Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі: На вызваленых землях ніхто не памятае ніякіх псеўдарэферэндумаў і анексій

03.10.2022 13:40
 Прэзідэнт Украіны дадаў, апошнім часам найбольш месца ў рапартах, якія ён атрымлівае з войска, займаюць спісы з назвамі вернутых гарадоў.
Аўдыё
  • Уладзімір Зяленскі: На вызваленых землях ніхто не памятае ніякіх псеўдарэферэндумаў і анексій
Уладзімір ЗяленскіФэйсбук Володимир Зеленський

Амбасадара Расіі ў Польшчы Сяргея Андрэева раніцай выклікалі ў МЗС Польшчы з нагоды незаконнай анексіі ўкраінскіх тэрыторый Расіяй. Яго прыняў намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач, які пачуў расійскую пазіцыю аб апошніх рашэннях Уладзіміра Пуціна.

Прэсавы сакратар МЗС Лукаш Ясіна паведаміў журналістам, што амбасадары Расійскай Федэрацыі сёння былі выкліканыя ў МЗС іншых краін Еўрасаюзу:

-З таго, што мне вядома, так зрабілі ўсе краіны ЕС. Статыстыкі пакуль праўда няма, але падазраю, што салідарнасць у гэтым выпадку будзе захаваная. Мы выклікалі амбасадара Расіі, каб выказаць сваю пазіцыю адносна палітыкі яго краіны на гэтым тыдні. Адносна злачынстваў, якія здзяйсняе Расія, агрэсіі, пагроз, якія кіруюцца ў адрас цэлага свету.

Лукаш Ясіна паведаміў, што на дадзены момант няма планаў аб выдаленні расійскага амбасадара з Польшчы. Аднак палітык заклікаў палякаў, якія жывуць у Расіі, пакінуць краіну:

-Мы рэкамендуем усім грамадзянам Польшчы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, як мага хутчэй усімі магчымымі сродкамі выехаць з Расіі. Думаю, у Расіі цяпер небяспечны сам факт, што ты паляк, нават не беручы пад увагу мабілізацыю. Мы заклікаем выехаць з РФ ужо з лютага, таму гэта не нейкая кардынальная змена таго, што мы робім з самага пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне.

У пятніцу Уладзімір Пуцін заявіў аб уключэнні ў склад Расіі чатырох украінскіх абласцей – Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай. Раней у гэтых раёнах праходзілі псеўдарэферэндумы. Краіны ЕС, у тым ліку Польшча, заявілі, што не прызнаюць незаконнае рашэнне Крамля.

Намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык заявіў, што спроба далучэння да Расіі Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей была накіравана на тое, каб адцягнуць увагу ад кепскай сітуацыі на фронце. Госць Польскага радыё лічыць, што Уладзімір Пуцін хацеў такім чынам паўплываць на расіян дзеля прапаганды, а таксама праверыць, як будзе выглядаць рэакцыя Захаду.

Віцэ-міністр Пётр Ваўжык падкрэсліў, што анексія ўкраінскіх тэрыторый незаконная і што нішто не мяняе стаўленне Польшчы і іншых краін, якія падтрымліваюць Украіну.

-Пасыл быў прызначаны толькі для аднаго блоку, для ўнутранага карыстання. Усё ў святле параз, якія атрымліваюць расіяне. Трэба было неяк падняць на духу грамадства і павысіць падтрымку злачыннага дыктатара. З іншага боку, гэта было скіравана на Захад. Гэта была апошняя надзея Пуціна, што Захад не будзе падтрымліваць Украіну. Гэтага аднак не станецца. З пункту гледжання Польшчы таксама нічога не памяняецца.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што на вызваленых ад расійскай акупацыі ўкраінскіх землях ніхто не памятае ніякіх псеўдарэферэндумаў і анексій. Прэзідэнт Украіны дадаў, апошнім часам найбольш месца ў рапартах, якія ён атрымлівае з войска, займаюць спісы з назвамі вернутых гарадоў.

-Больш за ўсё ў медыйнай прасторы месца займае гісторыя з вызваленнем Лімана ў Данецкай вобласці, але гэтым горадам нашы поспехі не абмяжоўваюцца. Ёсць такая тэндэнцыя – нядаўна нехта недзе правёў псеўдарэферэндум, але калі ўкраінскі сцяг вяртаецца на мачты, ужо ніхто не ўспамінае расійскі фарс з нейкімі паперкамі і анексіямі. Украінскія службы, аднак, памятаюць пра гэта, бо кожны, хто мае дачыненне да варожых дзеянняў супраць нашай краіны, будзе прыцягнуты да адказнасці.

Расіяне планамерна губляюць кантроль над акупаванымі тэрыторыямі Украіны. На пачатку верасня ўкраінскія наступальныя сілы вызвалілі Харкаўскую вобласць, працягваюцца баі на Данбасе, а паводле непацьверджанай інфармацыі, учора быў прарваны рубеж расійскай абароны на поўнач ад Херсону.

Аналітык «Новай ваеннай тэхнікі» Яраслаў Вольскі адзначае, што ўкраінцы выдатна выкарысталі імгненную слабасць расійскай абароны ў гэтым месцы. Расійская абарона была перарваная двума ўкраінскімі брыгадамі, якія ўбіліся клінам у варожыя пазіцыі прыкладна на 25 кіламетраў.
Аналітык падкрэслівае, што пакуль не вядома, ці з’яўляецца гэта пачаткам больш маштабнай аперацыі ці проста кропкавым ударам па аслабленых расійскіх частках:

-Тое, што мы ведаем, гэта тое, што ўкраінцы прасунуліся на 25 км, выкарыстаўшы ратацыю адзінак. Расіяне выводзілі цэлы полк паветрана-дэсантных войскаў, які змагаўся там 1,5 месяца і быў вельмі стомлены. Яны замянялі іх новымі жаўнерамі, якія былі не з цяперашняй хвалі мабілізацыі, але былі прызваныя два месяцы назад. Украінцы па-майстэрску гэта выкарысталі. Звычайна такія адзінкі пасля ратацыі вельмі ўразлівыя на ўдары. Гэта неабучаныя жаўнеры, нязжытыя. Украінцы разарвалі на кавалкі гэты расійскі полк.

Яраслаў Вольскі мяркуе, што вайна ва Украіне працягнецца як мінімум да сярэдзіны наступнага года.

ав

Амбасадар Расіі ў Польшчы выкліканы ў польскае МЗС

03.10.2022 11:11
Прычына – тое, што здарылася на мінулым тыдні.

ЗША паўтарылі, што зробяць у адказ на расійскі ядзерны ўдар па Украіне

03.10.2022 11:29
Пра гэта заявіў былы дырэктар ЦРУ ЗША Дэвід Петрэус.