Беларуская Служба

Ускладняецца сітуацыя на польска-беларускай мяжы

19.08.2021 14:57
Большасць нелегалаў, затрыманых на мяжы Еўрапейскага Саюза з Беларуссю – гэта грамадзе Ірака, Сірыі і Афганістана.
Аўдыё
  • Ускладняецца сітуацыя на польска-беларускай мяжы.
Уснаж Гурны на ПадляшшыPAP/Artur Reszko

Ускладняецца сітуацыя на польска-беларускай мяжы. Каля вёскі Уснаж Гурны на Падляшшы, у паласе, якая падзяляе Польшчу і Беларусь, ужо некалькі дзён застаецца каля 50 чалавек з Блізкага Усходу, у тым ліку жанчыны з дзецьмі. Палітыкі асцерагаюцца, што сітуацыя неўзабаве можа пачаць нагадваюць міграцыйны крызіс у Літве.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, толькі ў жніўні польска-беларускую мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы больш за 1 900 чалавек.

Намеснік прэм’ера Польшчы міністр культуры Пётр Гліньскі (Piotr Gliński) лічыць, што прыток бежанцаў з Блізкага Усходу ў Польшчу праз Беларусь – гэта вынік мэтанакіраваных дзеянняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі:

- Я, як член Урадавай антыкрызіснай каманды, яшчэ раз запэўніваю, што Польшча падрыхтаваная да пытання росту міграцыі, якую мэтанакіравана падтрымліваюць некаторыя краіны Усходняй Еўропы.

У сваю чаргу віцэ-міністр Мінабароны Польшчы нагадаў, што, паводле паведамленняў польскіх службаў, мігранты прыбываюць на самалёце ў мінскі аэрапорт, а затым іх арганізавана перавозяць на мяжу. Войцех Скуркевіч (Wojciech Skurkiewicz) нагадаў, што Польшча – адна з краін, якія ахоўваюць вонкавую мяжу Еўрапейскага Саюза:

-Гэта ўчастак мяжы ЕС, які ахоўвае нашая краіна і гэта Польшча адказвае за тое, што на ім адбываецца. Мы дзейнічаем у паразуменні з агенцтвам FRONTEX, якое адказвае за межы Еўрасаюза, і сядзіба якога знаходзіцца ў Варшаве.

Войцех Скуркевіч дадаў у эфіры TVP Info, што ў выпадку міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы Міністэрства нацыянальнай абароны ў першую чаргу бярэ пад увагу «бяспеку Польшчы і палякаў», паколькі прыток мігрантаў з Блізкага Усходу і Афганістана, гэта наўмысная акцыя беларускага рэжыму, накіраваная на стабільнасць Еўрасаюза:

-Праблема ў тым, што зараз больш за 90% нелегалаў – гэта маладыя мужчыны, якім больш за 20 гадоў. Жанчын і дзяцей там няшмат. Таму я падкрэсліваю, што бяспека Польшчы і палякаў для нас прыярытэт.

Кіраўнік прэзідэнцкага Бюро міжнароднай палітыкі Якуб Кумах (Jakub Kumoch) дадаў, што сёння пра міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю ён будзе гаварыць з прадстаўнікамі ўладаў у Вільні. Раней праблемы з прытокам нелегалаў з беларускага боку пачалі назірацца ў Літве:

- Справа не ў тым ці мы ўпусцім, ці не ўцекачоў. Тут справа ў тым, што нейкая краіна – рэжым, выкарыстоўвае людзей у якасці «жывых шчытоў». На гэта мы пагадзіцца не можам. Дарэчы згаданую тэму я закрану сёння падчас маёй паездкі ў Літву.

Учора за ахову ўсходняй мяжы польскім вайскоўцам і памежнікам падзякаваў прэм'ер Матэвуш Маравецкі. Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік ураду падкрэсліў, што ў сувязі з дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі Польшча прымушаная абараняць свае межы:

- Не можа быць так, што шантаж спадара Лукашэнкі прымушае нас прымаць каго-небудзь. Сур’ёзная, незалежная краіна ахоўвае свае межы. Сёння дапамагаць памежнікам адправіліся таксама жаўнеры. Дзякую жаўнерам і памежнікам за эфектыўную ахову нашай усходняй мяжы.

Нагадваем, на Падляшша былі накіраваныя каля 1 000 вайскоўцаў, якія дапамагаюць Памежнай службе.
Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік (Maciej Wąsik) паведаміў, што да гэтага часу Польшча абсталявала больш за 100 кіламетраў мяжы з Беларуссю бар'ерам з калючага дроту:

- Каб павысіць шчыльнасць мяжы мы звярнуліся за дапамогай у Войска Польскае. Ужо тыдзень на мяжы разам з памежнікамі працуе каля тысячы вайскоўцаў. Працуе таксама ўся даступная тэхніка маніторынгу. Усе гэтыя меры былі прадпрынятыя з мэтай павелічэння аховы мяжы.

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, з пачатку жніўня польска-беларускую мяжу спрабавала нелегальна перасячы больш за 1 900 чалавек. У 1 175 выпадках Памежная служба прадухіліла спробы перасячэння мяжы, а значыць, верагодна, адправіла нелегалаў назад у Беларусь. 760 замежнікаў апынуліся ў закрытых цэнтрах для ўцекачоў у Польшчы.

Спробы незаконнага перасячэння тычацца пераважна памежнага ўчастка, які ахоўвае Падляшскае падраздзяленне Памежнай службы. Нагадваем, агульная працягласць польскай мяжы з Беларуссю складае 418 кіламетраў.

У выпадку польска-ўкраінскай мяжы сёлета было затрымана 146 нелегалаў. Пётр Закеляж(Piotr Zakielarz) з Бяшчадскага падраздзялення Памежнай службы сказаў у эфіры TVP Info, што ў Бяшчадах нелегальная міграцыя застаецца на стабільным узроўні, хоць ейны характар мяняецца:

- Мы ўсё часцей маем справу са злачыннымі групамі, якія спрабуюць здзейсніць кантрабанду людзей у Заходнюю Еўропу. Надоечы ля Устшык Гурных патруль затрымаў фургон. Польскі кіроўца перавозіў дзесяць іншаземцаў, якія некалькі хвілін раней нелегальна перасеклі мяжу з Украінай.

Паводле польскіх уладаў, у выпадку беларускай мяжы, прычынай павелічэння міграцыйнага прытоку з’яўляюцца наўмысныя дзеянні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, паводле Варшавы, дыктатар спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю ў еўрапейскіх краінах і адпомсціць суседзям з ЕС за санкцыі, якія супольнасць увяла супраць Беларусі. Большасць нелегалаў, затрыманых на мяжы Еўрапейскага Саюза з Беларуссю – гэта грамадзе Ірака, Сірыі і Афганістана.

IAR/аз