Беларуская Служба

Педагог Ірына Ляшкевіч у эміграцыі: Мяне радуе, што жыццё нарэшце мае афарбоўку спакою, цішыні

12.11.2022 11:09
Вымушаны пераезд – няпростая сітуацыя, аднак не заўсёды чалавек бачыць у гэтым трагедыю. Гэта таксама новы этап, новы досвед, шанец паглядзець на сябе, грамадства і краіну збоку.
Аўдыё
  • Педагог, музыка Ірына Ляшкевіч распавяла пра тое, як уладкавалася на працу ў дзіцячы садок у Польшчы, што яе ўразіла найперш, як адбываецца адаптацыя ў новых умовах.
 .
Ірына Ляшкевіч.Фота з адкрытых крыніц.

Педагог, музыка Ірына Ляшкевіч, якая ў сталым узросце прыехала жыць у Польшчу, распавяла пра тое, як уладкавалася на працу ў дзіцячы садок, што яе ўразіла найперш, як адбываецца адаптацыя ў новых умовах, і што ёсць шчасцем.

Слухайце размову цалкам у далучаным файле!

– У мяне было так мала часу, што я не задумвалася, наколькі гэта цяжка. Канешне, я хвалявалася. Але ў мяне была моцная падтрымка сям’і: і тых, хто застаўся ў Беларусі, і тых, хто чакаў мяне ў Польшчы. З іншага боку я такі чалавек, які гатовы на пэўныя эксперыменты і ў жыцці, і ў працы. Некалі я скончыла Інстытут народнай гаспадаркі, эканамічны факультэт, але пайшла працаваць у школу. Не заўсёды ў жыцці бывае так, як хочаш. І калі такое здараецца, я сабе кажу: гэты этап пройдзены, пачынаеш новы, прымаеш тую рэальнасць, якая ёсць. З іншага боку, гэта цікава – пажыць у іншай краіне, пазнаёміцца з іншымі людзьмі, іншымі рэаліямі, – гаворыць Ірына Ляшкевіч.


 
 Дзіцячы гурт "Згадка", якім педагог, музыка Ірына Ляшкевіч кіравала 33 гады.  
Дзіцячы гурт "Згадка", якім педагог, музыка Ірына Ляшкевіч кіравала 33 гады.



Ірына Ляшкевіч у Беларусі працавала педагогам, і ў Польшчы яна таксама ўладкавалася ў дзіцячы садок, які працуе па сістэме Мантэсоры, музычным педагогам.

– Я проста засумавала па працы. Зноў жа добра, калі ёсць да каго ехаць. Мая польская сям’я павяла за ручку ва ўпраўленне працы, зарэгістравалі як беспрацоўную. Да слова, найперш гэта дае медыцынскае забеспячэнне. Але праца, якую там прапаноўвалі, не падыходзіла, бо яна для моцных маладых людзей. Тады мы склалі CV з інфармацыяй пра тое, кім я працавала ў Беларусі, што рабіла і пайшлі проста разносіць па школах. У другой школе, пазней я высветліла, што гэта дзіцячы садок, які працуе па сістэме Мантэсоры, нам адчыніла дырэктарка. Яна прачытала дакументы, адразу сказала, што хоча пагаварыць асабіста. Падчас размовы стала зразумела, што мы падобныя характарамі, светапоглядам. Калі я выйшла, то сказала сваёй цётцы, якая мяне суправаджала, што не хацела б больш нічога шукаць. Ва ўпраўленні працы былі не супраць майго працаўладкавання і з 1 верасня я пайшла ў гэты садок музычным кіраўніком.

А вось як суразмоўца адказала на пытанне, што яе робіць шчаслівай і дае сілы:

– Мяне радуе тое, што маё жыццё нарэшце мае афарбоўку святла, спакою, цішыні. Я ведаю, што ранкам спакойна пайду на працу, якая падабаецца, мяне там не будуць пужаць праверкамі, нагнятаць, няма мітусні, якая не мае сэнсу. Я вярнуся ў спакойны дом, у маіх дзяцей, якія за мяжою, усё добра. Вось гэта мяне радуе. Я адчуваю сябе спакойнай і шчаслівай. Знаёмлюся з новай культурай, хачу займацца фальклорам, але ўжо польскім. Вечарамі спакойна паспяваю, у інтэрнэце  публікую беларускія песні, паспяваю, патанчу з дзецьмі. Гэта мая праца, тое, што люблю і ўмею, гэта дае мне сілы.

вх