Беларуская Служба

Украінскія ўцекачы змогуць карыстацца ў Польшчы бясплатнай медыцынскай апекай

14.03.2022 12:45
Гэта, між іншым, прадугледжвае, адмысловы закон, які ў выходныя падпісаў прэзідэнт Польшчы.
Аўдыё
  • Украінскія ўцекачы змогуць карыстацца ў Польшчы бясплатнай медыцынскай апекай.
  , 13  2022 .
КПП у Дарагуску, 13 сакавіка 2022 г.PAP/Wojtek Jargiło

З пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў Польшчу збеглі ўжо амаль 1,8 мільёна ўкраінцаў. Частка з іх патрабуе медыцынскай дапамогі ў Польшчы? На што яны могуць тут разлічваць? Якія санітарныя пагрозы трэба браць пад увагу ў сувязі вялікай хваляй міграцыі з Украіны?

Колькасць украінскіх уцекачоў у Польшчы павольна набліжаецца да 2 мільёнаў. Каб справіцца з буйной хваляй міграцыі, у апошнюю суботу прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў Закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны. Закон дазваляе ўкраінскім уцекачам легальна працаваць у Польшчы, а таксама гарантуе ім доступ да бясплатнай адукацыі і медыцынскай дапамогі.

У цяперашні час медыцынскай дапамогай у Польшчы карыстаецца больш за 1 800 грамадзян Украіны, амаль палова з якіх – гэта дзеці, кажа намеснік міністра аховы здароўя ў Польшчы Вальдэмар Краска (Waldemar Kraska):

- Спецыяльны закон, прыняты ў выходныя, дае ўсім грамадзянам Украіны, якія перасеклі польскую мяжу пасля 24 лютага, бясплатны доступ да аховы здароўя ў нашай краіне. Гэта доступ без ніякіх асаблівых прывілеяў, то бок ён роўны з тым, якім карыстаюцца палякі. Зараз медыцынскай апекай у Польшчы карыстаецца больш за 1 800 чалавек украінскай нацыянальнасці, амаль палова з якіх – гэта дзеці. Гаворка ідзе не толькі пра дзяцей, якія пацярпелі ў выніку складанага падарожжа ў Польшчу з ахопленай вайной Украіны. Гэта таксама маладыя пацыенты, якім патрэбная анкалагічная дапамога або дыяліз. Мы іх таксама шпіталізуем.

Зараз, паводле віцэ-міністра, палова з украінскіх уцекачоў, якія былі шпіталізаваныя ў Польшчы, знаходзіцца ў медыцынскіх установах на Падкарпацці:

- Мы назіраем за сітуацыяй, каб у неабходнасці пераводзіць украінскіх пацыентаў у глыб краіны. Паколькі мы хочам, каб таксама польскія грамадзяне на Падкарпацці мелі гарантаваны доступ да медыцынскай апекі.

Медыцынская апека над бежанцамі – гэта таксама велізарныя выдаткі нагадвае віцэ-міністр і запэўнівае, што Польшча не будзе на гэтым эканоміць:

-Нацыянальны фонд здароўя ацэньвае, што на медыцынскую апеку над мільёнам уцекачоў, у тым ліку, на дафінансаванне лекаў, трэба прызначыць каля 200 мільёнаў злотых у месяц. Зараз, калі колькасць уцекачоў складае больш за 1,7 мільёна чалавек. Гэта азначае дадатковыя 300 мільёнаў злотых. Аднак сітуацыя мае выключны характар. Мы разумеем, што гэтыя людзі з’беглі ў Польшчу не па ўласнай волі і мы павінны ім дапамагчы.

Польшча таксама размаўляе на гэтую тэму з Еўрасаюзам. Першыя пацыенты, якія патрабуюць спецыялізаванага лячэння былі ўжо накіраваныя ў іншыя краіны супольнасці. Напрыклад, у Італію паехалі першыя ўкраінскія дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.

