Паводле інфармацыі выдання Dziennik Gazeta Prawna, ва ўрадзе ёсць ідэя ўвесці частковую аплату за пражыванне, але гэта датычылася б тых уцекачоў, якія знаходзяцца ў месцах сталага пражывання.
– Сёння ўсё часцей мы маем справу з сітуацыяй, калі гэтыя людзі працуюць і зарабляюць сабе на жыццё, а выдаткі на іх знаходжанне бярэ на сябе дзяржава. Адсюль такая ідэя, – тлумачыць суразмоўца выдання з урада. Разглядаюцца розныя варыянты, напрыклад, пакрыццё паловы выдаткаў. – Напрыклад, састарэлых і інвалідаў вызвалілі б ад такога збору, – тлумачыць суразмоўца.
– Выдаткі растуць, і трэба павялічыць цану пражывання на карысць мясцовых органаў улады. З аднаго боку, муніцыпалітэты і прадпрыемствы хочуць падвышэння, а з другога, эксперты адзначаюць, што дзяржава не павінна пакрываць гэтыя выдаткі на 100 працэнтаў. Хутчэй, актывізаваць бежанцаў, – адзначыла крыніца DGP.
– Перамовы з урадам вядуцца каля двух месяцаў, – распавядае адзін з мясцовых чыноўнікаў. На думку суразмоўцы, пры ўвядзенні аплаты за знаходжанне бежанца павінен быць нейкі «элемент абароны».
– Цяжка ўявіць, каб з маці-адзіночкі з трыма дзецьмі або са старых спаганяць плату, – дадае чыноўнік.
Прафесар Мацей Душчык (Maciej Duszczyk) з Цэнтру даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту лічыць увядзенне частковай аплаты разумным крокам.
– З аднаго боку, сітуацыя палякаў павінна быць выраўненая з украінцамі, а з другога – яны не павінны трапляць у залежнасць ад дзяржаўнай дапамогі. Калі мы гэтага не зробім, то атрымаем бездапаможнасць сярод бежанцаў і палітычную эксплуатацыю гэтай тэмы правымі групамі, якія будуць казаць, што ў палякаў няма электрычнасці, а ўкраінцы жывуць бясплатна ў трохзоркавым гатэлі. Прасцей кажучы: да паляка без жылля нельга ставіцца горш, чым да ўкраінца ў такой жа сітуацыі – падкрэслівае ён. Ён адзначае, што некаторыя рашэнні, якія былі ўведзеныя для ўкраінцаў напачатку, напрыклад, бясплатныя транспартныя паслугі, ужо ліквідаваныя.
– Мы павінны выраўняць іх становішча з палякамі. Добрым прыкладам з'яўляецца сітуацыя з беспрацоўным, калі такі чалавек не знаходзіць працу на працягу трох месяцаў, шанец стаць доўгатэрміновым беспрацоўем хутка расце, – дадае праф. Мацей Душчык.
Увядзенне такіх рашэнняў будзе важным у кантэксце чаканай новай хвалі міграцыі з Украіны.
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, з пачатку вайны да першых дзён верасня ў пастаянным жыллі знайшлі прытулак амаль 400 тысяч бежанцаў. Зараз у іх пражывае каля 80 тысяч бежанцаў. Паводле апытанняў, праведзеных з украінцамі ў месцах пастаяннага пражывання, большасць з іх хочуць вярнуцца ва Украіну як мага хутчэй. На думку доктара Караліны Лукасевіч (Karoliny Łukasiewicz) з Цэнтру даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту, дзяржава павінна імкнуцца да таго, каб украінцы заставаліся ў такіх месцах як мага менш.
– Не павінна быць, каб яны былі там некалькі месяцаў, а тым больш год. Мы павінны стварыць умовы, каб яны нармальна функцыянавалі ў Польшчы, прапанаваць ім сродкі для вывучэння мовы ці пошуку працы – падкрэслівае яна.
Апісанае рашэнне будзе ўключана ў папраўку да ўкраінскага спецзакона, з якой працуе ўрад.
На працягу двух тыдняў праект можа быць ухвалены Саўмінам. Ён павінен утрымліваць палажэнні аб заробках і працаўладкаванні, а таксама аб кантактах украінцаў з адміністрацыяй.
Паводле апошніх звестак, уліковы нумар PESEL пасля пачатку вайны атрымалі 544 тысяч чалавек. 181 тысяча ўкраінскіх дзяцей ва ўзросце 3-18 гадоў наведвае дзіцячыя садкі і школы.
– На мой погляд, абавязковае навучанне дзяцей з Украіны павінна быць эфектыўна ўведзена ў дзеянне. Калі яны знаходзяцца ў Польшчы і не ходзяць у польскія школы, то павінна быць магчымасць дыстанцыйна праверыць, ці ўдзельнічае дзіця ва ўкраінскай адукацыі, адзначае Мацей Душчык.
вх