У 2020-ым улады спачатку аб'явілі кропкавае паляванне на журналістаў, а потым перайшлі да татальнай ліквідацыі незалежных медыяў – з медыярынка прыбралі і вялікія, і малыя рэдакцыі.
Слухайце матэрыял цалкам у далучаным файле!
Спачатку беларускія ўлады затрымлівалі журналістаў, каралі штрафамі, потым арыштамі, кропкава блакіравалі непажаданыя медыя. Але ў выніку за пару гадоў Беларусь прыйшла да таго, што на сёння ў зняволенні больш за тры дзясяткі прадстаўнікоў медыя. Уведзеныя змены ў заканадаўства, звязаныя з «процідзеяннем экстрэмізму», а пазней і «рэабілітацыяй нацызму», што паставіла працэс выціскання незалежных СМІ з краіны на канвеер, журналісты сталі атрымліваць гады зняволення за сваю працу.
Вось вынікі года ў лічбах ад Беларускай асацыяцыі журналістаў:
- за кратамі на канец снежня знаходзіліся 33 прадстаўнікі СМІ.
- сілавікі больш за 40 разоў затрымлівалі журналістаў,
- у калег прайшло 55 ператрусаў,
- 20 чалавек адбывалі адміністрацыйны арышт,
- агульная сума штрафаў склала не менш за 109.280 рублёў (каля 30 тысяч еўра).
Рэдакцыі вымушаныя былі зʼехаць пазбавіліся магчымасці атрымліваць з першых вуснаў інфармацыю. Ёсць шмат пытанняў, што тычацца бяспекі, шмат пытанняў па тым, як уладкавацца за мяжою дзесяткам журналістаў і гэтак далей.
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі называе тры асноўныя выклікі, якія ёсць цяпер перад беларускай медыясупольнасцю:
— Самы галоўны выклік – спроба ўладаў адрэзаць медыя ад аўдыторыі. Сайты блакуюць, а людзей за тое, што дасылаюць у рэдакцыю нейкія матэрыялы, фота, пераследуюць. Захоўваць кантакт з аўдыторыяй – гэта было важна для медыя.
Другое – мы вымушаныя сур'ёзна рупіцца пра людзей, якіх вывезлі з Беларусі. Беларускі журналіст, які жыве ў іншай краіне, каштуе рэдакцыі нашмат большых сродкаў. Трэба думаць пра тое, як ён будзе здымаць жытло, шукаць магчымасці для легалізацыі. Гэта тое, з чым працуюць усе выданні.
Трэцяе – агрэсіўныя дзеянні беларускай прапаганды і стварэнне псеўданезалежных медыя, якія ва ўмовах заблакаваных сайтаў спрабуюць зрабіць выгляд, што ёсць незалежныя крыніцы інфармацыі. На медыярынку зʼяўляюцца гульцы, якія імкнуцца перахапіць пошукавы трафік, трафік з навінавых сэрвісаў Усё гэта ў сукупнасці з прапагандай, якая ўзмацнілася, уплывае на медыяспажыванне, на тое, што фармуецца ў галовах беларускай аўдыторыі.
Што тычыцца аптымістычных прагнозаў на наступны год, то іх пакуль няма.
— Я б не сказаў, што ў медыйшчыкаў ёсць прадчуванні лепшага, бо ўсе мы стаім на мяжы магчымага ўваходу Беларусі ў вайну з Украінай, што будзе азначаць яшчэ большыя рэпрэсіі супраць медыя, больш складанае стаўленне да грамадзянаў Беларусі ў іншых дзяржавах, і ўвогуле разуменне таго, што наша краіна, у якую мы ўкладалі столькі гадоў, энергіі, часу, працы, імкнуліся зрабіць праз медыя шмат добрага, будзе ўцягнутая ў кровапралітную вайну. Вось гэта, канешне, не дадае аптымізму. Мае калегі жадалі, каб мы ўрэшце дасягнулі дна і пачалі з яго ўздымацца. Але пакуль, мне здаецца, мы рухаемся ўніз, у бок дна з прычыны дзеянняў Лукашэнкі, — гаворыць Гарэцкі.
На заканчэнне варта працытаваць кіраўніка аднаго з беларускіх медыя, які ў сваім выступе падчас медыяканферэнцыі сказаў, што калі цяпер здацца, то ўсе ахвяры калег, а яны, ахвяры, аграмадныя, будуць абясцэнення. І ў традыцыях сучасных умоў гэты рэдактар захацеў застацца не названым. Тым не менш гэтая ідэя, хіба што, сапраўды матывуе многіх людзей працаваць, нягледзячы ні на што.
вх