Беларуская Служба

«Беларусь – гэта не Лукашэнка». У Варшаўскім універсітэце прадставілі тэзісы беларускай рэвалюцыі

20.05.2022 15:34
З лекцыямі выступілі дзве выбітныя спецыялісткі, якія займаюцца беларускай тэматыкай.
Аўдыё
  • "Беларусь - гэта не Лукашэнка"
Варшаўскі ўніверсітэтфота: Kamyq/pixabay.com/CCO

У Варшаўскім універсітэце ў рамках цыклу «Лекцыі на новае тысячагоддзе» з дакладамі на тэму беларускай рэвалюцыі выступілі прафесаркі Анна Энгелькінг і Альжбета Смулкова.

Прафесар Анна Энгелькінг – этнограф, этналінгвіст, знаўца ў галіне беларускай антрапалогіі. Працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук, з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Польскага этналагічнага таварыства. Праводзіць даследаванні ў Беларусі, выдала кнігу "Калгаснікі. Антрапалагічнае даследаванне самабытнасці беларускай вёскі мяжы 20 і 21 стагоддзяў".

На сустрэчы Энгелькінг прадставіла важнейшыя элементы сістэмы каштоўнасцяў беларусаў – афірмацыю жыцця як самай вялікай каштоўнасці і нязгоду на сілавыя радыкальныя рашэнні, чым, дарэчы, спрытна карыстаецца Лукашэнка. Беларуская рэвалюцыя на самой справе не была рэвалюцыяй, а эвалюцыяй, працэсам, які дазволіў беларусам адчуць сваю годнасць.

- Сёння я гляджу на беларускую рэвалюцыю 20-га года і яе траўматычныя вынікі, вайну ўлады з народам праз прызму маіх даследаванняў сістэмы каштоўнасцяў беларускіх сялянаў. У калектыўнай памяці беларусаў захоўваецца некалькі вялікіх траўмаў – гэта калектывізацыя, атэізацыя і экстэрмінацыя падчас Вялікай айчыннай вайны. Праўда, апошняя беларуская рэвалюцыя датычыць галоўным чынам гарадоў, а не вёскі, але сялянская нарацыя глыбока ўкаранёная ў беларускім народзе. У гэтай нарацыі няма гераічнай барацьбы, як у аповедах нацыяналістаў, яна канцэнтруе ўвагу на тым, каб выжыць, на нявінных ахвярах агрэсіі. Галоўнае для беларусаў – выжыць, жыць. І таму лозунг выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай гучаў «Краіна для жыцця». Гэты лозунг прадбачвае барацьбу з дыктатарам, які не дае людзям нармальна жыць, але таксама згадвае жыццё як супрацьвагу смерці. Беларусы – мірныя людзі, якія не імкнуцца са зброяй змагацца за айчыну і за яе памерці, гэта прагматычнае грамадства, скіраванае да жыцця. Беларуская культура заступаецца за звычайных людзей, за ахвяр. І часта на плакатах падчас дэманстрацыяў былі такія лозунгі: «Мы – мірныя людзі». Беларуская рэвалюцыя – мірная, што не выключае барацьбы. Гэтая барацьба чэрпае са шматвекавога пасіўнага супрацьстаяння панам. Беларусы не прызнаюць фізічнага гвалту. Беларуская рэвалюцыя – гэта на самой справе эвалюцыя народу, працэс, які праходзіць без удзелу насілля, мірным шляхам. Нельга забываць, што галоўнымі носьбітамі зменаў з’яўляюцца жанчыны, якія не прымаюць гвалту. Маторам беларускага бунту з’яўляецца пачуццё годнасці, якая займае цэнтральнае месца ў сялянскім эпасе. Улада шмат гадоў хлусіла грамадзянам, што закранала іх пачуццё годнасці. Падчас пратэстаў беларусы патрабавалі паважання сваёй годнасці, вяртання справядлівасці і праўды. Людзі самі хочуць уладарыць у сваёй дзяржаве, як гаспадары ўладараць на сваёй зямлі.

У сваю чаргу прафесар Альжбета Смулкова, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, звяртала ўвагу на першасную прычыну пратэсту, якой былі сацыяльныя праблемы – ігнараванне ўладамі эпідэміі каранавіруса, адсутнасць адэкватнага адказу на страх жыхароў. Пазней рэпрэсіі ў адносінах пратэстуючых супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў выклікалі рэзкую рэакцыю беларусаў. Цяпер жа самае галоўнае – змагацца з апатыяй і няверай, захаваць і развіваць тыя каштоўнасці, за якія людзі змагаліся.

- Захапляе спосаб беларускага пратэсту – годны, мірны, з паважаннем людскіх узаемных адносінаў. З другога боку, трэба звярнуць увагу на бруталізацыю ўлады ў адносінах пратэстуючых, на вялікае пачуццё ў людзях годнасці і несправядлівасці, калі наступіў тэрор. Цяпер самае важнае, каб людзі спакойна захавалі тыя каштоўнасці, за якія выступалі, каб апатыя і страх не задушылі ў людзях пачуцця самастойнасці і патрэбы захаваць свае каштоўнасці.
На думку прафесара Смулковай, беларускі пратэст нарадзіў фенаменальны рух самадапамогі, салідарнасці і падпольнай барацьбы.

Пасля дакладаў выступіў кіраўнік Беларускага антыкрызіснага ўпраўлення, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы і міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Ён падзякаваў Польшчы за падтрымку беларускай барацьбы за дэмакратыю і заявіў, што з боку Еўропы неабходныя больш рашучыя дзеянні.

- Мы змагаемся за цывілізацыйны выбар – права на развіццё. Раней мы часта чулі ад нашых еўрапейскіх партнёраў словы пра дэмакратычныя каштоўнасці. А сёння, калі беларусы паміраюць за прагу свабоды, а ўкраінцы гінуць на жахлівай вайне, Еўропа лічыць, колькі ёй прыйдзецца заплаціць за свабоду і дэмакратыю. Можа, прыйшоў час, каб беларусы і ўкраінцы пачалі вучыць Еўропу, чым зʼяўляюцца правы і свабоды чалавека. Цяпер Беларусь знаходзіцца пад ідэалагічнай, інфармацыйнай і палітычнай акупацыяй Расіі. Уся беларуская эліта або ў турме, або за мяжою. Гэта дэ-факта другія Курапаты. Неўзабаве Беларусь можа быць цалкам анексаваная Расіяй, калі еўрапейцы зробяць стратэгічную памылку і зноў пачнуць гандляваць палітычнымі вязнямі ўзамен за адмену санкцыяў і калі не ўвядуць супраць Беларусі такіх жа санкцыяў, як у адносінах Расіі.

Перад міжнароднай супольнасцю стаіць важная задача – поўнага перагляду сістэмы міжнароднай бяспекі, паколькі ўстановы, створаныя дзеля аховы міру, аказаліся зусім неэфектыўнымі – падсумаваў Павел Латушка.


Удзельнікі канферэнцыі Удзельнікі канферэнцыі

нг