Беларуская Служба

Украінскі журналіст пра паводзіны расіянкі на конкурсе прыгажосці «Міс Сусвет»: «Самы вялікі жарт і абсурд года»

17.01.2023 12:04
14 студзеня выбралі «Міс Сусвет», ёй стала Р'Боні Габрыэль з ЗША. Аднак найбольш абмяркоўваюць расіянку Ганну Ліннікаву, якая абрала сабе крыва-чырвоны ўбор у стылі імператрыцы.
     .
Ганна Ліннікава на конкурсе «Міс Сусвет».Фота: skreenshot

Сайт Onet.pl публікуе меркаванне ўкраінскага журналіста і актора Яўгена Дзьячкова (Eugeniusz Diaczkow) наконт удзелу расіянкі ў конкурсе прыгажосці «Міс Сусвет».

Конкурс «Міс Сусвет» прайшоў у Новым Арлеане, ЗША. За званне самай прыгожай жанчыны змагаліся прэтэндэнткі больш чым з 80 краін. Тытул «Міс Сусвет» атрымала РʼБоні Габрыэль з ЗША. Другое месца заняла Аманда Дудамель з Венесуэлы, трэцяе – Андрэіна Марцінес з Дамініканскай Рэспублікі. Польшчу на міжнародным конкурсе прыгажосці прадстаўляла Аляксандра Клепачка, якая, аднак, не здолела трапіць у топ-16.

Шмат спрэчак выклікала прысутнасць на конкурсе «Міс Сусвет» расіянкі Ганны Ліннікавай, якая зʼявілася ў касцюме імператрыцы. На ёй была залацістая сукенка, упрыгожаная каштоўнымі камянямі, паверх якой быў апрануты крывава-чырвоны аксамітны плашч. На галаве была карона, якая сімвалізуе расійскую імперыю.

Ва ўмовах уварвання Расіі ва Украіну многія каментатары палічылі гэта непаразуменнем, назваўшы Ганну Ліннікаву «міс генацыд».

«Бомбы пастаянна лётаюць, і свет дазваляе быць у цэнтры ўвагі жанчыне, чыя вопратка ўслаўляе монстра, машыну для забойства людзей», – мяркуе ўкраінскі журналіст Яўген Дзьячкоў.

Журналіст хацеў бы спытаць у арганізатараў конкурсу, чаму яны дазволілі выступіць расіянцы, ды яшчэ і ў касцюме, які сімвалізуе моц Расіі.

«Няўжо шоу цяпер мае большае значэнне, чым этычны і маральны падыход да сітуацыі? Чаму ніхто, НІХТО не пытаўся ў яе пра вайну?! Яны баяцца?» – задаецца рытарычным пытаннем Дзьячкоў.

вх