Беларуская Служба

Беларуская акторка ў эміграцыі: Мы павінны захаваць нацыянальны тэатр і набрацца еўрапейскага досведу

29.10.2023 15:13
Аб стане і задачах беларускага тэатру ў эміграцыі наш карэспандэнт размаўляе з рэжысёркаю з Мінску.
Аўдыё
  • Аб стане і задачах беларускага тэатру ў эміграцыі наш карэспандэнт размаўляе з рэжысёркаю з Мінску.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock

Культура змяняе свой погляд на задачы і місію

Да эміграцыі спадарыня Валянціна выкладала спецыялізаваныя тэатральныя дысцыпліны ў беларускіх навучальных установах. Апроч гэтага яна рэжысёр і ставіла спектаклі. Размова адразу завязалася пра беларускі тэатр, яго стан, перспектывы.

Ёй добра знаёмы еўрапейскія тэатры, іх творчасць, а таму яна пачынае размову з таго, што беларускаму тэатру была і цяпер патрэбна рэформа самога тэатру і тэатральнай адукацыі.

І звязвае гэта з тым, што дзяржаўны тэатр у Беларусі застаецца пераважна традыцыйным, так бы мовіць класічным, але ўжо напачатку двухтысячных побач з ім сфарміраваўся новы незалежны тэатр з іншай мастацкай мовай, іншымі падыходамі, які не на ўтрыманні дзяржавы, а сам прабівае сабе дарогу.  

-Сучасны тэатр ён больш гарызантальны, сацыяльна арыентаваны. Наагул, культура змяніла свой погляд на задачы, на місію. І вось тэатр стаў іншым.

І з гэтым, паводле суразмоўніцы, ужо пазнаёміўся беларускі глядач.

-Ну вось у Мінску з’явілася пляцоўка “ОК 16”, дзе не было традыцыйнай сцэны, а толькі такая гарызанталь. Па сутнасці – вось глядач, вось актор – усе разам. І гэта ўжо дыялог паміж людзьмі пра тое, што для нас вельмі важнае. І гэта неабавязкова класічная п’еса.

Рэжысёрка згадвае пра адзін з такіх спектакляў - “11 красавіка”. У гэты дзень адбыўся тэракт у мінскім метро ў выніку якога загінулі 15 чалавек і амаль 400 атрымалі раненні.

-Мы не ведалі, як гледачы ўсё гэта будуць успрымаць. Але напрыканцы спектакля людзі пагадзіліся застацца для ўдзелу ў дыскусіі. І мы цэлую гадзіну размаўлялі наконт гэтай праблемы. І пазней спектакль праходзіў на розных пляцоўках. У нас таксама была пастаноўка пра хатні гвалт і мы зноў такі пасля яе сканчэння абмяркоўвалі праблему з гледачамі.

Паводле маёй суразмоўніцы, такіх праектаў у Мінску было ўжо некалькі, яны таксама пачыналі з’яўляцца і ў іншых гарадах. На яе думку, зараз менш цікава рабіць спектаклі на аснове класічных п’есаў.

-Тое, што зараз адбываецца ў нашым жыцці патрабуе іншай мовы, іншай драматургічнай асновы. У Беларусі зараз шмат маладых і значных драматургаў і ёсць вялікая колькасць добрых п’есаў. І гэта можа быць таксама нагодай для новага сучаснага спектакля.

Праўда, мая суразмоўніца не без жалю дадае, што пасля падзей 2020 году ўсе пляцоўкі зачынілі, незалежныя тэатры больш не маглі працаваць у Беларусі, а акторы і іншыя творчыя адмыслоўцы вымушаны былі з’ехаць у эміграцыю.

 

Складана, але не значыць, што нічога няма

У эміграцыі, як заўважае спадарыня, тэатральную дзейнасць працягваць вельмі складана з розных прычын, але гэта, паводле яе, не значыць, што беларускія акторы нічога не паказваюць на сцэне.

-Гэта вельмі складана, але ўсе неяк працуюць, нешта мы робім. Ну вось нядаўна паставілі ў Празе разам з чэшскімі і ўкраінскім калегамі дакументальны спектакль пра эміграцыю, пра ўцекачоў і наагул пра тое, што з намі ўсімі зараз адбываецца.

У планах спектакль пра жанчын-палітвязняў. Спадарыня Валянціна кажа, што зараз шукаюць сродкі на яго пастаноўку. Паводле яе, такая тэма цяпер з’яўляецца найбольш актуальнай, каб аб ёй гаварыць у тым ліку і са сцэны. Але на тое, каб увасобіць яе ў жыццё, шмат у чым залежыць ад фундатараў.

Дарэчы, што датычыць актораў, то яны імкнуцца кожны зарабляць на жыццё сваім спосабам і, як правіла, жывуць у розных гарадах.

-Уся наша каманда – усе выехалі. Усе спрабуюць неяк уладкавацца, шукаюць працу. Мы збіраемся на канкрэтны праект. Вось ёсць магчымасць - і мы ўсе тут.

