Беларускія католікі распачалі інфармацыйную кампанію ў падтрымку сумленных выбараў. Ініцыятары звяртаюцца да сябраў выбаркамаў з заклікам не ўдзельнічаць у фальсіфікацыях.
Група каталіцкіх вернікаў Беларусі спадзяецца павысіць свядомасць католікаў і данесці да іх інфармацыю аб тым, што фальсіфікацыя з’яўляецца цяжкім грахом. У выбарчых камісіях ёсць вернікі Каталіцкага касцёла і яны, на жаль, удзельнічаюць у фальсіфікацыях. Гэта і схіліла групу вернікаў распачаць кампанію – кажа адзін з яе лідараў Арцём Ткачук.
-У несправядлівым падліку галасоў прымацюь удзел і католікі. Мы ўсведамілі, што гэта цяжкі грэх. Мы прыйшлі да высновы, што ніколі не чулі пра гэта ў касцёлах, каб святары звярталі на гэта ўвагу. Адна справа, як выказаўся мітрапаліт, што выбары павінны быць справядлівыя. Гэта зразумела. Але ніхто не сказаў, што ўдзел у фальсіфікацыі падчас выбараў для католікаў – гэта цяжкі грэх, з якога трэба ісці да споведзі, адбываць пакуту, выправіць сваю правіну. У беларускіх умовах мы ніколі не чулі публічных ці прыватных прабачэнняў ад католікаў. Мы вырашылі, што да нічога заклікаць не трэба, але трэба данесці гэтую інфармацыю да людзей. Данесці афіцыйнае навучанне Каталіцкага касцёла, што фальсіфікацыя з’яўляецца хлуснёй, а гэта грэх супраць восьмай запаведзі, з якога трэба спавядацца.
Аўтары кампаніі хочуць дастукацца да ўсіх католікаў, асабліва да тых, хто ўваходзіць у выбарчыя камісіі.
Арцём Ткачук кажа, што іх кампанія, магчыма, з’яўляецца дапаўненнем да таго, што афіцыйна не могуць сказаць іерархі. Яе ініцыятарамі з’яўляюцца актыўныя маладыя католікі, афіцыйнай падтрымкі беларускіх ерархаў яны не маюць. Адначасова, аўтары кампаніі звяртаюцца да святароў, каб яны не заставаліся абыякавымі да праблемы.
-Я сябе вельмі некамфортна адчуваю з падзелам: акцыя афіцыйнага і неафіцыйнага касцёла. У нас рознае навучанне? Я б сказаў, што гэта касцёльная акцыя, якая не мае падтрымкі касцёльных ерархаў. А яе чакаць не прыходзіцца па вядомых прычынах. Усё ж асаблівым чынам хочацца звярнуцца да святароў, а мы размаўлялі з дзясяткамі з іх. У прыватных размовах ніхто з іх нам не сказаў, што мы робім антыкасцельную рэч. Усе нашыя тэксты правяраюцца святарамі-тэолагамі. І ўсе пацвярджаюць, што гэта адпавядае сацыяльнаму навучанню Касцёла. Святары проста кажуць, што публічна яны выказвацца не могуць. У нейкім сэнсе я іх цудоўна разумею. У Касцёле няма абавязку быць героем. Але пра гэта можна казаць на пропаведзях, у размовах з парафіянамі. Пробашчы цудоўна ведаюць, хто з іх парафіян працуе ў выбарчай камісіі і можа на гэта звярнуць увагу. А ў кожнага ёсць сваё сумленне.
Пры гэтым Арцём Ткачук дадае, што гэта цалкам не абазначае ніякіх радыкальных крокаў. Касцёл не вымагае быць героем – кажа ён.
-Касцёл у афіцыйным навучанні ніколі не ставіць абавязку геройства. Католік не павінен быць героем і ісці на крайнія меры, каб не награшыць. Але можна ўзяць самаадвод, можна сказаць, што захварэў, і не ўдзельнічаць у працах камісіі. Католік можа знайсці шмат іншым спосабаў, каб не прымаць у гэтым удзелу. Гэтага дастаткова, а сумленне ў чалавека будзе чыстае.
Сачыць за кампаніяй «Католік, фальсіфікацыя выбараў - гэта цяжкі грэх» можна праз сацыяльныя сеткі. У планах - публікацыі адкрытага ліста да католікаў, выказванні святароў і вядомых свецкіх вернікаў, інфармацыі аб навучанні Каталіцкага касцёла пра абавязкі ўдзелу вернікаў у грамадскім і палітычным жыцці, звароты да католікаў, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыях.
Поўная размова з Арцёмам Ткачуком у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё