Слухайце далучаны файл!
Анджэй Матуль (Andrzej Matul) пайшоў з жыцця ва ўзросце 75 гадоў. Ён меў доўгую працоўную гісторыю як журналіст, дыктар, актор дубляжу. Анджэй выступаў у самых папулярных радыёпраграмах: «Sygnały Dnia», «Cztery Pory Roku» і «Lato z Radiem». Вёў і ўласныя праграмы: «Час за гарбатай», «Алея Зорак», «Сустрэчы з Майстрам», «Скрыжаванне культур» і «Тэатральная ложа Анджэя Матуля».
Анджэй Матуль расказваў, як у 1970-я гады, гэта значыць у камуністычнай Польшчы, дамогся дазволу на трансляцыю перадачы ў «жывым эфіры»:
– Гэта была фантастычная прыгода, прыгода жывога радыё. У перыяд 1970-ых гэта не было так проста. Гэта былі часы цэнзуры, і таму быў супраціў жывому эфіру. Але мы хацелі рабіць жывое радыё, радыё для слухачоў і разам са слухачамі. Такая была ідэя, мы былі маладымі, 21-гадовымі хлопцамі ўсе былі.
Анджэй Матуль таксама развіваў свае прафесійныя навыкі як актор дубляжу — агучваў фільмы. Ён працаваў над дзясяткамі мастацкіх фільмаў, сярод якіх «Толькі для арлоў», «Імя ружы», «Спіс Шындлера», «Узгорак надзеі». Быў лаўрэатам шматлікіх прэмій радыё і Асацыяцыі польскіх журналістаў, меў таксама званне Майстра польскай мовы.
Andrzej Matul
Анджэй Матуль казаў, што рэцэпт поспеху – гэта чытанне кніг і напісанне лістоў:
– Чытаць шмат добрай літаратуры. Не толькі ў гугле, інтэрнэце чытаць, што напісана. Пішыце лісты, напрыклад. Цяпер перасталі пісаць лісты. Цяпер пішуць sms або мейлы. Але калі пішаш лісты, гэта так упрыгожвае мову, чалавек шукае словы, як прыгожа, напрыклад, выказаць любоў. Як небанальна выказаць любоў. Якой багатай можа быць мова, калі хочаш скарыстацца з яе багацця.
Журналістка канала Jedynka Слава Беньчыцка згадвае Анджэя Матуля як майстра сваёй справы:
– Для майго пакалення журналістаў Анджэй Матуль быў легендай. Калі мы прыйшлі на радыё, ён выкладаў на нашых курсах, вучыў працаваць з мікрафонам. Але вучыў усяму, не толькі, як правільна гаварыць па-польску. Ён клапаціўся пра мадуляцыю голасу, пра стылістыку. Ён клапаціўся пра тое, каб мы дакладна бачылі, каму і што мы хочам сказаць. Па-просту, майстар.
Слава Беньчыцка згадвае Анджэя Матуля як харызматычнага чалавека:
– Кожны з нас ведаў Анджэя Матуля не толькі з радыёперадач. Калі я была дзіцём. Слухала радыёперадачы з Матулем «Лета з радыё», «Чатыры поры года», але таксама ён быў фантастычным акторам дубляжу ў фільмах. Першапачаткова я ведала толькі яго голас, імя і прозвішча. Першы раз я ўбачыла яго па тэлевізары, гэта была праграма, якую ён вёў з Мірай Земінскай. Ён быў асобай з вялікім шармам, культурным узроўнем. І яго голас, яго мова – ён фантастычна размаўляў!
Анджэй Матуль нарадзіўся 29 лістапада 1947 года. Скончыў XXVI гімназію імя генерала Генрыка Янкоўскага «Кубы» ў Варшаве, а потым факультэт польскай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце са спецыялізацыяй тэатразнаўства.
IAR / вх