Беларуская Служба

Пуцін дапамагае Лукашэнку лавіць апазіцыянераў

28.04.2021 16:31
Расійскія службы не ўпершыню затрымліваюць і перадаюць беларускіх апазіцыянераў функцыянерам КДБ.
Уадзімір Пуцін PAP/EPA/ALEXEI DANICHEV / KREMLIN / SPUTNIK / POOL

Сказаць нешта дрэннае пра Лукашэнку – гэта, як сказаць дрэнна пра Пуціна. Тым, хто выступае супраць беларускага рэжыму ў Расіі пагражае арышт, затрыманне альбо дэпартацыя, канстатуе Вікторыя Бяляшын у выданні Gazeta Wyborcza.

У сярэдзіне красавіка ФСБ Расіі і КДБ Беларусі абвясцілі, што сарвалі напад на Аляксандра Лукашэнку і яго сыноў. 9 траўня яго быццам бы планавалі правесці беларускі палітолаг Аляксандр Фядута і юрыст Юрый Зяньковіч. Іх таксама абвінавацілі ў спробе здзейсніць дзяржаўны пераварот у Беларусі ў супрацоўніцтве з „украінскімі і мясцовымі нацыяналістамі” і пры падтрымцы ЗША. Абодва мужчыны былі затрыманыя з парушэннем законаў беларускімі следчымі 11 красавіка ў Маскве. Праз два дні беларускі КДБ абвясціў, што „тэрарысты” знаходзяцца ў турме ў Мінску.

Аляксандр Фядута пасля году працы на пасадзе прэс-сакратара Лукашэнкі, у сярэдзіне 90-х гадоў перайшоў на бок апазіцыі. Адвакат Юрый Зяньковіч - былы лідар апазіцыйнай партыі БНФ, з 2007 года пражывае ў ЗША. У Маскве ён быў у камандзіроўцы. Сярод затрыманых таксама цяперашні кіраўнік Беларускага нацыянальнага фронту Рыгор Кастусёў, якога абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Фядутам і Зяньковічам.

Супрацоўніцтва расійскіх і беларускіх службаў пацвердзіў сам Аляксандр Лукашэнка, які прызнаў, што прасіў у Пуціна дапамогі і дазволу на правядзенне незаконнай аперацыі ў Расіі. У сваю чаргу прэзідэнт Уладзімір Пуцін пацвердзіў, што беларуская апазіцыя сапраўды рыхтавала напад на Лукашэнку. Ён таксама асудзіў адсутнасць рэакцыі Захаду на гэтую „трывожную навіну”.

Расійскія службы не ўпершыню затрымліваюць і перадаюць беларускіх апазіцыянераў функцыянерам КДБ. Упершыню гэта пацвердзіў былы беларускі следчы Андрэй Астаповіч, які пакінуў працу, каб выказаць сваю нязгоду з гвалтам супраць мірных дэманстрантаў. Затым Астаповіч выехаў у Маскву, каб пазбегнуць арышту. Аднак у Расіі яму не ўдалося застацца даўжэй. Супрацоўнікі паліцыі і ФСБ высачылі яго ў адной з гасцініц Пскова, беспадстаўна арыштавалі і пазней адвезлі на беларуска-расійскую мяжу. Андрэю Астаповічу пашанцавала. Ён здолеў уцячы ад беларускіх службаў.

Шмат каму з іншых беларусаў пашанцавала менш, іх арыштоўвалі, каралі альбо дэпартавалі ў Расіі за іх грамадзянскую актыўнасць супраць рэжыму Лукашэнкі. Сярод зняволеных за ўдзел у акцыях пратэсту пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, знаходзіцца беларускі кікбаксёр Яўген Шабалюк з Брэста. Мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 9 жніўня. Праз некалькі дзён ён быў арыштаваны міліцыяй у Брэсце, дастаўлены ў міліцэйскі ўчастак і катаваны. Пасля вызвалення з'ехаў у Маскву. У лютым па даручэнні беларускай пракуратуры ён быў затрыманы расійскай паліцыяй.

Арыштаваны ў Маскве быў таксама Мікалай Давідчык, грамадзянін Беларусі, які амаль два гады жыве ў Расіі і не пакідаў краіну пасля пераезду ў Маскву. Генеральная пракуратура Беларусі абвінаваціла яго ў вядзенні апазіцыйнага чата ў месенджары Telegram. Паводле беларускіх уладаў, публікуючы інфармацыю з незалежных і апазіцыйных крыніц, Давідчык заклікаў людзей удзельнічаць у акцыях пратэсту.

Беларуска Лана Савановіч год пражыла з сям'ёй у Маскве і з'ехала ў Польшчу. Улетку дзяўчына ўдзельнічала ў акцыях, арганізаваных перад будынкам пасольства Беларусі. Па гэтай прычыне ўлады адмовілі ёй у выдачы віду на жыхарства ў Расіі. У сваю чаргу Руслан Хазін пра тое, што ён непажаданы ў Расіі даведаўся ад свайго працадаўцы, які без слоў ануляваў ягоны пропуск у адміністрацыйны будынак „Лахта-Цэнтр” у Санкт-Пецярбургу. У цяперашні час Хазін знаходзіцца ў Варшаве, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
аз