Дарэчы, што  датычыць падтрымкі польскай публікай беларускага тэатру, то тут, паводле маёй суразмоўніцы, не ўсё адназначна. Яе польскія калегі па сцэне падтрымліваюць іх дзейнасць, кажуць, што варта пра сябе заяўляць, каб польскі глядач ведаў беларускі тэатр.

-Але для палякаў мы ўсё роўна чужыя. У іх ёсць свой тэатр, свае нейкія традыцыі. Мы для іх у нейкім сэнсе канкурэнцыя. Яны не вельмі хочуць, каб мы аб’ядналіся. Ну вось, пакуль так.

 

Нічога не скончана…

Цікаўлюся ў спадарыні Валянціны – ці здолеў беларускі тэатр у эміграцыі за тры гады пераасэнсаваць тое, што адбылося з беларусамі ў 2020-ым і ўвасобіць гэта на сцэне? На яе думку, гэтыя спробы ўвесь час робяцца крок за крокам. Як прыклад, яна згадвае праект па беларускаму драматургічнаму тэксту “Паўгады”, іншыя спектаклі.

-Мы адчуваем, што яшчэ няма той самай дыстанцыі, каб паглядзець на ўсё з адлегласці. Мы дагэтуль яшчэ не звонку, мы ўнутры і мы яшчэ ўсё гэта перажываем і пераасэнсоўваем. Але праекты, спектаклі робяцца.

Што датычыць супрацьлеглага боку, то паводле суразмоўніцы, не сканчаюцца затрыманні і катаванні беларусаў, бо на самым версе таксама разумеюць, што нічога не скончана.

-Сістэма гэтая трымаецца толькі на насіллі, на гвалце. Ён жа разумее, што нічога не скончылася, пратэсту не бачна, але ён ёсць. Так, у 20-м годзе была надзея, потым яе не стала. Людзі з’язджалі, з’язджалі, але многія засталіся і яны не падтрымліваюць уладу, супраць яе і вядуць сваю ціхую працу. Улада гэта разумее.

Наагул, адно з самых значных адкрыццяў падчас пратэстаў у 2020 годзе для маёй суразмоўніцы стала адкрыццё свайго народу.

-Я не ведала, што ў нас такая колькасць прыгожых, моцных, адукаваных людзей, якія могуць ахвяраваць сабой. Я адкрыла для сябе беларускі народ . У нас не было магчымасці бачыць адзін аднаго. А тут мы пабачылі якія былі прыгожыя маршы – проста перформансы, колькі плакатаў, колькі музыкантаў – як гэта ўсё было прыгожа, моцна, таленавіта. Якая культура, як людзі адзін аднаго падтрымлівалі…

 

Што там адбываецца? Добрых спектакляў няма…

Размаўляючы пра рознае мы з спадарыняй Валянцінай усё ж вяртаемся ізноў да тэмы тэатру. Цікаўлюся – што, на яе погляд, зараз уяўляе сабой беларускі тэатр у Беларусі? Як цяпер выглядае Купалаўскі тэатр у рэпертуары якога толькі адна п’еса засталася на беларускай мове?

 Паводле маёй суразмоўніцы, цяжка акрэсліць што там адбываецца, але адзінае аб чым можна сказаць – добрых спектакляў няма.

-Тыя вартыя спектаклі, якія былі іх папросту прыбіраюць з рэпертуру. Тэатр юнага гледача быў таксама пераважна беларускамоўны, але зараз там ідуць спектаклі на расейскай мове. Дырэктарка Вера Палякова дэкларуе, што зараз гэта палітыка тэатру, каб нашым суседзям з усходу, якія прыязджаюць у горад, усё было зразумела калі яны наведваюць тэатр. А Купалаўскі тэатр – гэта ўжо не Купалаўскі… Тэатр – гэта не калоны, не будынак, а людзі. А людзей там няма, а тое, што ёсць – гэта не трупа тэатральная. Купалаўскі тэатр зараз у Варшаве…

 

Перад намі стаяць важныя задачы

Паводле суразмоўніцы, перад беларускімі акторамі і рэжысёрамі, якія апынуліся ў эміграцыі стаяць важныя задачы: захаваць беларускі тэатр у выгнанні, набрацца еўрапейскага досведу, а таксама стварыць новую еўрапейскую тэатральную адукацыю.

-Усё, што мы можам тут узяць для сябе ў прафесійным сэнсе, мы павінны гэта зрабіць. Гэта адбываецца. Мы, як людзі творчыя, напаўняемся тым, што бачым у Польшчы, Германіі, Чэхіі… Гэта добры і важны досвед. Але мы павінны застацца беларускімі творцамі і таксама зрабіць сваю новую тэатральную адукацыю, якая дасць нам магчымасць падрыхтаваць актора, які зможа працаваць і ў польскім тэатры, і ў чэскім, і ў Францыі, і ў Беларусі, і дзе заўгодна.

 

Павел ЗАЛЕСКІ