Такім чынам, Чэхія стала трэцяй краінай, пасля Германіі і Бельгіі, якая ўключыла культуру піва ў нацыянальны спіс.
У Чэхіі больш за 500 бровараў, а ў піваварнай прамысловасці занята каля 65 тысяч чалавек. Аднак чэшская піўная культура звязана не толькі з працэсам вытворчасці гэтага напою. Як патлумачыў у інтэрв'ю Польскаму радыё міністр культуры Чэхіі Марцін Бакса, яна мае таксама грамадскае і культурнае вымярэнне.
«Феномен чэшскай карчмы істотна паўплываў на нашу гісторыю. Гэта пэўная супольнасць, якая абменьваецца вопытам, і з'яўляецца натуральным сацыяльным асяроддзем. Менавіта ў чэшскай карчме патрыёты ў ХІХ стагоддзі заснавалі чэшскую нацыю», — падкрэсліў міністр.
Аднак апошнія даследаванні паказалі, што працэнт чэхаў, якія ганарацца высокім спажываннем піва ў сваёй краіне, падае. У апошнія гады колькасць выпітага піва змяншаецца.
Сацыёлаг Іржы Вінопаль звярнуў увагу на змены, якія адбываюцца ў стаўленні да піва. «Людзі ўжо не звяртаюць столькі ўвагі на тое, колькі яны п'юць піва. Мы таксама больш адкрыты для новых стыляў з усяго свету. На мой погляд, гэта не азначае адыход ад традыцыйнай чэшскай піўной культуры, а хутчэй нейкія новыя імпульсы. Сама сутнасць сустрэчы за півам застаецца нязменнай», — кажа сацыёлаг.
Піўная культура мае і свой цёмны бок. Чэхія з'яўляецца адной з краін з самым высокім спажываннем алкаголю ў Еўрасаюзе. Паводле апошняй справаздачы аб залежнасці, у 2023 годзе прыкладна дзевяцьсот тысяч чэхаў злоўжывалі алкаголем. Гэта азначае, што працэс уключэння чэшскай культуры піва ў спіс ЮНЕСКА можа быць складаным і супярэчлівым.
IAR/вх