Беларуская Служба

Больш за мільён беларусаў жыве на зямлі, забруджанай радыяцыяй

26.04.2020 15:46
Пра ліквідацыю аварыі на ЧАЭС і яе наступствы расказвае фізік, сябра «Чарнобыльскай камісіі» Вярхоўнага Савету СССР Юрый Варонежцаў.
Аўдыё
  • Першыя гадзіны і дні пасля выбуху ўзгадвае фізік, кандыдат тэхнічных навук, былы сябра так званай «Чарнобыльскай камісіі» Вярхоўнага Савету СССР Юрый Варонежцаў
  ,
вёска Сініцкае Поле, Лельчыцкі раёнradyjo.net/Эдуард Жолуд

26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі – самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа.

У атмасфэру трапіла ў 300 разоў больш радыеактыўных рэчываў, чым падчас атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы. Звыш 70% радыенуклідаў аселі на тэрыторыі Беларусі. Шкоду нанесеную Беларусі аварыяй на ЧАЭС немагчыма перацаніць. Дагэтуль прыкладна адзін мільён беларусаў пражывае на забруджанай тэрыторыі, што самым адмоўным чынам уплывае на якасць і працягласць іх жыцця.

У гэтыя дні мы прыгадваем ахвяраў Чарнобылю, а таксама тых, хто цаною ўласнага здароўя, нярэдка жыцця змагаўся з наступствамі аварыі, ратуючы чалавечыя жыцці, – ліквідатараў.

Першыя гадзіны і дні пасля выбуху ўзгадвае фізік, кандыдат тэхнічных навук, былы сябра так званай «Чарнобыльскай камісіі» Вярхоўнага Савету СССР Юрый Варонежцаў:

 -Так атрымалася, што пра аварыю я даведаўся амаль адразу. Знаёмыя жылі каля мяжы з Украінай. Яны перапужаныя пазванілі і сказалі, што ва Украіну едзе мноства нашых машынаў «хуткай», маўляў выбух на атамнай станцыі. Першая думка – у Беларусі няма АЭС і гэта немагчыма. Праз некалькі хвілінаў узгадаў, што каля Чарнобыля ёсць такая электрастанцыя. Тады ўжо сам пачаў вызваніваць, слухаць «варожыя галасы».

Я па адукацыі фізік, акурат займаўся дазіметрыяй. На той момант у мяне і ў нашага аўтарскага калектыву былі вынаходніцтвы ў гэтай галіне. Адпаведна, я пачаў у галавае складваць факты і разумець – адбылося нешта кепскае.

У 1986 годзе працаваў у гомельскім Інстытуце механікі металапалімерных сістэм, і ў нас былі дазіметры ДП-5. На наступны дзень пасля гэтых размоваў са знаёмымі, мы з прыяцелем адпячаталі пакой з дазіметрамі і пачалі замяраць тое, што ў нас адбывалася ў Гомлі. Ужо тады ў Гомлі мы зафіксавалі дастаткова вялікую дозу гама-выпраменьвання. Больш-менш усвядомілі, што адбываецца, вядома, пакуль без падрабязнасцяў. Абзваніў родных і блізкіх, усім параіў, што трэба рабіць – ужываць ёдзістыя прэпараты і без патрэбы не швэндацца па вуліцы. Тады мне мала хто паверыў…

Як вы ацэньваеце дзеянні цэнтру – Масквы і дзеянні мясцовых уладаў у першы перыяд ліквідацыі наступстваў Аварыі на ЧАЭС. Які асноўны пралікі былі дапушчаны з іх боку? Ці была розніца ў падыходзе да ліквідацыі ва Украіне і ў Беларусі?

-Потым, калі я ўжо стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, мы працавалі ў так званай «Чарнобыльскай камісіі», яна мела вельмі доўгую назву, у якой сярод іншага, таксама фігуравала мэта «расследаванне дзеянняў службовых асобаў». Калі мы вывучалі адпаведныя дакументы, было бачна, што ўлада была ў разгубленасці – як Масква, так Мінск і Кіеў.

Трэба разумець за выключэннем Кыштымскай катастрофы 1957 года, гэта была першая падобная трагедыя ў СССР. Бо ў Кыштыме адбыўся выбух і аднаразовы выкід, а ў Чарнобылі была зусім іншая сітуацыя.

На ЧАЭС усё гарэла, нерэгуляваная рэакцыя працягвалася і ў любы момант мог адбыцца магутны атамны выбух. Была разгубленасць.

Пачну з нас. На мой погляд улады ў Мінску наагул не разумелі, што адбываецца, яны выключна выконвалі тыя загады, якія шлі з Масквы, не выказвалі ніякай ініцыятывы. Памятаю красамоўны прыклад. Зараз не буду хлусіць не скажу дакладна, што гэта былі за раёны. У 2-3 раёнах мясцовае начальства, райвыканкамы, адмянілі першамайскія дэманстрацыі. У той час такі крок вымагаў вялікай адвагі.

У Кіеве было значна больш самастойнасці. Разумееце, ва Украіне быў значна большы навуковы патэнцыял, там развівалася атамная энергетыка. У Беларусі яна фактычна не развілася, быў маленькі інстытут у Соснах, а ва Украіне было больш адмыслоўцаў і яны разумелі, што трэба рабіць.

Менавіта ўкраінская ўлада настойвала на тэрміновай эвакуацыі Прыпяці і Чарнобыля. Потым працуючы, у Вярхоўным Савеце, мы вывучалі дакументы Палітбюро і там была моцная барацьба розных меркаванняў. З невялікім спазненнем, але ж я лічу, амаль своечасова былі эвакуяваныя Прыпяць і Чарнобыль.

