Беларуская Служба

Беларуская школа ў Варшаве прымае заяўкі на онлайн-навучанне з 20 краін свету

28.07.2023 17:00
Беларуская школа ў Варшаве набірае навучэнцаў на новы год. Цяпер не толькі ў сталіцы Польшчы, але і ў іншых гарадах: Беластоку, Гданьску, Кракаве, Познані – будуць суботнія заняткі офлайн. Паразмаўлялі з Алесем Лозкам, які летась выступіў з ініцыятывай стварыць беларускую школу ў Варшаве і паспяхова яе арганізаваў.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаShutterstock/Kzenon

«Школа ў нас адбылася. Гэта вельмі прыемна, хаця напачатку, можа, і не верылася. Беларуская школа ў Варшаве мае онлайн і офлайн заняткі. Мы разліваем на тое, што дзеці займаюцца ў краінах пражывання. А прадметы, якіх няма ў праграмах, яны вывучаюць у нас – беларуская кампанента, беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, геаграфія. Мастацтва і іншыя – вывучаюць у нас. Зразумела, што гэта робіцца для таго, каб не губляць сувязь з Беларуссю, і калі мы ўсе вернемся ў Беларусь, дзеці змаглі без стратаў вучыцца ў беларускай школе», – расказвае кіраўнік праекту Алесь Лозка.

Школа патрэбная, гэта бачна па колькасці заяў.

«Мы збіраем заяўкі на новы навучальны год, і заяў у два разы больш, чым летась. Мы ствараем філіялы ў іншых гарадах Польшчы, плануем, што яны будуць адкрытыя ў Беластоку, Гданьску, Кракаве, Познані. Больш за ўсё ў нас заяў ад дзяцей, якія вучацца ў пачатковых школах. Яшчэ бываюць з пятага-шостага класа. Але чым старэйшы клас, тым менш», – тлумачыць Лозка.

Цяпер ёсць заяўкі на онлайн-навучанне з 20 краін свету, сярод якіх Албанія, Беларусь, Грузія, Кіпр, Расія, Чэхія, Японія ды іншыя.

З’явілася патрэба ў беларускай супольнасці ведаць сваё, роднае, сваю гісторыю, культуру, мову

Спадар Алесь расказвае, што не заўсёды гэта вялікае прадстаўніцтва, можа быць і некалькі чалавек з краіны. Тым не менш, запатрабаванасць у вывучэнні скіраваных на Беларусь прадметаў відавочная.

«З’явілася патрэба ў беларускай супольнасці ведаць сваё, роднае, сваю гісторыю, культуру, мову», – кажа спадар Алесь.

Сярод выклікаў для Беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка называе патрэбу стварыць расклад онлайн-заняткаў, які будзе пасаваць людзям, што жывуць у розных гадзінавых паясах, арганізаваць працэс Канешне, заўсёды трэба працаваць над матэрыяльна-тэхнічнай базай – у настаўнікаў павінна быць абсталяванне, якое дазваляе якасна арганізоўваць заняткі праз інтэрнэт.

Цікавы момант і з кадравай палітыкай: размова не пра дэфіцыт, а пра вялікі конкурс сярод настаўнікаў.

«Ёсць добры педагагічны калектыў. Нам давялося рабіць конкурс. Калі настаўнікі даведаліся, што ў нас адкрываецца беларуская школа, да нас звярнуліся больш за сто чалавек. Выявілася, што з Беларусі выехала шмат педагогаў, прычым гэта добрыя педагогі – з вышэйшымі катэгорыямі прафесійнымі, нават н6екалькі кандыдатаў навук. І з іх мы выбірае лепшых», – расказвае Алесь Лозка.

Беларуская школа ў Варшаве прымае заяўкі да пачатку навучальнага года. Але, як кажа Алесь Лозка, ёсць намер далучаць да працэсу адукацыі і на працягу года.

Запоўніць заяўку на навучанне можна ТУТ

вх