Беларуская Служба

У Остраві Мазавецкай адкрыўся Музей-дом сям’і Пілецкіх

03.11.2022 12:11
Аб’ект прысвечаны як асобе Вітольда Пілецкага, добраахвотнага вязня Асвенціма, героя барацьбы з камунізмам і нацызмам, так і яго жонцы Марыі. Пра гісторыю сям'і распавядаюць і дзеці Пілецкіх – Зофʼя і Анджэй.
Muzeum Dom Rodziny Pileckich
Muzeum Dom Rodziny PileckichPhoto: PAP/RAdek Pietruszka

Дырэктар Музею сямейнага дома Пілецкіх распавёў, што пастаянная экспазіцыя падзелена на дзве часткі – белую і чорную.

– Больш светлыя часткі расказваюць пра сталенне, пра каштоўнасці, якімі жыў Вітольд Пілецкі і яго сям’я. Экспазіцыі, якія распавядаюць пра вайну, чорныя, – патлумачыў Караль Мадай, дырэктар Музея дома Пілецкіх.

На цырымоніі, акрамя блізкіх сваякоў героя, прысутнічалі прэзідэнт Анджэй Дуда і прадстаўнікі ўрада. У сваёй прамове Анджэй Дуда падкрэсліў, што Вітольд Пілецкі быў выбітнай асобай.

Гісторыю Остраві Мазавецкай і паўночна-ўсходняй Мазовіі распавядае Дом-музэй сям’і Пілецкіх. Адной з чорных старонак найноўшай гісторыі гэтага рэгіёну зʼяўляецца злачынства немцаў супраць габрэяў 11 лістапада 1939 года.

Усяго супрацоўнікам музею ўдалося рэканструяваць каля 200 імёнаў ахвяраў нямецкага злачынства супраць габрэяў, якія жылі ў Остраві Мазавецкай.


Muzeum Dom Rodziny Pileckich Muzeum Dom Rodziny Pileckich

У Доме Пілецкіх таксама ўшаноўваюць памяць польскіх ахвяраў акупацыі – у тым ліку падпольшчыкаў і мірных жыхароў, сімвалам іх пакутніцтва з’яўляецца злачынства ў вёсцы Ліпняк-Маёрат.

Вітольд Пілецкі нарадзіўся 13 траўня 1901 году. Ён быў героем польска-бальшавіцкай вайны і ўдзельнікам абарончай вайны ў 1939 годзе. Падчас акупацыі быў адным з заснавальнікаў падпольных структур Тайнага Войска Польскага. У 1940 годзе добраахвотна трапіў у нямецкі лагер Асвенцым, дзе арганізаваў рух супраціву і сістэму дапамогі вязням. Пасля ўцёкаў з лагера смерці Асвенцыма ў красавіку 1943 года ён пісаў справаздачы, якія сталі сведчаннем Халакосту.

Вітольд Пілецкі таксама ваяваў у Варшаўскім паўстанні. Пасля Другой сусветнай вайны і службы ў 1945 г. у 2-м Польскім корпусе ў Італіі вярнуўся ў Польшчу, каб дзейнічаць у незалежніцкім падполлі. Затрыманы камуністамі, на паказальным працэсе быў прыгавораны да расстрэлу. Забіты 25.05.1948 г.

Парэшткі Вітольда Пілецкага не знойдзеныя дагэтуль. Пілецкі быў юрыдычна рэабілітаваны толькі ў ІІІ Рэчы Паспалітай, пасмяротна ўзнагароджаны Камандорскім Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і Ордэнам Белага Арла. У 2013 годзе яму было прысвоена званне палкоўніка.

pap.pl / вх