У Варшаве адбыўся паказ дакументальнай стужкі «Пратэст» відэаблогера Мікалая Давідчыка, ураджэнца Ліды ў Гарадзенскай вобласці. За мадэрацыю пратэстных чатаў ён быў затрыманы ў Маскве, дзе жыў 19 гадоў. Пасля 1,5 месяца ў СІЗА яму прыйшлося пакінуць сям’ю і з’ехаць у Польшчу. Тут ён працягвае весці канал «Гордыя беларусы» на YouTube.
Мікалай Давідчык, жывучы шмат гадоў у Маскве, не змог застацца абыякавым да падзей у Беларусі. Ён кажа, што гэта адметная рыса беларусаў.
У 2020 годзе, седзячы на строгім каранціне ў Маскве, Мікалай натрапіў на стрым Сяргея Ціханоўскага, які адбываўся ў яго родным горадзе – Лідзе. Блогера абурыла інфармацыя, што людзей, якія паразмаўлялі з Ціханоўскім, адправілі на суткі. Так Мікалай трапіў у гарадскі чат.
- На той час ён не быў вялікі, каля 200 чалавек, называўся «Ліда для жыцця». Я прыйшоў туды і пачаў кантактаваць з людзьмі. Потым сталася тое, што сталася, я стаў актыўна сачыць за падзеямі ў Беларусі. Затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Унікальнасць пратэста была ў тым, што гэта ўсё было не схавана, а ўсё было ў прамым эфіры. Мяне гэта вельмі моцна абурыла, я пачаў уцягвацца ў справу. Калі пачалі затрымліваць людзей з наша чата і цесна падкраліся да тых, хто яго ствараў, я прапанаваў перавесці кіраванне чатам на мяне, паколькі я знаходжуся ў Маскве. Так і сталася. Потым на мяне вялікае ўражанне зрабіў Вітольд Ашурак. За месяц да выбараў мы з ім пачалі актыўна кантактаваць, таксама пасля выбараў, калі пачаліся пратэсты. Я займаўся чатам, матываваў, а Вітольд вёў людзей. Мы шмат размаўлялі і думалі, як выводзіць людзей, каб гэта было для іх бяспечна.
У верасні 2020 году да бацькоў Мікалая прыйшлі з вобшукам, стала зразумела, што яго асобу высветлілі. У сакавіку 2021 году па запыце беларускай пракуратуры ў Маскве Мікалая затрымала ФСБ. 1,5 месяца ён адсядзеў у маскоўскім СІЗА. Выйсці, між іншым, дапамаглі СМІ і факт, што жонка і сын у Мікалая грамадзяне Расіі. З сям’ёй мужчына правёў ноч, а потым прыйшлося з’язджаць з краіны. З роднымі ён дагэтуль не змог сустрэцца.
- Перасячэнне мяжы, два месяцы я жыў ва Украіне, зжыўся з гэтымі людзмі. Пасля міграцыя ў Польшчу. Да гэтага моманту я не вёў свой канал. Як толькі перасёк мяжу, то аднавіў свой ютуб-канал. Раней я рабіў толькі фільмы, без сябе, толькі голасам. Калі прыехаў у Польшчы, то пачаў вяшчаць тварам. Некалькі разоў на тыдзень праводжу стрымы і разглядаю ўсе навіны, і так ужо два гады.
У фільме «Пратэст» акрамя асабістай гісторыі і хронікі беларускага пратэсту, у тым ліку ў Лідзе, аўтар задае пытанні, пакідаючы іх без адказу. Ці вінаваты ён, што пасля рэферэндуму затрымлівалі людзей, якія пайшлі на гласаванне, паглядзеўшы яго ютуб-канал? Ці вінаватыя лідары пратэстаў, што за кратамі сядзяць тысячы людзей? Блогер кажа, што гэтым фільмам ён хацеў звярнуць увагу на тое, што частка беларусаў займаецца не тымі справамі.
-Галоўны герой майго фільма – народ Беларусі. Таму пытанні я задаю беларусам. Хоць некаторыя мне казалі: трэба, каб яго паглядзелі ў штабе Ціханоўскай. Пачаткі гэтага фільмы нарадзіліся ў жніўні, перад пачаткам форуму штабу Ціханоўскай. Ужо за некалькі месяцаў былі спрэчкі апазіцыі. І мяне гэта вельмі нервавала, бо ўжо была вайна ва Украіне. Здавалася б, што там такія жахі, а чым займаюцца яны. У гэтых эмоцыях я напісаў сцэнар фільму. Потым ужо ішла праца над мантажом. Я хацеў данесці: беларусы, вы цяпер займаецеся не той справай. Вы аб’ядналіся ў 2020 годзе супраць рэжыму, а цяпер губляеце сілы, каб задушыць адзін аднога. Цяпер трэба падтрымліваць Украіну, працягваць знішчаць рэжым, а не забіваць адзін аднога. Калі кажуць, што пратэст здох, то гэта не так, нічога не памянялася. Беларусаў не бачна, але яны не змірыліся. Я кантактуюся з гэтымі людзмі, ім вельмі цяжка. Цяжэй хіба толькі палітвязням.
Фільм «Пратэст» можна паглядзець на YouTube. «Упэўнены, што кожны зможа ўбачыць у маім фільме часцінку асабістай гісторыі. Часта, каб рухацца наперад неабходна зноў прайсці мінулае і зрабіць працу над памылкамі», – гаворыць Мікалай Давідчык.
ав
слухайце аўдыё