Сітуацыя для службы аховы здароўя ў Польшчы тым больш складаная, што значная частка ўкраінскіх уцекачоў не хоча накіроўвацца ў іншыя краіны, паколькі яны маюць надзею, што вайна неўзабаве закончыцца і яны змогуць хутка вярнуцца да дому. Менавіта таму Польшча чакае таксама дапамогі з боку ЕС. Польскі бок таксама не выключае, што калі будзе такая патрэба, то ў Польшчу будуць дастаўляць таксама ўкраінскіх жаўнераў, параненых падчас баявых дзеянняў ва Украіне:

- Мы падрыхтавалі адмысловы цягнік, які можа транспартаваць параненыя асобы з Украіны і застаемся ў пастаянным кантакце з украінскім бокам. Пакуль украінскі бок не паведамляў нам пра гэткую неабходнасць. Таму зараз мы выкарыстоўваем згаданы цягнік для транспарту дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі. Напрыклад, учора на ім прыехалі больш за 50 такіх маладых пацыентаў з Украіны. Тым не менш мы падрыхтаваныя для прыёму асобаў параненых падчас ваенных дзеянняў. Шпітальная база для гэтага ў нас ёсць.

Польшча прапануе таксама бясплатную вакцынацыю дзяцей з Украіны:

- Мы адкрылі пункты вакцынацыі ў найбуйнейшых цэнтрах, дзе прабываюць уцекачы. Гаворка ідзе пра вакцынацыю супраць COVID-19. Аднак, калі гаворка ідзе пра дзяцей і заказныя хваробы, то мы плануем акцыю па заахвочванні да бясплатнай вакцынацыі дзяцей, якія, нагадваю, зараз пойдуць у польскія школы, яслі, дзіцячыя садзікі. Трэба прадухіліць небяспеку. Нагадваю, два гады таму ва Украіне назіраўся даволі буйны ачах эпідэміі адру – хваробы, якую ў Польшчы ўдалося амаль суцэльна ліквідаваны.

Абвастрэнне расійскай вайны супраць Украіны, якая нагадваем працягваецца з 2014 года, супала ў часе са зніжэннем хвалі каранавіруса, аднак польскія ўлады надалей назіраюць за сітуацыяй і бачаць тут розныя пагрозы:

-Вайна ва Украіне сапраўды супала ў часе з падзеннем колькасці захворванняў на COVID-19 у Польшчы – гэта пацвярджаюць статыстычныя дадзеныя. Тым не менш мы ўважліва сочым за сітуацыяй, асабліва ў аспекце прытоку бежанцаў з Украіны, дзе ўзровень вакцынацыі супраць каранавіруса складаў ледзь 35 працэнтаў. Між іншым, таму мы адкрылі пункты вакцынацыі для ўкраінцаў і назіраем за месцамі часовага знаходжання буйных групаў уцекачоў. Нагадваю ўкраінцы падобным чынам, як палякі могуць карыстацца бясплатнымі тэстамі на наяўнасць каранавіруса. Аднак, ці адбудзецца рост колькасці захворванняў на COVID-19 у сувязі з прытокам бежанцаў з Украіны, пакуль цяжка сказаць.

- заявіў віцэ-міністр Ведамства аховы здароўя ў Польшчы Вальдэмар Краска.

З бліжэйшай серады ўкраінцы змогуць падаваць заявы на атрыманне ў Польшчы ідэнтыфікацыйнага нумару PESEL. Дзякуючы гэтаму, яны атрымаюць доступ да лічбавых дзяржаўных паслуг, як напрыклад, электронных рэцэптаў.

Нагадваем, уцекачы з Украіны будуць мець права на медыцынскую апеку і паслугі (у тым ліку бясплатную псіхалагічную дапамогу), якімі карыстаюцца асобы, ахопленыя абавязковым або добраахвотным медыцынскім страхаваннем. Яны не будуць мець права на санаторна-курортнае лячэнне.

PR24/аз