Рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць сваіх апанентаў. Тысячы беларусаў ужо адбылі пакаранне, страцілі працу, былі адлічаныя з універсітэтаў, або вымушаныя эміграваць з краіны. Паводле праваабарончага цэнтра „Вясна”, зараз у турмах Беларусі знаходзіцца каля 370 палітвязняў, у тым ліку і беларускія анархісты, нагадвае Вікторыя Бяляшын у артыкуле змешчаным на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
Беларускія службы затрымалі Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Рэзановіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Дубоўскага ў кастрычніку мінулага года недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле памежнікаў, яны мелі пры сабе, між іншым, агнястрэльную зброю з патронамі, ручную гранату, траўматычны пісталет, пярцовы аэразоль, абсталяванне, неабходнае для доўгага выжывання ў лесе, а таксама ноўтбукі, планшэты, фотаапараты і прылады начнога бачання.
Паводле канала Тэлеграм анархістаў падазраюць у падпале аўтамабіляў супрацоўнікаў пракуратуры і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Салігорску, а таксама некалькі будынкаў дзяржаўнай адміністрацыі. Пра згаданыя здарэнні, якія КДБ лічыць тэрактамі, беларускія ўлады інфармавалі падрабязна яшчэ да арышту анархістаў.
У адпаведнасці з беларускім Крымінальным кодэксам за „здзяйсненне тэрарыстычнага акта арганізаванай групай людзей” пагражае пазбаўленне волі ад 10 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне альбо смяротнае пакаранне.
Падчас допытаў Аліневіч і Дубоўскі прызналіся, што каля трох тыдняў жылі ў лясах Беларусі, з якіх „ажыццяўлялі паездкі” супраць беларускага ўрада.
„Я хацеў сімвалічна прыняць удзел у супрацьдзеянні цяперашняй уладзе, унесці свой уклад у барацьбу, падпаліўшы аб'екты, якія выкарыстоўваюцца ўладамі: міліцыяй, пракуратурай, судамі”, - сказаў Дубоўскі падчас допыту ў сядзібе КДБ. У сваю чаргу, Аліневіч адзначыў, што прымаў удзел „у беларускай рэвалюцыі пасля таго, як убачыў абурэнне людзей і беспрэцэдэнтны гвалт сілавікоў у дачыненні да безабаронных пратэстоўцаў”. Для гэтага Аліневіч адмыслова вярнуўся на радзіму з Польшчы, дзе пражыў пяць гадоў. Аднак раней ён набыў зброю ва Украіне. Абодва апытаныя мужчыны падкрэслівалі, што ў выніку іхных дзеянняў ніхто не загінуў і не пацярпеў.
У мінулым Ігар Аліневіч быў ужо пакараны ў Беларусі. У 2011 годзе беларускі суд прысудзіў яго да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за „хуліганскія дзеянні адносна афіцыйных будынкаў”. Ён адбыў палову пакарання і выйшаў на волю ў рамках амністыі.
Анархіст Мікалай Дзядок, якога дзесяць гадоў таму абвінавацілі па той самай справе, што і Аліневіча, такім чынам тлумачыць паводзіны групы: „Анархісты выбіраюць узброеную барацьбу ў якасці асноўнага спосабу барацьбы з рэпрэсіўнымі структурамі. Яны ведалі, што робяць”, - кажа Дзядок.
Дзеянні сына таксама тлумачыць Валянціна Аліневіч. „Ігар заўсёды падкрэсліваў, што людзей нельга крыўдзіць. У час узмоцненых рэпрэсій і тэрору ён, відаць, не мог устрымацца ад дзеяння і, паводле прыкладу партызан, хацеў унесці свой уклад у беларускую рэвалюцыю”, - кажа Валянціна Аліневіч, словы якой прыводзіць Gazeta Wyborcza.
аз