Станам на 9 лістапада ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1390 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Пры гэтым рэпрэсіі не спыняюцца: за верасень і кастрычнік толькі ў Мінску па палітычных адміністрацыйных справах затрымалі мінімум 450 чалавек, з якіх 25 былі адпраўленыя на паўторныя суткі.
Месяц таму, нарвежскі нобелеўскі камітэт аб'явіў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год. Імі сталі беларус Алесь Бяляцкі і прадстаўнікі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Калега Алеся Бяляцкага з ПЦ «Вясна» Зміцер Салаўёў лічыць, што ўзнагароджанне палітвязня і праваабаронцы прыцягнула ўвагу сусветнай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але фактычна не палепшыла становішча палітвязняў у Беларусі, у тым ліку становішча самага Бяляцкага.
Наша размова з праваабаронцам адбылася напярэдадні 26 гадавіны так званага рэферэндуму, зладжанага Лукашэнкам напрыканцы лістапада 1996 года. Зміцер Салаўёў перакананы, што ў той час не хапіла станоўчай рэакцыі сусветнай супольнасці на ўзурпацыю ўлады ў Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Падзеі 1996 шмат у чым перадвызначылі цяперашні стан Беларусі, кажа Зміцер Салаўёў:
-Яшчэ ў 1996 годзе свет павінен быў адназначна і моцна адрэагаваць на захоп улады Аляксандрам Лукашэнка. Тады Вярхоўны Савет ХІІІ склікання амаль здзейсніў працэдуры імпічменту, але гэтаму перашкодзіла так званая пажарная каманда на чале з Віктарам Чарнамырдзіным. Расійскі дэсант забалталі Канстытуцыйны суд, Вярхоўны савет, даўшы час Лукашэнку правесці псеўдарэферэндуму і стварыць уласны «парламент». Лукашэнка разагнаў легітымны парламент, які складаўся з некалькіх соцень народным дэпутатам. Запрасіў 110 сваіх памагатых, назваўшы гэта «Палатай прадстаўнікоў». На жаль толькі зараз свет пачаў больш менш адэкватна рэагаваць на рэжым Лукашэнкі, але так трэба было рабіць 26 гадоў таму.
Гутарку з праваабаронцам Змітром Салаўёвым цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле!
Марʼяна Крыль, Эдуард Жолуд