Беларуская Служба

З надыходам вясны стала больш спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу

17.04.2023 18:39
У сакавіку ў Польшчу з Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць мігранты з 30 краін, у асноўным афрыканскіх.
Аўдыё
  • Перад праваслаўным Вялікаднем быў рэкорд па колькасці спробаў прарвацца праз мяжу
Польская мяжа з Беларуссюфота: twitter.com/Straz_Graniczna

Прэс-сакратар Падляскага аддзелу памежнай аховы ў Беластоку маёр Катажына Здановіч (Katarzyna Zdanowicz) заявіла ў панядзелак у эфіры Польскага Радыё Беласток, што з надыходам вясны, у сакавіку і красавіку, стала больш спробаў перасячэння мяжы. Рэкорд дня ў гэтым годзе быў устаноўлены ў пятніцу перад праваслаўным Вялікаднем – 159 спробаў (у тым ліку 43 чалавекі падышлі да мяжы, але, убачыўшы польскія патрулі, адышлі).

Працягваюцца спробы перасячэння мяжы па рэках. Здановіч паведаміла, што беларускія службы пастаянна накіроўваюць мігрантаў да мяжы, у тым ліку ў небяспечныя месцы, такія як тэрыторыя запаведніка Белавежскага нацыянальнага парку, балотныя ўгоддзі і рака Свіслач. Нярэдка спроба перасячэння мяжы робіцца ў адным месцы, каб адцягнуць увагу польскіх службаў ад іншага месца, дзе мігранты спрабуюць пры дапамозе лесвіцы пераадолець мур, які сур’ёзна ўскладняе перасячэнне граніцы. Неўзабаве сцяна будзе таксама аснашчана электроннымі прыладамі, якія будуць пастаянна сачыць за рухам каля мяжы. Магчыма, таму цяпер назіраецца больш спробаў перасячэння мяжы, яшчэ перад тым, як пачалі дзейнічаць усе інструменты яе аховы.

За прыкладам Польшчы сочаць у іншых краінах Еўропы. Дарэчы, міграцыя з усходняга кірунку – не адзіная праблема ў ЕС. Яшчэ больш нелегальных мігрантаў спрабуе прарвацца ў супольнасць з поўдня, з афрыканскіх краін. Лідар Еўрапейскай народнай партыі крытыкуе цяперашнюю міграцыйную палітыку ЕС і падтрымлівае будаўніцтва сцен на вонкавых межах. Манфрэд Вэбэр (Manfred Weber) даў інтэрв'ю італьянскай газеце «Corriere della Sera». Паведамляе карэспандэнт Польскага радыё Пётр Кoвальчук.

- Нямецкі палітык раскрытыкаваў Еўрапейскі парламент, Еўрапейскую камісію і дзяржавы-члены, асабліва Германію ды Францыю за адсутнасць салідарнасці з Італіяй, якая ў адзіночку павінна спраўляцца з масавай міграцыяй з Афрыкі. На думку Вэбэра, ЕС павінен выдзяляць фінансы на будаўніцтва муроў на сваіх вонкавых межах. Ён таксама прапануе падпісаць пагадненні з афрыканскімі краінамі, якія, узамен за эканамічную дапамогу, дазволілі б вяртаць тых мігрантаў, якія не атрымалі права на прытулак або легальнае прабыванне ў ЕС. Вэбэр выступіў з вострай крытыкай прэзідэнта Францыі. Ён назваў катастрофай выказванне Эмануэля Макрона, у якім той прапануе весці больш блізкую супрацу з Кітаем, за кошт змяншэння інтэнсіўнасці супрацы з ЗША.

На беларускім баку мяжы цяпер больш мігрантаў, гэтыя людзі трапляюць у Расію па легальных візах, а з Расіі іх арганізаванымі групамі вязуць, напрыклад, у Мінск. Праблемы нелегальных мігрантаў выклікаюць рознагалоссі ўнутры польскай палітычнай сцэны. Прадстаўнікі апазіцыі абвінавачваюць улады ў бесчалавечным стаўленні да мігрантаў. Здараюцца выпадкі сілавога вяртання мігрантаў на беларускі бок. Адзін з такіх выпадкаў абскардзіў у судзе грамадзянін Емену, які падаў праз свайго адваката скаргу на польскую памежную службу ў Ваяводскі адміністрацыйны суд у Беластоку за тое, што яго прымусілі вярнуцца ў Беларусь, хаця ён заяўляў, што намераны падаць у Польшчы заяву аб міжнароднай абароне. Паводле інфармацыі еменца, яго разам з двума іншымі людзьмі даставілі да лініі мяжы, адзін з афіцэраў памежнай службы адчыніў браму ў сталёвым шлагбауме, праз які замежнікам прайшлося вярнуўся ў Беларусь. Упаўнаважаны памежнай службы патрабаваў адмовіць у задавальненні скаргі. Але суд задаволіў скаргу і прызнаў, што дзейнасць памежнікаў парушала шэраг прававых нормаў.

Яшчэ больш вострае абвінавачанне ў адрас дзяржаўных службаў высунула дэпутатка Еўрапейскага парламенту Яніна Ахойска. На яе думку, пагранічнікі, а таксама леснікі маглі браць удзел у пахаваннях памерлых мігрантаў у ананімных магілах. «Гэта вельмі небяспечныя словы», – адзначае віцэ-міністр клімату і навакольнага асяроддзя Малгажата Галіньска (Małgorzata Galińska).

- Людзі ў краінах, адкуль паходзяць мігранты, слухаючы гэтыя абвінавачанні ў адрас польскай дзяржавы, могуць будаваць варожае стаўленне да нашай краіны, а нават нянавісць. Акрамя таго, гэтыя словы, несумненна, выкарыстаюць расійскі і беларускі рэжымы. Сёння мы павінны быць вельмі асцярожнымі. Апазіцыя гэтага не разумее або нават імкнецца, каб у польскай дзяржаве была дэстабілізацыя.

У сакавіку ў Польшчу з Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць мігранты з 30 краін, у асноўным афрыканскіх. Пераважна гэта мужчыны ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў. Жанчыны трапляюцца зрэдку. Справа ў тым, што гэтыя людзі павінны быць мець сілу, каб пераадолець барʼер, а потым прайсці шмат кіламетраў, таму што большасць накіроўваецца ў Германію, Нідэрланды ці Францыю.

IAR/Polskie Radio/нг