Бліжэйшымі днямі палякі будуць адзначаць бадай што самае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. Добрая нагода для беларусаў аднесціся да свайго бачання ўласнага месца на палітычнай мапе свету.
Напрыканцы 1991 года – у самым фінале існавання Савецкага Саюзу – было праведзена сацыялагічнае апытанне на прадмет атаясамлення асобных народаў да гэтай дзяржавы. Высветлілася, што пасля расіянаў, беларусы ў гэтым рэйтынгу занялі другое месца. Такое стаўленне народа да савецкай спадчыны ў многім перадвызначыла цяперашняе становішча Беларусі.
Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, а цяпер і палітычны эмігрант Павел Баркоўскім часткова пагаджаецца з такім сцвярджэннем, але пераконвае, што адбываюцца пазітыўныя змены светапогляду беларусаў:
-Даволі распаўсюджанае меркаванне, што ў 1991 годзе Беларусь выйшла з СССР як найбольш саветызаваная краіна. Такое бачанне абгрунтоўваецца, у тым ліку, тым фактам, што ў галасаванні аб будучыні Савецкага Саюза беларусы на фоне іншых народаў адзначыліся небывалай падтрымкай захавання СССР. Дагэтуль можна пачуць галасы - маўляў, «беларусам незалежнасць звалілася на галаву». Аднак гэта не адпавядае фактам. У беларусаў быў свой нацыянальна-вызваленчы рух, былі пасіянарныя людзі, якія змагаліся за незалежнасць, за нацыянальную культуру. Аднак трэба вызнаць, што на ўзроўні грамадскіх чаканняў пракамуністычная ментальнасць насельніцтва захавалася і гэта выдатна прадэманстравалі выбары першага прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе. Аднак з цягам часу, разам са зменай пакаленняў, уплыву розных чыннікаў, гэтыя настроі слабеюць. Замілаванне савецкім мінулым у беларускім грамадстве знікла, цяпер яго няма.
Калі гэта праўда, як можна патлумачыць падтрымку Лукашэнкі ў беларускім грамадстве на ўзроўні каля 30%? Ён пастаянна адносіцца да савецкай спадчыны, працягвае паразітаваць на ёй не толькі ў гаспадарчым, але і ў ідэалагічным вымярэнні.
- Беларусы – гэта нацыя, якая цяпер стаіць на раздарожжы. Яна спрабуе сысці ад савецкага мінулага, але яшчэ не мае цмянага бачання будучыні, уяўлення сябе. Нацыя шукае адказаў на пытанні, як пазбавіцца залежнасці ад Расіі, як паводзіць сябе ў рэгіёне ў новых умовах – гэта вялікі выклік.
А такі ўзровень падтрымкі савецкага ідэалагічнага наратыву можна патлумачыць каштоўнаснымі арыенцірамі пэўнай часткі грамадства. Чыннікі каштоўнасцяў, светапогляд мяняюцца вельмі доўга.
Пра магчымасць гэтых зменаў, а таксама пра сацыяльную трансфармацыю ў Беларусі цягам мінулых гадоў слухайце ў далучаным гукавым файле!
Эдуард Жолуд