Беларуская Служба

Верасень 1939 года – агрэсія супраць Польшчы з трох бакоў: нападзенне Славакіі (ФОТА)

08.09.2023 06:02
У ваенным верасні 1939 года на Польшчу напалі не толькі Германія і СССР, але і Славакія.
Аўдыё
  • Верасень 1939 года – агрэсія супраць Польшчы з трох бакоў: нападзенне Славакіі
Генерал Фердынанд Чатлаш узнагароджвае славацкіх салдат за ўдзел у аперацыі супраць Польшчы commons.wikimedia.org/Nový svet/Unknown author/Public Domain

1 верасня 1939 года на Польшчу напала гітлераўская Германія, 17 верасня – сталінскі Савецкі Саюз. Але ў 39-м годзе быў таксама і трэці агрэсар, які накіраваў сваю зброю супраць суседняй краіны. Гэта была Славакія.

Славацкае ўварванне ў Польшчу 1 верасня 1939 года хоць і з’яўляецца гістарычным фактам, то аднак на фоне агрэсіі Германіі і Савецкага Саюза адыходзіць на другі план. Магчыма, таму, што Славакія заняла невялікую тэрыторыю Польшчы ў параўнанні з двума галоўнымі агрэсарамі.
1 верасня, калі Польшча змагалася з гітлераўскай навалай, на поўдні польскую мяжу перасекла славацкая групоўка войск колькасцю ў 12 тыс. чалавек.

Каранёў славацкай агрэсіі супраць Польшчы трэба шукаць у выніках Мюнхенскага пагаднення 1938 года. На яго моцы Трэці Рэйх заняў частку Чэхаславакіі пры згодзе заходніх супердзяржаў. У 1939 годзе Гітлер, убачыўшы слабасць Еўропы, пад пагрозай бамбардзіроўкі Прагі прымусіў кіраўніцтва Чэхаславакіі адмовіцца ад незалежнасці. У выніку быў створаны Пратэктарат Багеміі і Маравіі. На этнічнай славацкай тэрыторыі 14 сакавіка 1939 года была створаная Славацкая Рэспубліка, якую ўзначаліў ксёндз Ёзаф Ціса. Тагачасная Славакія была краінай-сатэлітам Трэцяга Рэйху.

Негатыўнае стаўленне да Варшавы з боку Браціславы ўзмацнілася пасля таго, як Польшча заняла чэшскае Заользе 1 кастрычніка 1938 года. Славакія памятала таксама пра тое, што Польшча не адрэагавала на заняцце ў 1938 годзе Венгрыяй Закарпацця, якое да Мюнхенскага пагаднення ўваходзіла ў склад славацкай часткі Чэхаславакіі.

Пад ціскам Берліна Славакія аб’явіла мабілізацыю 28 жніўня 1939 года. Да 1 верасня колькасць арміі ўдалося павялічыць да 50 тыс. чалавек, хоць агулам славакі планавалі паставіць пад ружжо 150 тыс. Для ўварвання ў Польшчу была створаная палявая армія «Берналак», якую ўзначаліў міністр вайсковых справаў Славакіі, генерал Фердынанд Чатлаш.


Прэзідэнт Славакі ксёндз Ёзаф Ціса вітае славацкіх і нямецкіх лётчыкаў. 1939-1940 г.  Прэзідэнт Славакі ксёндз Ёзаф Ціса вітае славацкіх і нямецкіх лётчыкаў. 1939-1940 г.

Славакі занялі частку Кракаўскага і Львоўскага паветаў з гарадамі Закапанэ і Новы Тарг. Супраць рэгулярных славацкіх падраздзяленняў змагаліся ў асноўным салдаты Корпусу аховы памежжа, паколькі армія «Карпаты» была толькі на стадыі фармавання. У славацкі палон трапіла 1 тыс. 350 палякаў. Славакі таксама збілі адзін польскі самалёт. Пра смяротныя ахвяры з польскага боку інфармацыя адсутнічае. У сваю чаргу палякі збілі два славацкія самалёты. Акрамя таго, славацкая армія страціла 18 чалавек забітымі, 46 атрымалі раненні і 11 салдат прапалі без вестак.

Істотным з пункту гледжання мілітарнай стратэгіі было значэнне славацкай агрэсіі ў нямецкіх ваенных планах. Ужо ў палове жніўня 39-га года рэжым ксяндза Ціса даў згоду на выкарыстанне Вермахтам славацкай дарожнай інфраструктуры, аэрадромаў і складоў падчас падрыхтоўкі да нападзення на Польшчу. Гэта дазволіла нямецкай 14-й арміі пайсці на Польшчу з поўдня ды расцягнуць і так доўгі фронт.

Адольф Гітлер і ксёндз Ёзаф Ціса. 29 ліпеня 1940 года Адольф Гітлер і ксёндз Ёзаф Ціса. 29 ліпеня 1940 года

У свайго роду падарунак ад Гітлера Славакія атрымала частку Польшчы паверхняю ў 810 квадратных кіламетраў з 54 населенымі пунктамі. Пасля гэтага ў дачыненні да мясцовага насельніцтва пачалася жорсткая акцыя славакізацыі.

Варта падкрэсліць, што не ўсё славацкае грамадства падтрымлівала саюз з Гітлерам і нападзенне на Польшчу. Прыкладам гэтага можа быць тое, што 1 верасня 1939 года ў Кракаве быў створаны Легіён чэхаў і славакаў. Гэтае вайсковае падраздзяленне стварылі чэхаславацкія салдаты і афіцэры, якія былі прымушаныя пакінуць радзіму пасля гітлераўскай акупацыі Чэхіі і прыходу да ўлады рэжыму ксяндза Ёзэфа Ціса ў Славакіі. На жаль, каля 1 тыс. вайскоўцаў не паспелі прыняць удзелу ў ваенных дзеяннях, за выключэннем лётчыкаў, з-за бюракратычных пытанняў і праблем з узбраеннем і абмундзіраваннем. Парадаксальна тое, што падчас маршу легіён быў абстраляны з кулямётаў славацкімі самалётамі. Але, несумненна, гэты факт з’яўляецца пазітыўным прыкладам для польска-чэшска-славацкіх узаемадачыненняў.

Пасол Славакіі ў Польшчы Ладзіслаў Шатмары ў сваім кабінеце ў пасольстве ў Варшаве. 1939 год Пасол Славакіі ў Польшчы Ладзіслаў Шатмары ў сваім кабінеце ў пасольстве ў Варшаве. 1939 год

Іншую пазіцыю таксама заняў пасол Славакіі ў Польшчы Ладзіслаў Шатмары, які асудзіў нападзенне яго краіны і нават 1 верасня 1939 года выступіў па Польскім радыё, раскрытыкаваўшы браціслаўскі рэжым за агрэсію супраць суседняй краіны. Дыпламатычную ноту з асуджэннем Шатмары перадаў у МЗС Польшчы і папрасіў распаўсюдзіць яе змест у польскім друку. Ён пакінуў краіну акрэдытацыі разам з польскім урадам, накіраваўшыся ў Румынію пасля нападзення на Польшчу Савецкага Саюза 17 верасня 1939 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу