Беларуская Служба

Юрыст: "Справы ўцекачоў з Беларусі разглядаюцца ў Польшчы хутка"

22.12.2020 17:10
Здараецца аднак, што некаторыя бежанцы незадаволеныя абыходжаннем з імі.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/steinchen/CC0 creative commons

Каля двух тыдняў таму звярнуўся ў нашу рэдакцыю Арцём Віткоўскі, жыхар Гродна, які 15 лістапада быў затрыманы беларускай міліцыяй, калі ён ішоў да мемарыяла, прысвечанага забітаму Раману Бандарэнку. Калі Арцёму ўдалося збегчы ад амапаўцаў, ён адразу вырашыў падацца ў Польшчу. Прыхапіўшы з сабою доказы свайго ўдзелу ў акцыях пратэсту і затрымання, мужчына перасек так званую зялёную мяжу, паколькі ў яго на той момант не было магчымасці прыехаць у Польшчу легальна. На польскай тэрыторыі ён адразу папрасіў выклікаць паліцыю і здаўся паліцэйскім. Быў змешчаны ў закрыты цэнтр для іншаземцаў, у якім чакаў атрымання статусу ўцекача. У Арцёма ўзніклі прэтэнзіі да польскіх сілавых структур менавіта за тое, што ён быў змешчаны ў закрыты цэнтр, які выглядае як турма.

- Мяне пасадзілі ў закрыты цэнтр для іншаземцаў у Беластоку. Я збег з Беларусі, прыйшоў да палякаў па дапамогу, а мяне пасадзілі ў тую ж турму. Мяне сюды змясцілі на той падставе, што я магу быццам бы ўцячы, схавацца ад польскай прававой сістэмы, і што не ўдасца правесці працэс праверкі маёй асобы і ўсіх абставінаў здарэння. А як я магу збегчы, калі я сам звярнуўся да іх па дапамогу. Мяне ж не злавілі, я сам выклікаў паліцыю і папрасіў у Польшчы міжнародную абарону.

Надоечы нам стала вядома, што спадар Арцём змог выйсці з закрытага цэнтра для ўцекачоў, ён быў пераведзены ў адкрыты цэнтр для іншаземцаў, які знаходзіцца ў Дэмбаку пад Варшавай. На жаль, не ўдалося паўторна з ім звязацца, але нас радуе, што справа ідзе ў добрым напрамку. Спадзяемся, што яму ўдасца атрымаць у Польшчы прытулак да таго часу, пакуль у Беларусі назіраецца прававы калапс. І што пасля змены ўлады ён, як таксама многія іншыя беларусы, зможа вярнуцца на радзіму.

Мы ўсё ж такі вырашылі высветліць, якім чынам бежанцы з Беларусі могуць хадайнічаць у Польшчы аб прытулку. Заяву з просьбаю аб міжнароднай ахове бежанец, якія шукае падтрымку ў краіне Еўрапейскага саюзу, павінен падаць на мяжы. Ёсць адпаведная працэдура, якая прадугледжвае разгляд справы такога чалавека. Калі ўцекачы прыбывалі з Беларусі, яны як правіла ўносілі такія заявы ў Тарэспалі. Аднак пазней Польшча перастала прымаць заявы, а цяпер, у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, рэгулярныя чыгуначныя спалучэнні агулам былі адмененыя, таму ўсё больш людзей спрабуе перасячы мяжу нелегальна, як спадар Арцём, – адзначае юрыст з Хельсінкскай фундацыі правоў чалавека Эва Асташэўска-Жук (Ewa Ostaszewska-Żuk).

- З Брэста ў Тарэспаль раз у дзень курсаваў цягнік. І тыя асобы, якія хацелі хадайнічаць у Польшчы за статус уцекача, маглі ўнесці адпаведную заяву. Гэтая сістэма працавала да 2015 года, калі Польшча закрыла свае межы для ўцекачоў (гэта былі пераважна чачэнцы – рэд). Праваабаронцы прымалі шмат захадаў, каб сітуацыю змяніць, каб заявы былі рэгістраваныя, але нічога не ўдалося дабіцца. Пандэмія яшчэ пагоршыла становішча, паколькі былі адмененыя міжнародныя чыгуначныя спалучэнні. Цяпер іншаземцы не могуць дабрацца да Тарэспаля, каб там падаць заяву аб міжнароднай абароне. І яны спрабуюць перасякаць мяжу нелегальна – пераплываюць раку або шукаюць праваднікоў, якія праводзяць праз мяжу. Гэта як адзінокія людзі, як спадар Арцём, так і сем’і з дзецьмі.

Змяшчэнне чалавека ў закрыты цэнтр, нават калі ён пройдзе мяжу нелегальна, зусім не абавязкова. Службы правапарадку маюць у сваім распараджэнні іншыя сродкі, каб не страціць з вачэй чалавека, – кажа праваабаронца. Паводле польскіх законаў, у такі цэнтр не можа трапіць чалавек, які прайшоў праз катаванне. І нават калі іншаземец змешчаны ў закрыты цэнтр, ён не можа там прабываць даўжэй, чым патрабуе гэтага справа – максімальна да шасці месяцаў. Відаць, справа Арцёма была на столькі празрыстай, што адразу пасля інтэрв’ю са службовай асобай яго вырашылі перавесці ў адкрыты цэнтр, дзе ён будзе чакаць статусу ўцекача. Агулам, па словах юрыста, справы беларусаў, якія ўцякаюць у Польшчу, разглядаюцца вельмі хутка.

- Мы бачым, што рашэнні па справах беларусаў выдаюць вельмі хутка, на працягу двух-трох месяцаў з моманту падачы заявы аб міжнароднай абароне. Гэта вельмі аператыўна. Іншыя нашы кліенты чакаюць год, а нават два гады. А калі рашэнне негатыўнае, чалавек яго абскарджвае, то справа цягнецца яшчэ даўжэй.

Эва Асташэўска-Жук з Хельсінкскай фундацыі правоў чалавека кажа, што ў фундацыю звяртаецца цяпер вельмі шмат беларусаў, якія часта адчуваюць сябе разгубленымі ў Польшчы. Яны просяць даць ім параду па самых розных пытаннях – падачы заявы на статус уцекача, пошук працы ў Польшчы, пытанні легалізацыі прабывання, перасячэння мяжы з дзецьмі, калі другі бацька застаўся ў Беларусі, а нават як запісаць дзіця ў школу. Калі чалавек уцякае ад рэпрэсій, ён, канешне, не заўсёды думае пра дакументы, але па меры магчымасці неабходна сабраць як мага больш доказаў пераследу, і, зразумела, пажадана перасякаць мяжу легальна.

нг