Беларуская Служба

Паляванне на палякаў у Беларусі. Спецслужбы пайшлі на моўныя школы

09.01.2024 16:08
Беларускія ўлады абрынулі шквал рэпрэсіяў на школы па вывучэнню польскай мовы – шукаюць там уладальнікаў «карты паляка».
Karta Polaka to dokument poświadczający przynależność do narodu polskiego
Karta Polaka to dokument poświadczający przynależność do narodu polskiegohttps://www.gov.pl/

Беларускія спецслужбы вымусілі зачыніцца каля 10 камерцыйных устаноў, дзе вывучалі польскую мову. Кіраўніцтва затрымліваюць, ад супрацоўнікаў патрабуюць спісы выкладчыкаў і студэнтаў, якім пагражае пераслед.

Прапаганда пагражае рэпрэсіямі больш чым 160 тысячам чалавек, размова пра ўладальнікаў «карты паляка». Антыпольская кампанія ідзе насуперак заявам Аляксандра Лукашэнкі, што пасля змены ўлады ў Варшаве ён гатовы да паляпшэння адносінаў.

Пра спыненне працы, напрыклад, абвясціла моўная школа «ПанПрафесар», якая вучыла мове дзевяць год. Адміністратар яе старонкі ў Facebook апісаў ператрус, праведзены службамі ў штаб-кватэры кампаніі, які адбыўся 21 снежня 2023 года.

«Нам адразу параілі: 1) спыніць рэкламу, 2) зачыніць офіс і прыпыніць заняткі (ужо падчас візіту «гасцей» шыльды з надпісам «ПанПрафесар» знялі з дзвярэй), 3) самім ліквідаваць фірму. У сувязі з тым, што ў нас няма ні рэсурсаў, ні магчымасцяў супрацьстаяць нечаму падобнаму, мы прынялі балючае, але адзіна магчымае ў гэтай сітуацыі рашэнне: закрыць беларускую ўстанову».

Канал «Кніга ГУ «База» ў Telegram, блізкі да Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, 21 снежня апублікаваў фота з ператрусу ў школе «Польскіпро». Дырэктара Вадзіма Свістунова, хутчэй за ўсё, затрымалі, а сайты адключылі.

«Чарговая порцыя спісаў з «картамі паляка» размешчана там, дзе трэба», што «будзе ўплываць на лёс патэнцыйных здраднікаў», – заявілі сілавікі.

У відэазапісе Свістуноў прызнаўся, што вучыў польскай мове, дапамагаў атрымліваць карты паляка і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Тэарэтычна наяўнасць дакументу аб польскай нацыянальнасці законная, але на практыцы цяпер гэта ставіць чалавека пад удар рэпрэсій.

«Спачатку танныя паездкі "на закупы", потым падвойная лаяльнасць, пазней – праца супраць уласнай краіны. Дзякуй Богу, беларускі СМЕРШ працуе», – піша прапагандыст Рыгор Азаронак пра ўласнікаў «карты паляка».

З ліпеня 2023 года ўлады Беларусі патрабуюць ад грамадзян паведамляць пра наяўнасць дазволу на жыхарства, пашпарту іншай краіны і іншых дакументаў, выдадзеных іншымі дзяржавамі. Дзяржслужачыя ўвогуле не могуць мець «карту паляка».

Пасля апошніх выбараў Лукашэнка радаваўся паразе ПіСа і заяўляў пра гатоўнасць паправіць адносіны з Варшаваю. Але паляванне на людзей, якія маюць «карты паляка», зняпраўджвае гэтыя словы, піша Міхал Патоцкі.

Dziennik Gazeta Prawna/вх