Беларуская Служба

Згадваем людзей, якія пакінулі гэты свет: Уладзімір Пац, Аляксандр Баршчэўскі, Станіслаў Шушкевіч

01.11.2022 10:45
У Дзень памяці памерлых згадваем некалькі асобаў, якія сёлета сышлі ў лепшы свет. Гэта нашыя калегі: журналіст Польскага радыё Уладзімір Пац, прафесар Аляксандр Баршчэўскі, а таксама Станіслаў Шушкевіч – першы кіраўнік незалежнай Беларусі.
Аўдыё
  • У Дзень памяці памерлых згадваем некалькі асобаў, якія сёлета сышлі ў лепшы свет. Гэта нашыя калегі: журналіст Польскага радыё Уладзімір Пац, прафесар Аляксандр Баршчэўскі, а таксама Станіслаў Шушкевіч – першы кіраўнік незалежнай Беларусі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц.

Слухайце далучаны файл!

Włodzimierz Pac Włodzimierz Pac

Журналіст Польскага радыё Уладзімір Пац пайшоў з жыцця ў снежні мінулага года на 54-м годзе жыцця. Ён шмат год працаваў журналістам у Мінску, асвятляючы для жыхароў Польшчы падзеі ў Беларусі і Расіі. Пасмяротна Уладзімір Пац быў узнагароджаны прэзідэнтам Польшчы Залатым крыжам заслугі. Узнагароду сям’і ўручыў амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Калегі памятаюць спадара Уладзіміра не толькі як прафесіянала, але і як вельмі добрага чалавека, без намёку на пыху.

Паслухайце, як цёпла пра калегу згадвае журналістка PAP Юстына Прус:

– Называлі мы яго заўсёды Włodzię і ніяк іначай. Włodek быў вельмі добрым, цёплым чалавекам. Быў вельмі добрым прыяцелем. Калі гаварыць пра журналістаў, з якімі я тут у Мінску мела кантакты, разам працавала, то ён быў найбліжэйшай мне асобаю. Ён быў асобаю, якога тут усе ведалі, і ён усіх ведаў. Гэта не перабольшванне. Ён шмат што бачыў з падзей у Беларусі, памятаў іх. Некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у Беларусі, яшчэ з 1990-ых гадоў. Я той час памятаю толькі з тэлевізара, бо была малой дзяўчынкаю. Гэта сапраўды была осаба, якую ўсе ведалі тут, яго прозвішча было вядомае і ў афіцыйных колах, і сярод журналістаў. Ён меў шмат знаёмых, і я праз яго таксама пазнаёмілася з журналістамі старэйшай генерацыі, якія на свае вочы бачылі перамены ў Беларусі, развал Савецкага саюзу. Włodek і яго знаёмыя былі для мяне важнымі кантактамі, бо ад іх можна было шмат што даведацца. Таксама ў яго былі вельмі практычныя веды: дзе на рынку Камароўка лепей купіць тварог, а ў каго лепш не купляць.

Мы працавалі ў розных рэдакцыях, але ніколі не мелі нейкіх праблем. Ён заўсёды быў гатовы дапамагаць усім. Я шмат чула гісторый, як людзі прыязджалі ў Мінск і гаварылі: «Ай, я ведаю Włodka і ў яго застануся». І такія згадкі маюць шмат людзей.

Таксама добра гатаваў Włodzia. Штогод у Беларусі МЗС выдавала акрэдытацыю замежным журналістам. Калі атрымліваў гэтую акрэдытацыю, то рабіў сяброўскую сустрэчу для бліжэйшых знаёмых. Гатаваў для яе розныя стравы. Меў беларуска-польскі падыход да гасціннасці. Стол быў застаўлены стравамі, там было ўсё.

Важная рыса: ён быў чалавекам неканфліктным. Ні разу ў жыцці з ім не пасварылася, хаця мы шмат разам працавалі. І я акурат асоба выбухная, не ведаю, як гэта ўдалося, але ён быў заўсёды спакойны, настроены на спакой. Ніколі не меў злосці ў сабе.

