Беларуская Служба

Следства па справе Анджэя Пачобута завяршаецца

24.06.2022 09:47
Пасля некалькіх месяцаў зняволення ў «Жодзіне» журналіста зноў перавялі ў СІЗА ў Мінску.
Анжэліка Борыс і Анджэй Пачобутфота: Польскае радыё

Паводле афіцыйнай інфармацыі, следства ў дачыненні да Анджэя Пачобута скончыцца 25 ліпеня. Беларускія ўлады, якія перавялі журналіста ў СІЗА ў Мінску, ускладняюць яму кантакты з сям'ёй. Адміністрацыя мінскага следчага ізалятара «Валадарка», куды на пачатку траўня быў перавезены Анджэй Пачобут, не перадае яму лісты ад сваякоў, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Паводле жонкі Анджэя – Аксаны Пачобут, цэнзуру не праходзяць, перш за ўсё, лісты ад Ярэка – 12-гадовага сына журналіста, які піша бацьку на польскай мове. «Ён не прайшоў цэнзуру» – з такой інфармацыяй вярнуўся ліст, у якім сын апісаў канец навучальнага года.

Аксана Пачобут падкрэсліла, што лісты, якія Пачобут пісаў сыну, таксама падвяргаліся бязлітаснай цэнзуры ў турме. «Яму вярнулі тры лісты, напісаныя па-польску Ярэку. Відаць, так яму паказваюць, як у Беларусі змагаюцца з палякамі, нават калі яны сядзяць у турме», – напісала яна ў Фэйсбуку.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, следства ў дачыненні да Анджэя Пачобута працягнецца яшчэ месяц і скончыцца 25 ліпеня. Аднак за апошні год яно ўжо некалькі разоў прадаўжаўся. У гэтым выпадку, пра магчымае завяршэнне можа сведчыць факт, што пасля некалькіх месяцаў зняволення ў «Жодзіне» журналіста зноў перавялі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання.

«Анджэй чакае суду і перавядзення ў калонію. Ён падазрае, што яго вяртанне ў СІЗА звязана з завяршальным этапам расследавання», – кажа Аксана Пачобут.

Gazeta Wyborcza нагадвае, Анджэй Пачобут, які зʼяўляецца не толькі журналістам, але і прадстаўніком незалежнага Саюза палякаў у Беларусі, быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года. Беларускія ўлады абвінавачваюць яго ў «распальванні нацыянальнай варожасці » і «рэабілітацыі нацызму». Такія ж абвінавачванні былі выстаўленыя яшчэ чатыром актывістам СПБ, у тым ліку старшыні арганізацыі Анжаліцы Борыс. Усім ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

З пяці абвінавачаных па «справе палякаў», сёння за кратамі трымаюць яшчэ толькі Анджэя Пачобута. Супрацоўнікі турмы пастаянна аказваюць ціск на журналіста, які ў мінулым неаднаразова крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

аз

Журналіст Анджэй Пачобут перадаў інфармацыю з-за кратаў. У суседняй камеры знаходзіўся чалавек, асуджаны на расстрэл

11.04.2022 13:19
Анджэю Пачобуту, які падвяргаўся маральным катаванням, удалося перадаць інфармацыю з турмы.