Беларуская Служба

Раскол у асяроддзі праціўнікаў вакцынацыі. Прычына - грошы

09.11.2022 15:10
Гаворка ідзе пра як мінімум 470 тыс злотых ($100 тыс), якія магла прысвоіць былая старшыня таварыства STOP NOP.
Вакцынацыяkfuhlert/pixabay.com/CC0 Public Domain

У асяроддзі польскага руху праціўнікаў вакцынацыі адбыўся раскол. Прычына, як звычайна, у грошах – чытаем у выданні Polityka. Юстына Соха, якая на працягу 11 гадоў развівала рух у рамках таварыства STOP NOP, перастала быць яго старшынёй.

Падчас пасяджэння ўправы таварыства Соха ў чарговы раз адмовілася прадставіць справаздачу выкарыстання грошай, атрыманых падчас адкрытых збораў. Гаворка ідзе пра як мінімум 470 тыс злотых ($100 тыс), якія магла прысвоіць Соха, а таксама 100 тыс злотых, якія зніклі з касы таварыства.

У Сохі няма медычнай адукацыі, яна па прафесіі страхавы агент, але, нягледзячы на гэта, яна прадстаўляе сябе ў якасці аўтарытэта ў галіне аховы здароўя. Ужо звыш 10 гадоў яна пераконвае бацькоў адмаўляцца ад вакцынацыі дзяцей. А яе «кар’ера» у дадзенай галіне стала хутка развівацца падчас пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Яна вядомая сваімі скандальнымі заявамі, і нават была пакараная ў выніку судовага працэсу за тое, што абвінаваціла доктара Паўла Гжэсёўскага (за фармуліроўку «у іх ёсць інструменты, каб знішчаць людзей»).

Соха спрабавала прабіцца ў палітыку, але не ўдалося ёй перамагчы на выбарах у парламент.

Таварыства STOP NOP ладзіла як правіла па некалькі грамадскіх збораў сродкаў у інтэрнэце. Калі адміністрацыя аднаго з такіх парталаў Zrzutka.pl забаніла Соху, яна пачала звяртацца да прыхільнікаў, каб яны пераводзілі грошы на яе прыватны рахунак.

нг