Беларуская Служба

ВІЧ-інфекаваныя пацыенты з Украіны ахоплены ў Польшчы поўнай медыцынскай апекай

01.12.2022 10:30
У 90 працэнтаў з іх у сыроватцы крыві не выяўляецца вірус. Гэта значыць, што яны незаразныя, кажа прафесар Мілаш Парчэўскі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарmohamed_hassan /pixabay.com/CC0 Public Domain

90 працэнтаў бежанцаў з Украіны, якія жывуць з ВІЧ, маюць нявызначаны ўзровень віруса ў сыроватцы крыві і яны незаразныя. Гэта азначае, што іх лячылі правільна. Нам удалося забяспечыць ім працяг лячэння, кажа ў інтэрв’ю агенцтву PAP старшыня Польскага навуковага таварыства па барацьбе са СНІДам прафесар Мілаш Парчэўскі.

«Мы не былі здзіўлены колькасцю ВіЧ-інфекаваных пацыентаў з Украіны. Мы ведаем, што ў гэтай краіне ёсць добра арганізаваныя праграмы па тэставанні і выяўленні новых выпадкаў ВІЧ- інфекцый», – кажа прафесар Парчэўскі, які з’яўляецца таксама загадчыкам Інфекцыйнага аддзялення Ваяводскай бальніцы ў Шчэціне.

Ён дадаў, што не ўсе ВІЧ-інфекаваныя пацыенты, якія з’явіліся ў польскай сістэме пасля пачатку вайны ва Украіне – гэта ваенныя ўцекачы. Некаторыя пацыенты, якія да вайны жылі ў Польшчы, лячыліся ў сябе – ва Украіне, а пасля 24 лютага яны вырашылі лячыцца ў Польшчы.
Паводле прафесара колькасць людзей, якія патрабуюць дыягностыкі, кансультацыі і антырэтравіруснага лячэння пасля пачатку вайны ва Украіне і хвалі міграцыі, павялічылася прыкладна на 15-16 працэнтаў. Гэта адпавядае ацэнкам распаўсюджанасці ВІЧ-інфекцый ва Украіне.

У 90 працэнтаў людзей, якія прыехалі з Украіны, і якім там паставілі дыягназ, у сыроватцы крыві не выяўляецца ўзровень віруса. Нявызначаны ўзровень віруса ў сыроватцы крыві, патлумачыў прафесар, азначае, што вірус «цалкам знішчаны». Гэта значыць, што такія людзі не здольныя заразіць другога чалавека, нават палавым шляхам.

Прафесар Парчэўскі дадаў, што пацыенты з Украіны, як і палякі, не плацяць за лячэнне. Ён дадаў, што ва Украіне на ВІЧ правяраюць больш цяжарных жанчын, чым у Польшчы, украінцы таксама ўвялі бясплатную дакантактавую прафілактыку – прэпараты, якія абараняюць ад інфекцыі.
Прафесар Парчэўскі падкрэсліў, што ўсе пацыенты, якія жывуць з вірусам ВІЧ, атрымліваюць у яго бальніцы ў Шчэціне комплексную дапамогу, уключаючы тэсты на іншыя захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, накіраванне да іншых спецыялістаў і псіхалагічную дапамогу.

З пачатку існавання бальніцы пад яе апекай знаходзіліся 1 771 пацыент. Гэтая колькасць павялічылася ў 2022 годзе, калі супрацоўнікі бальніцы перанялі апеку над групай пацыентаў з Украіны з больш чым 180 чалавек. З 1 студзеня па 28 лістапада бягучага года новыя польскія пацыенты з ВІЧ гэтага 44 асобы. Большасць складаюць мужчыны.

Нагадваем, 1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Паводле дадзеных Нацыянальнага цэнтру СНІДу ў Польшчы, ад пачатку эпідэміі (з 1985 годa) да канца мінулага годa ВІЧ-інфэкцыя была выяўленая ў 27 552 чалавек, з якіх 3 868 захварэлі на СНІД, а 1 448 памерлі.

аз