Нядаўна ў Польшчы адзначылі стагоддзе паўстання Пінскай рачной флатыліі Ваенна-марскіх Сілаў Польшчы. Пінская флатылія была створаная ў красавіку 1919 года. На беларускай рацэ Піне з трох нямецкіх маторных лодак быў сфармаваны рачны патруль, які з часам ператварыўся ў сапраўдную флатылію. Прафесійны рэканструктар з познанскай гістарычнай студыі ’’Гузара’’ Пётр Катэцкі ўжо колькі год займаецца аднаўленнем забытай гісторыі гэтай унікальнай вайсковай адзінкі, якая на працягу 20 міжваенных галоў дзейнічала на беларускім Заходнім Палессі.
- Пінская флатылія паўстала ў досыць цікавых умовах. Памятайма, што гэта 1919 года – то-бок ужо на працягу некалькіх месяцаў працягваецца барацьба за станаўлення межаў Другой Рэчы Паспалітай. Падчас ваенных дзеянняў на ўсходніх рубяжах Польшчы, з’явілася задума нейкім чынам выкарыстаць трафейныя нямецкія маторныя лодкі, якія там засталіся пасля заканчэння Першай Сусветнай вайны. Паручнік Ян Гедройц, будучы першы камандзір Пінскай флатыліі, узброіў тры нямецкія маторныя лодкі. Водная сістэма Палесся: рэкі, рачулкі, крыніцы і балоты падчас павадка ператваралі тыя тэрыторыя ў сапраўднае мора. Паўстала тактычнае пытанне, якім чынам можна выкарыстаць гэтае мора ў абарончых мэтах? Аператыўна перамяшчаць зброю, фураж, жывую сілу, параненых – наагул ажыццяўляць сталае злучэнне, дбаць пра бяспеку. Адпаведна ў мірны час Флатылія выконвала функцыі звязаныя з грамадскім парадкам, а падчас вайны ў 1920 і 1939 годзе – гэта ахова мастоў і кладак, перадусім зенітнай зброяй, падтрымка пяхоты, эвакуацыя і безумоўна антыпартызанская дзейнасць, супраць савецкіх дыверсійных атрадаў, змаганне з імі і забяспечванне перапраў.
Спадар Пятро, у міжваеннай Польшчы, Заходняя Беларусь, у прыватнасці Палессе – гэта тэрыторыі, на якіх пераважна пражывалі беларусы. Якое значэнне мела Пінская флатылія ў адносінах паміж польскай дзяржавай і мясцовым насельніцтвам падчас 20 мірных гадоў?
- Варта памятаць, што тагачасная палітыка ў дачыненні да прызыўнога рэзерву заключалася ў тым, што рэкрутаў з тэрыторыі Усходняй Польшчы (то-бок з Заходняй Беларусі і з Заходняй Украіны) для адбыцця службы накіроўвалі ў сёмую акругу – Вялікапольшча, Познань. Прызыўнікі праходзілі інтэнсіўную ідэалагічную падрыхтоўку, іх падцягвалі да ўзроўню звычайнага польскага грамадзяніна. У сваю чаргу, рэкрутаў, прызваных з заходняй часткі краіны, накіроўвалі на службу на ўсход краіны, на Крэсы. У мірны час Пінская флатылія была чымсь большым, чым звычайнай васковая адзінка. Яна, у пэўным сэнсе, павышала ўзровень мясцовай культуры побыту, Флатылія ўзмацняла і пашырала польскасць на той тэрыторыі. Гаворка ідзе пра стварэнне і ўзмацненне грамадзянскай свядомасці. Другая Рэч Паспалітая – гэта шматнацыянальнай, шматкультурная краіна. Флатылія была тым фактарам, які гуртаваў мясцовае насельніцтва. Не ўсе маракі, працаўнікі партоў былі палякамі, але ўсе яны былі грамадзянамі Польшчы. Варта звярнуць увагу, што ў 1939 годзе, ужо ў канцы дзейнасці Флатыліі, калі кацеры былі затопленыя, маракі са зброяй сышлі на зямлю. Нягледзячы на тое, што камандаванне аддае ўказ, паводле якога мясцовыя жыхары могуць пакідаць шэрагі ўзброеных сілаў, абсалютная большасць маракоў Пінскай флатыліі працягвае змагацца з ворагам ўжо як пехацінцы.
Як склаўся лёс Флатыліі, тут я маю на ўвазе і судна і асабовы склад, пасля верасня 1939 года?
- Пад канец узброеных дзеянняў, восенню 1939 года пасля апошняй бітвы пад Коцкам, Флатылія перастае існаваць. Маракі, які сышлі на зямлю і ваявалі на сушы, вылоўліваліся войскамі НКВД. Зазвычай шараговых адпускалі, аднак афіцэрскі склад быў знішчаны, яны іх парасстрэльвалі, камусьці пашанцавала трапіць у лагер. Некаторыя з маракоў Пінскай флатыліі змаглі прабіцца на Захад і далучыцца да ўзброеных сілаў, якія паўставалі ў Францыі. Вельмі цікавая гісторыя склалася з баявымі караблямі Пінскай флатыліі. Пасля таго, як Войска польскае вымушана затапіла іх, Чырвоная Армія падымае караблі і прымае на ўзбраенне Дняпроўскай флатыліі, якая пазней удзельнічала ў аперацыі ’’Багратыён’’. Аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Некалькі караблёў Савецкі Саюз паўторна затапіў падчас нямецкага бліцкрыгу і ўжо Вермахт падняў іх і прыняў на ўзбраенне. Ужо нямецкія караблі былі зноўку затопленыя на поўнач ад Варшавы: у Вісле, ў ваколіцах Модліна. Новая камуністычная ўлада Польшчы зноўку вырашыла выкарыстаць тыя караблі, яны былі ў чацьвёрты раз паднятыя з глыбіні і ўзятыя на ўзбраенне дзяржаўнай бяспекі і памежных войскаў. Такім чынам, караблі, якія былі створаныя ў на пачатку 1920-ых гадоў, чатыры разы прымаліся на ўзбраенне рознымі дзяржавамі і служылі да канца 1950-ых гадоў.
Пра гісторыю ўнікальнай вайсковай адзінкі – Пінскай флатыліі мы гутарылі з Пятром Катэцкім з познанскай гістарычнай студыі ’’Гузара’’.
Эдуард Жолуд
слухайце аўдыё