з 19 снежня мінулага года, вяртаецца ў Італію, паведаміла ў сераду, 8 студзеня канцылярыя прэм'ер-міністра Італіі Джорджыі Мелоні.
У заяве ўрада Італіі гаворыцца, што вызваленне Салы стала магчымым дзякуючы «напружанай рабоце дыпламатаў і разведкі».
У снежні іранскія ўлады аб'явілі аб арышце рэпарцёра італьянскай штодзённай газеты Il Foglio. Дзяўчыну затрымалі за «парушэнне законаў Ісламскай Рэспублікі». У чым менавіта яе абвінавачвалі, не тлумачылася.
29-гадовая жанчына ўтрымлівалася ў сумна вядомай турме Эвін у Тэгеране, дзе адбываюць пакаранне палітычныя апаненты іранскіх уладаў і грамадзяне іншых краін.
У нядаўняй тэлефоннай размове з бацькамі журналістка расказала, што з ёй дрэнна абыходзіцца. Жанчына спала на зямлі, і ў яе адабралі нават акуляры.
Сітуацыя Салы аказалася яшчэ больш складанай, бо яе справа была звязана з арыштам іранца ў Італіі ў снежні па запыце ўладаў ЗША. Амерыканскі бок сцвярджае, што арыштаваны ў Італіі іранец парушыў санкцыі, перадаючы кампаненты для баявых дронаў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. Іран запатрабаваў вызваліць мужчыну.
Самалёт з Сесіліяй Салай на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце Чампіна ў другой палове дня.
pap/эж