У Ніжнесілезскім ваяводстве, якое размешчанае на мяжы з Германіяй, прайшло паседжанне крызіснага штабу ў сувязі са з’яўляннем яшчуру ў памежным з Польшчай рэгіёне. Паседжанне штабу ўзначаліла ваявода Анна Жабска. Падчас дыскусіі былі абмеркаваныя магчымыя шляхі заражэння і траплення вірусу ў Польшчу, а таксама захады па барацьбе з ім.
У суботу ў Брандэнбургу ўступіла ў сілу 72-гадзінная забарона на перавозку кароў, свіней, авечак, коз і іншых жывёл, такіх як вярблюды і ламы. Нямецкія ўлады закрылі таксама два берлінскія заапаркі.
Гэта адбылося пасля таго, як напярэдадні ўлады зямлі Брандэнбург, якая акружае Берлін, паведамілі, што мясцовы фермер знайшоў трох з 14 сваіх вадзяных буйвалаў мёртвымі. Нацыянальны інстытут здароўя жывёл Германіі пацвердзіў, што ў пробах адной жывёлы быў знойдзены яшчур. Статак быў забіты. Невядома, як жывёлы былі заражаныя.
Улады таксма заявілі, што каля 200 свіней на адной з фермаў недалёка ад месца, дзе была выяўленая ўспышка захворвання, будуць забітыя ў якасці меры засцярогі.
Яшчур - высокакантагіёзнае вострае віруснае захворванне. Вірус атакуе капытных жывёл, такіх як буйную рагатую жывёлу, свінні і авечкі, а таксама жывёл у заапарках. Існуюць жорсткія міжнародныя правілы, накіраваныя на прадухіленне распаўсюджвання інфекцыі. Хоць хвароба не пагражае людзям, яны аднак могуць яе пераносіць і заражаць жывёл.
вс