Пасля пачатку вайны з Украіны ў Польшчу пачалі з’язджаць беларусы, якія ўцяклі ад рэпрэсій у Беларусі. У адрозненні ад украінцаў яны не атрымалі спрошчанай магчымасці легалізацыі. Дзякуючы намаганням офісу Святланы Ціханоўскай і ЦБС польскі бок распрацаваў два механізмы: гуманітарная віза, якая выдаецца на тэрыторыі Польшчы, а таксама гэтак званы гуманітарны від на жыхарства (працэс прыёму заявак пачаўся 9 ліпеня), які выдаецца па іншых прычынах, не прадугледжаных законам аб іншаземцах.
Пачаткова беларусам абяцалі, што такія візы будуць даваць усім. Аднак, як адзначае кіраўнік Дэпартаменту прававой дапамогі ЦБС Аляксандра Дабравольская, непрыкметна памяняўся падыход і стаўленне да беларусаў.
-Палітычная сітуацыя памянялася. Калі на пачатку вайны польскія ўлады больш станоўча ставіліся да беларусаў, то стаўленне памянялася прыкладна пасля ліпеня. У пастанове, якую, на жаль, нам не далі пракаментаваць, мы пабачылі, што гуманітарныя візы ў Польшчы могуць атрымаць толькі дзве катэгорыі беларусаў. Гэта беларусы, якія выехалі з Украіны пасля 24 лютага і знаходзіліся там легальна, а таксама беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы на аснове дзейнай гуманітарнай візы і дэкларуюць, што не могуць вярнуцца ў Беларусь. Не зразумела, навошта людзям, якія маюць гумвізу, яшчэ адна гумвіза. На жаль, нам не ўдалося паўплываць на сітуацыю і пастанова ўвайшла ў жыццё.
Падача заяваў у візавыя цэнтры пачалася каля трох тыдняў назад. Візавы цэнтр – гэта камерцыйны пасярэднік паміж Міністэрствам замежных спраў і кліентам. У ЦБС заяўляюць, што, на жаль, беларусы пачалі там сутыкацца з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце.
-У візавых цэнтрах працуюць грамадзяне Украіны, якія не валодаюць польскай мовай. Ні па-беларуску, ні па-расейску яны гаварыць не хочуць, таму грамадзяне Беларусі абслугоўваюцца па-ўкраінску. І хоць большасць беларусаў зразумее ўкраінскую мову, то сам факт, што камерцыйная арганізацыя, якая абслугоўвае для міністэрства, не валодае дзяржаўнай польскай мовай быў для нас вялікім здзіўленнем. Мы прыйшлі з маніторынгам, паколькі да нас паступала шмат скаргаў на тое, што дакументы не прымаюць і па вельмі розных прычынах.
Аляксандра Дабравольская звяртае ўвагу, што кампетэнцыя цэнтру – прыняць дакументы і перадаць іх у міністэрства, якое ў сваю чаргу прымае рашэнне аб выдачы ці адмове ў візе. Аднак, супрацоўнікі цэнтру самастойна прымаюць рашэнні, у каго не прыняць дакументы.
З адмоваю сутыкаюцца беларусы, віза якіх была падоўжана згодна з законам аб эпідэміі. Паводле яго, калі нацыянальная віза закончылася падчас стану эпідэміі, то тэрмін важнасці такой візы падаўжаецца аўтаматычна да часу, пакуль гэты стан не закончыцца плюс дадатковыя 30 дзён. У візавым цэнтры беларусам казалі, што ў іх пратэрмінаваныя візы, а таму дакументы не прымуць.
-Калі мы прыехалі з юрыстамі і паказваем працаўнікам цэнтру закон, яны адказваюць, што не разумеюць закону. Цяпер мы рыхтуем вялікую скаргу. Мы шмат размаўлялі з прадстаўнікамі МУС. Яны кажуць: так, вы маеце рацыю, але мы нічога не можам зрабіць. Звяртайцеся ў МЗС, а там маўчаць. Мы рыхтуем афіцыйную скаргу на МЗС як орган, паколькі лічым, што за адказнасць за візавы цэнтр і яго дзейнасць нясе непасрэдна МЗС.
Дзякуючы ўмяшальніцтву ЦБС сітуацыя з «пратэрмінаванымі» візамі часткова палепшылася.
Адсутнасць пустых старонак, ці іх малая колькасць (якая не акрэсліваецца), а таксама тэрмін важнасці пашпарту менш за дзесяць гадоў з’яўляюцца чарговымі прычынамі адмовы з боку візавага цэнтру.
Аляксандра Дабравольская звяртае ўвагу на яшчэ адну справу. Даючы адмову візавы цэнтр робіць гэта вусна, адмаўляецца выдаваць пісьмовае рашэнне.
-Калі мы просім выдаць абгрунтаванне для адмовы, каб мы маглі абскардзіць гэтае рашэнне, яны кажуць, што ў іх такая інструкцыя, яны маюць права адмаўляць у вуснай форме. Па сутнасці юрыдычны шлях зачыняецца, паколькі мы не можам абскардзіць рашэнне. Мы спрабуем даказаць, што яны не маюць рацыі, на нас выклікаюць паліцыю. Ёсць яшчэ адзін момант. Візавыя цэнтры стварылі для спрашчэння. Яны павінны фармальна праверыць пакет дакументаў. Але. У Законе аб іншаземцах існуе артыкул, які кажа пра тое, што ёсць выключныя абставіны, калі не заўсёды фармальнасці, як тэрмін дзеяння пашпарта ці наяўнасць старонак, павінны выконвацца. Я лічу, што вайна ва Украіне і таталітарны рэжым Лукашэнкі, якія пераследуе сваіх грамадзян і ў краіне, і па ўсяму светы пры дапамозе Інтэрпола, гэта выключная сітуацыя. І такую інтэрпрэтацыю павінна выдаць МЗС. Часцей за ўсё адказ, які мы атрымліваем у МУС: у чым праблема, падавайцеся на міжнародную абарону.
Па-першае, не ўсе хочуць падавацца на такую форму абароны. Па-другое, калі ўлады стварылі магчымасць атрымання гуманітарных візаў, то беларусы павінны мець магчымасць самастойна выбраць менавіта такую форму легалізацыі свайго прыбывання, адзначае Аляксандра Дабравольская.
Дадаткова, паводле юрысткі, у дачыненні да беларусаў менш ахвотна прымяняецца статус уцекача, то бок даецца міжнародная абарона. За 2021 год статус уцекача ў Польшчы атрымалі 140 чалавек, да 30 верасня 2022 году – 136. Часцей за ўсё беларускім уцекачам даюць статус дадатковай абароны – 1008 чалавек у 2021 годзе, 2683 – 2022 годзе.
Пасля папярэдняга візіту, які скончыўся выклікам паліцыі з боку супрацоўнікаў візавага цэнтру, юрысты Цэнтру Беларускай Салідарнасці накіравалі афіцыйны ліст у дадзеную ўстанову. У ім былі пералічаныя дапушчаныя парушэнні і запатрабавана прытрымлівацца нормаў дзейнага заканадаўства. ЦБС інфармуе, што візавыя цэнтры ў Варшаве і Познані не прынялі дадзеныя звароты, дасланыя на іх адрас. Іх у ЦБС вярнулі супрацоўнікі Польскай пошты.
ав
слухайце аўдыё