Рэгіянальнае выданне Głos Wielkopolski піша, што ў Вялікапольшчы (гэта гістарычная вобласць на захадзе Польшчы) зацікаўленне чацвёртай дозай вакцынацыі супраць каранавірусу, даступнай ад сярэдзіны верасня, вельмі малое. Тым часам у бальніцах ляжаць пацыенты з COVID-19 у цяжкім стане.
Прафесар Івона Мозэр-Лісеўска (Iwona Mozer-Lisewska) са шпіталя ў Познані кажа, што зараз у ім лечаць ад каранавіруса 18 чалавек. «У кожнага з гэтых пацыентаў лёгкія моцна закранутыя COVID. У асноўным яны невакцынаваныя або не цалкам прышчэпленыя», – кажа доктар.
У Вялікапольшчы першай дозай прышчэплена 2 282 580 чалавек, другой – 1 929 890 чалавек, трэцяй – 18 892 жыхары рэгіёну.
Выданне нагадвае, што каранавірус працягвае мутаваць і набываць устойлівасць. У Польшчы выяўленыя першыя выпадкі новага варыянту амікрон – BQ.1 і BQ.1.1.
Газета таксама нагадвае, што Еўрапейскае агенцтва па леках (EMA) рэкамендавала пашырыць паказанні для выкарыстання мРНК-вакцын супраць COVID-19 у самых маленькіх дзяцей, ужо ад 6 месяца жыцця.
Тое, ці ў Польшчы пачнецца імунізацыя такіх малых дзяцей, залежыць ад рашэнняў экспертаў міністэрства і рады па пытаннях Covid-19, якія будуць прынятыя ў бліжэйшыя дні.
нг