На пляцоўцы каля галерэі Яблкоўскіх (Galeria Jabłkowskich, ul. Chmielna, 21) змешчаная выстава фотаздымкаў дзетак і моладзі з Беларусі і Украіны, якія маюць досвед вымушанай міграцыі.
Выстава «Дом ёсць там, дзе я» адбываецца ў рамах адукацыйнага «New Home Project», у якім фатаграфія і арт-тэрапія сустрэліся, каб дапамагчы дзецям і моладзі з Беларусі і Украіны прапрацаваць праз фотаздымкі свой вопыт міграцыі і падзяліцца ім адзін з адным, а таксама з іншымі.
Юлія Шаблоўская
Фатографка і заснавальніца New Home Project Юлія Шаблоўская расказвае, што ў праекце ўдзельнічаюць дзеці і моладзь, якія перажылі вымушаную міграцыю.
-Праект з’явіўся год таму, калі нават ніхто і не думаў, што Расія можа ўварвацца ва Украіну. Я, як журналістка, прыйшла ў «Мірны дом», гэта такі шэлтэр для палітычных уцекачоў з Беларусі, каб зрабіць матэрыял пра сітуацыю з уцекачамі. Я запрапанавала дзецям і моладзі дапамагчы мне ў гэтым. Я прынесла некалькі аднаразовых апаратаў на стужцы і папрасіла пры іх дапамозе расказаць пра ўсё для іх цікавае, новае, а нават непатрэбнае ў жыцці, але ўсё ж прысутнае. Так з’явіліся першыя здымкі. Гэта быў вельмі цікавы досвед. Я ўпершыню пабачыла, як сітуацыя выглядае з перспектывы маладога, а часам і малога дзіцяці. Пасля гэтага я вырашыла, што варта рабіць такія заняткі, дзе мы можам матываваць беларускіх дзяцей, моладзь і іх бацькоў расказваць пра тое, як яны сябе адчуваюць.
Юлія Шаблоўская адзначыла, што гэта вельмі важна, паколькі ў СМІ ў грамадстве пра праблемы дзяцей, якія перажылі вымушаную міграцыю, гаворыцца з перспектывы бацькоў. Аднак, вельмі важна на праблему паглядзець з перспектывы дзяцей і моладзі, што і было зроблена ў праекце New Home Project.
Для дзяцей і моладзі, якія апынуліся ў крызісе на роўні з дарослымі, вельмі важнай з’яўляецца камунікацыя з людзьмі, якія не толькі раздзяляюць іх досвед, але і здольныя расшыфраваць эмоцыі і паводзіны дарослых. Фатаграфія дзякуючы магчымасці назірання і аналізу таго, што адбываецца навокал, становіцца прыладай, якая дапамагае справіцца са сваім досведам і засяродзіцца на сваім стане ў канкрэтнай сітуацыі, адзначаюць у New Home Project. І дадаюць, што фатаграфія мае тэрапеўтычны характар. Дзякуючы фатаграфіі ўдзельнікі праекту прынялі і палюбілі месца, у якім яны былі вымушаныя на нова сябе адкрываць і знайсці новых сяброў.
ав
.
.
.