Польскі электронны часопіс «Kontakt» арганізаваў літаратурны конкурс «Дзённікі ўцекачоў». У кнізе сабраныя самыя цікавыя апавяданні ўцекачоў, якія апынуліся ў Польшчы. У лік 25-ці найлепшых твораў апынуліся «Лісты маме» беларускі Крысціны.
Гэтая падзея нарадзіла ў Крысціне ідэю напісаць кнігу, у якую б увайшлі апавяданні толькі беларусаў, якія пасля 2020 году сталі ўцекачамі. Чаму? Таму што беларусам ёсць, што расказаць. Нічога не закончылася, трагедыя беларусаў пасля 2020 года працягваецца. Але ці ведаюць пра гэта людзі? – задае пытанне Крысціна:
-Для беларусаў выгаварыцца, сказаць праўду, якую яны прайшлі і праходзяць цяпер, надзвычай важна. Я думала, як гэта можа быць для беларусаў. Выпусціць кнігу праўды – гэта важна, калі загавораць усе беларусы, няхай ананімна. Дагэтуль беларусы праходзяць праз страх, нягледзячы на тое, што яны абаронены і знаходзяцца ў іншай краіне. Гэта страх за родных у Беларусі. Кожны павінен падняць свой голас за праўду. Нішто не закончылася, усё працягваецца, ніхто не ведае, калі яно закончыцца. Калі мы перастанем маўчаць, то можам наблізіць момант, калі яно закончыцца. Паколькі ўсё гэта разам называецца злом. Гэта вельмі важна, і кніга беларусаў будзе!
Крысціна кажа, што хочацца напісаць кнігу беларусаў, расказваючы не толькі пра несправядлівыя рэпрэсіі, але і хочацца расказаць пра лёсы, паказаць асобу:
-Мы хочам расказаць пра жывых людзей, якія зрабілі свой выбар, прайшлі праз выпрабаванні і нясуць адказнасць за тое, што яны зрабілі з гонарам. Чаму ў 2020 годзе беларусы выйшлі? Нацыя зрабіла свой выбар, але зноў была абманутая. Таму людзі выйшлі і заявілі пра свой выбар голасна. Менавіта з гэтага хочацца пачаць кнігу беларусаў: з выбара і рашэння быць чэснымі да канца, з патрабавання справядлівасці і законнасці.
Другая частка кнігі – найбольш цяжкая і крывавая, паколькі людзі раскажуць аб тым, як іх затрымлівалі, катавалі і гвалтавалі «слугі лукашэнкі». Трэцяя частка – пра тых беларусаў, якія паспелі ўцячы:
-Пра вымушаную эміграцыю, пра людзей, якія страцілі свае дамы і родных з-за вайны, якую распачаў Лукашэнка ў Беларусі супраць беларусаў. Таксама пра беларусаў, якія цяпер з’яўляюцца закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, якія жывуць у Беларусі і чакаюць, што ў іх дом уломіцца група ўзброенага АМАПу. Кніга з’яўляецца часткай аб’яднанага глабальнага праекту беларусаў у эміграцыі. Мы яго называем «Беларус для беларуса». Мэтай з’яўляецца падтрымка і ўзаемадапамога ўнутры беларускай супольнасці за межамі самой Беларусі, – расказвае Крысціна.
Да супрацы з Крысцінай далучылася беларуская драматург, паэт, празаік Дзіяна Балыка. У творчасці ёй заўсёды былі цікавыя гарачыя кропкі. Беларусь цяпер – гарачая кропка і адкрытая рана, пра якую хочацца гаварыць моваю яе герояй, кажа Дзіяна:
-Калі гісторыі не будуць вербалізаваныя, а будуць толькі нашэптаны на кухні, то раніцай яны знікнуць. І ўся гістарычная праўда застанецца ў дазволеных прапагандысцкіх клішэ Азаронка і Мукавозчыка. І такой гэтую гісторыю запамятаюць нашыя нашчадкі. А яна іншая для большасці беларусаў. Мы з Крысцінай хочам зрабіць кнігу, якая не будзе перасякацца з праектам ПЦ «Вясна», якая дакументуе гісторыі катаванняў, у асноўным фізічныя траўмы. Але ёсць траўмы, якія невядома, як зафіксаваць, як памераць лінейкай. Гэта той сіняк, які лінейкаю не мераецца. Гэта душэўныя траўмы, якія абавязкова трэба вербалізаваць. Калі яны не будуць высказаныя, то яны знікнуць з вербальнага поля нашай гісторыі. Гэта адзінае, што мы можам пакінуць нашым нашчадкам у якасць гістарычнай крыніцы.
Дзіяна і Крысціна шукаюць партнёраў: выдаўцоў, аўтараў ідэй, друкарню, журналістаў, якія напішуць пра праект, распавядуць пра яго іншым. Другая патрэба – гэта гісторыі беларусаў.
-У кожнага беларуса ёсць свая гісторыі. Нерасказаных заўсёды больш, чым расказаных. Гэта кніга ніколі не закончыцца, пакуль не будзе расказаная апошняя гісторыя беларуса, які жыў у гэтым часе. Я хачу, каб такіх праектаў і кніг было шмат, з рознай канцэпцыяй. Каб мы гаварылі пра гэта і выходзілі на сусветную павестку. Каб гэтыя кнігі былі перакладзены на многія мовы, каб Еўропа пра нас ведала. Цяпер на павестцы краіны, дзе рэальна страляюць, а Беларусь, якая знаходзіцца на балотах, яна тлее, а людзі атрымліваюць раненні, людзі з’язджаюць. Кожны, хто можа, павінен гаварыць. Святлана Ціханоўская гаворыць аб адным, спадар Латушка пра іншае. Кожны беларус, які хоча прыблізіцца да свабоднай Беларусі, гаворыць як можа. Я не магу ўзяць зброю ў рукі, але я жаўнер літаратуры. Маю куля, якой я страляю, гэта слова. Я гатова збіраць людзей вакол нас з Крысцінай, каб страляць нашай зброяй – словам, – расказвае Дзіяна Балыка.
Беларусы, якія хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, могуць скантактавацца з аўтаркамі ідэі, а таксама дасылаць свае творы ў групу ў Фэйсбуку «Беларусы ў Польшчы. Białorusini w Polsce».
ав
слухайце аўдыё