Улада пачула адмыслоўцаў і пачала «глушыць рэактар», няхай і з памылкамі, пралікамі (нагадаю, ніхто да таго моманту гэтага ў свеце не рабіў). 9-10 дзён ён разнасіў новыя адкіды, але канчаткова быў заглушаны.

З моманту аварыі на ЧАЭС мінула 34 гады, даволі працяглы час. Чым Чарнобыль стаў для Беларусі?

-Дагэтуль у розных зонах забруджання знаходзіцца больш за 2 тысячы населеных пунктаў Беларусі. Зараз рыхтуецца пастанова, каб вывесці з гэтых зонаў прыкладна 200 населеных пунктаў. Усё адно, гэта каласальная страта для Беларусі, больш за мільён беларусаў пражывае у розных зонах забруджання: пачынаючы, ад зоны перыядычнага радыяцыйнага кантролю, як Гомель, і па маленькія вёскі ў зонах адсялення, там дагэтуль жывуць людзі.

Каля 300 тысяч гектараў вылучаны з сельскагаспадарчага абароту. Гэта поўдзень Беларусі, выдатны клімат і ўрадлівыя глебы. Прыпяцкае Палессе – Хойнікі, Брагін, Нароўля – маляўнічыя, прыгожыя мясціны, былі забруджаны радыяцыяй.

Аднак самае галоўная – гэта страты, звязаныя са здароўем і жыццём вялікай колькасці беларусаў. Існуе такі тэрмін – «калектыўная доза апраменьвання». У выпадку, калі адзін чалавек атрымаў вялікую дозу і захварэў прамянёвай хваробай – гэтай трагедыя.

У выпадку калектыўнай дозы апраменьвання – сотні тысяч чалавек пастаянна атрымліваюць дозы радыяцыі (вядома не такія вялікія, як у выпадку прамянёвай хваробы), але гэта вельмі негатыўна ўплывае на здароўе нацыі гаворка ідзе не толькі пра анкалогію. Адбываецца накапленне дэфектаў у генах. Калі дзяўчына з Лельчыц выходзіць замуж за хлопца са Слаўгарада – няма гарантыяў, што ў іх нарадзіцца здаровае дзіцяці. На жаль так і адбываецца. У Беларусі двакроць павялічыўся лік уроджаных парокаў.

І таксама тое, што кранула мяне асабіста – анкалагічныя хваробы. Зірніце на афіцыйную статыстыку Міністэрства аховы здароўя. У раздзеле «новавыяўленыя анкалагічныя захворванні», у разліку на 100 тысяч чалавек, дагэтуль парашае месца займае Гомельская.

Апроч гэтага для гаспадаркі можна вылучыць іміджавыя наступствы. Нашыя канкурэнты ў любы момант могуць ткнуць і нагадаць адкуль паходзіць, напрыклад, сыравіна, для беларускіх малочных прадуктаў. Расійскія канкурэнты ўжо гэта пастаянна робяць, як у выпадку «Палескіх сыроў» з Хойніцкага заводу.

Ці палітыка ўладаў па пераадольванні наступстваў аварыі на ЧАЭС, выражаная ў адпаведных дзяржаўных праграмах, адказвае выклікам? Як вы ацэньваеце мэтазгоднасць рэабілітацыі забруджаных сельскагаспадарчых зямель?

- Тэарэтычна на гэтай змялі можна вырабляць адносна чыстыя прадукты, падкрэсліваю адносна чыстыя. Напрыклад, малако, у якім будзе не 101 бэкерэль на літр, а 99. Гэта малако будзе залатым.

Рэабілітацыя, напрыклад, тых жа пашняў вымагае вялікіх фінансавых затрат. Улічваючы, што ў Беларусі агромністая плошча невыкарыстоўваемых пашняў, ці такія траты мэтазгодныя!? Беларусь, займае, хіба трэцяе месца ў Еўропе, пасля Украіны і Расіі, па плошчы сельскагаспадарчай зямлі ў разліку на аднаго жыхара. (...)

Што тычыцца выкарыстання гэтай зямлі, у нас ужо ёсць добрыя прыклады. У Гомельскай вобласці пабудаваны дзве вялікія сонечныя электрастанцыі. Кожная з іх займае плошчу некалькіх дзясяткаў футбольных палёў. Адна такая электрастанцыя можа забяспечыць тры раёны электраэнергіяй. Чаму не? Гэта сонечныя раёны, поўдзень.

Перанясемся ў прастору памяці. Як Беларусь памятая пра аварыю на ЧАЭС, пра подзвіг ліквідатараў?

-У Беларусі вялікая няўвязка з гэтым, моцны дысананс – мы будуем АЭС, і ў той жа час мы перажываем такую вялікую катастрофу. Бачна, што афіцыйная прапаганда амаль замоўчвае гэтую тэму. Ідзе такая хваля, маўляў, гэта ўсё ўжо ў мінулым, мы гэта перажылі.

Гераізм пажарных і ліквідатараў, нагадаю іх было каля 500 тысяч і значаная частка з іх – беларусы, не знаходзіць удзячнасці дзяржавы. Нават наадварот, у плане льгот і падтрымкі, паняцце «ліквідатар» амаль не існуе… Мы будуем атамную электрастанцыю!

З навукоўцам і грамадскім дзеячам Юрыем Варонежцавым размаўляў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё!