Беларуская Служба

У Польшчы зменшылася колькасць народжаных дзяцей. Дзеці не любяць палітыку

08.11.2022 19:45
У Польшчы тэма сям'і стала палітычнай і палярызацыйнай. Што выліваецца ў сустрэчную рэакцыю, асабліва сярод моладзі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Halfpoint

У Чэхіі, Венгрыі і Францыі колькасць народжаных дзяцей за час пандэміі павялічылася. У Польшчы ж колькасць народжаных знізілася, што стала найгоршым вынікам з часоў Другой сусветнай вайны, а каэфіцыент нараджальнасці ўпаў да 1,31 з 1,39, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Некаторыя эксперты адзначаюць, што ў мінулым чэшскае грамадства ўжо рэагавала на адчуванне непасрэднай пагрозы, асабліва на шокі, якія ішлі з-за мяжы, сыходам у бяспечнае асяроддзе сям'і і яе бліжэйшага атачэння. Так было ў 1938-1939 гадах ці ў 1968 годзе.

Чэшскае статыстычнае ўпраўленне адзначае яшчэ адну рэч: рост нараджальнасці ў асноўным абумоўлены другаснымі прычынамі, бо колькасць тых, хто вырашыў стварыць сямʼю, не павялічылася. На думку экспертаў, адна з прычын – культурныя ўмовы, у якіх жанчыны знаходзяцца з дзецьмі да трох гадоў, і адаптаваная да гэтага сямейная палітыка. У жанчын ёсць 300 000 крон (гэта 58 тыс. злотых) датацый да трохгадовага ўзросту дзіцяці. Акрамя таго, няма ідэалагізацыі дыскусіі пра нараджэнне ці ненараджэнне дзяцей.

Аналітыкі Generation Institute, якія падрыхтавалі справаздачу аб чэшскіх «дэмаграфічных поспехах», адзначаюць, што «чэшская сямейная палітыка засяроджваецца не на павышэнні нараджальнасці, а на паляпшэнні ўмоў для семʼяў. Больш высокая нараджальнасць – гэта не самамэта, а вынік паслядоўнай і доўгатэрміновай сямейнай палітыкі».

У Польшчы гэтая тэма, як кажуць суразмоўцы выдання, стала палітычнай і палярызацыйнай. Што таксама выліваецца ў сустрэчную рэакцыю, асабліва сярод моладзі. Дадзеныя Цэнтру даследавання грамадскай думкі, які на працягу многіх гадоў праводзіць даследаванні настрояў моладзі, паказваюць, што за апошні год рэзка вырасла колькасць маладых дзяўчат (апытваюцца 18-гадовыя), а таксама жанчын, якія адчувалі сябе занядбанымі з боку дзяржавы. З павелічэннем колькасці жанчын з вышэйшай адукацыяй гэта можа прывесці да яшчэ большага зніжэння ўзроўню нараджальнасці.
У Чэхіі аналітыкі, бачачы адмоўную карэляцыю паміж адукацыяй і нараджэннем дзяцей, папярэджваюць, што з-за росту папулярнасці вучобы дзяцей будзе менш. У Польшчы гэта магло ўжо спрацаваць: больш за палову жанчын могуць пахваліцца дыпломам ВНУ (на 19% больш, чым сярод мужчын). У Чэхіі 43 працэнты  жанчын маюць вышэйшую адукацыю.

Цікавым прыкладам рэгіёна з’яўляецца Венгрыя, дзе з пачатку гэтага стагоддзя каэфіцыент нараджальнасці паступова павялічваецца. Прарыў адбыўся ў 2010 годзе пасля прыходу да ўлады  кааліцыі Fidesz–KDNP, якая засяродзілася на падтрымцы семʼяў. Сямейныя дапамогі, калі браць пад увагу іх долю ў ВУП, сёння адны з самых высокіх у Еўропе (адразу пасля Францыі). Праграма для семʼяў залежыць ад заключэння шлюбу, таму на працягу многіх гадоў назіраецца няўхільны рост колькасці шлюбаў. Палітыка дзяржаўнай падтрымкі выключае з поля сваёй увагі нефармальныя адносіны і г.зв вясёлкавыя сем’і. Нягледзячы на кансерватыўнае стаўленне ў гэтым плане, Венгрыя, як і Чэхія, усведамляе, што адной з ключавых праблем, звязаных з адсутнасцю дзяцей, зʼяўляецца праблема бясплоддзя – клінікі in vitro былі нацыяналізаваныя, і цяпер для ўсіх даступныя бясплатныя метады лячэння. У той жа час закон аб абортах дае магчымасць перапыніць цяжарнасць з-за «цяжкай сітуацыі, выкліканай станам жанчыны». Як і ў Чэхіі, у Венгрыі жанчына мае магчымасць даглядаць за дзіцём на працягу трох гадоў.

вх