Юстына Прус падкрэслівае, што для яе смерць Уладзіміра Паца – вялікая асабістая страта. І цяпер, калі яна ідзе па Мінску, некаторыя месцы ёй згадваюцца менавіта ў звязку з Уладзімірам. Або калі па вуліцы ідзе чалавек падобнага целаскладу і паставы, яна бачыць у ім свайго калегу і сябра.
 
***


Прафесар Аляксандр Баршчэўскі Прафесар Аляксандр Баршчэўскі

Сёлета вясною на 92-ім годзе жыцця не стала вядомага паэта і навукоўца Аляксандра Баршчэўскага. Спадар Баршчэўскі – вядомы паэт, літаратуравед і даследчык культуры, прафесар. Яго творчы псеўданім – Алесь Барскі.

Прафесар Аляксандр Баршчэўскі амаль 30 гадоў узначальваў Кафедру беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Ён з'яўляецца аўтарам звыш 100 навуковых публікацый.
Пра Аляксандра Баршчэўскага згадвае выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэту ды аспірантка Аляксандра Баршчэўскага Катажына Дрозд.

– Пан прафесар вылучаўся вялікімі ведамі, вялікай культурай. Але ён не даваў нам адчуць, што мы на пачатку дарогі, толькі пазнаем пэўныя аспекты, а ён дасягнуў шмат. На яго занятках мы пачуваліся свабодна, але таксама атрымлівалі мы вялікія веды. І гэта здавалася з аднаго боку лёгка і даступна, але з іншага боку былі ўсе аспекты па тэме, якую вывучалі. Вялікія веды вылучалі пана прафесара, а таксама павага да іншага чалавека.

Таксама спадар Баршчэўскі шмат год супрацоўнічаў з Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё. Быў аўтарам перадач пра фальклор, традыцыйную культуру, літаратуру беларусаў замежжа. Ён меў цесныя сувязі з культурніцкім, літаратурным асяроддзем у Беларусі і Польшчы.

Былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка згадвае спадара Алеся Баршчэўскага як чалавека, які быў аддадзены сваёй малой радзіме.
 
****


Stanisław Szuszkiewicz Stanisław Szuszkiewicz

У маі гэтага года пайшоў з жыцця першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Яму было 87 гадоў.

Першага кіраўніка незалежнай Беларусі вельмі добра згадвае беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы. Прафесар Алег Латышонак пазнаёміўся са Станіславам Шушкевіча яшчэ ў пачатку 90.

– Станіслаў Шушкевіч быў незвычайным чалавекам, а да таго ж вельмі добразычлівым, прыемным у кантактах. Ён застанецца ў нашай памяці як выдатны палітык, які ўзначальваў Беларусь у самы важны для незалежнасці Беларусі час. Станіслаў Шушкевіч быў адной з асобаў, якія вялі краіну да незалежнасці. І, можа, цяпер не шмат хто помніць, але на той час прыхільнікаў незалежнасці было не так шмат. І трэба было шмат працаваць з дэпутатамі ў вярхоўным савеце, каб абвесціць незалежнасць, прыняць бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня. Гэта не так лёгка было, але ў выніку атрымалася. І дзякуючы гэтаму маем ад чаго адштурхнуцца цяпер. Станіслаў Шушкевіч быў дэмакратам, гэта давала яму перавагу над іншымі палітыкамі. Думаю, яго ролю можна параўнаць з прэзідэнтам, тым больш у многіх краінах прэзідэнт мае менш паўнамоцтвам, чым старшыня Вярхоўнага савету ў той час.

Станіслаў Шушкевіч у сусветную гісторыю увайшоў як падпісант «белавежскіх пагадненняў», якія завяршылі існаванне Савецкага Саюзу.

вх