Беларуская Служба

Адміністратар суполкі «Беларусы ў Польшчы»: Калі вы з «Белоруссии», вам трэба ў іншую групу

14.02.2024 18:40
За некалькі месяцаў група вырасла на некалькі тысяч чалавек, якія зацікаўленыя ў супольных актыўнасцяў, падтрымцы, кантактаванні.
Аўдыё
  • Група «Беларусы ў Польшчы». Размова з адміністратарам Крыстынай Каграманян.
     .        .
Сустрэча членаў групы «Беларусы ў Польшчы». Крыстына Каграманян – другая злева ў ніжнім радзе.Фота: БСПР/нг

У Польшчы жывуць сотні тысяч выхадцаў з Беларусі. Сярод тых людзей, якія прыехалі на працягу апошніх трох гадоў, вельмі шмат актывістаў, гатовых ладзіць жыццё на новым месцы не толькі сабе, але дапамагаць таксама іншым. Такія беларусы ўзнавілі працу групы ў сацсетках «Беларусы ў Польшчы». Суполка існавала дагэтуль каля 13 гадоў, але цяпер новыя ўладальнікі далі ёй другое жыццё, – распавядае адміністратарка групы Крыстына Каграманян.

- Гэта была беларуская група, але ў нейкім незразумелым стане. Мы яе купілі і вырашылі зрабіць вялікую суполку актыўных беларусаў. За некалькі месяцаў наша група вырасла на некалькі тысяч чалавек, якія зацікаўленыя ў супольных актыўнасцяў, падтрымцы, кантактаванні. Гэта надзея на тое, што паявіцца сур’ёзная беларуская дыяспара ў Польшчы, якая будзе мець моцны голас, будзе праводзіць мерапрыемствы, а можа калісьці нават і створыць партыю.

У нас 12 тыс чалавек, кожны дзень далучаюцца новыя. У групе ёсць правіла: дзве асноўныя мовы – беларуская і руская, каб людзі адчувалі сябе камфортна. Мы збіраемся, вучым беларускую мову, тут мы яе вучым, хаця ў Беларусі – не вучылі. Але калі звяртаецца чалавек з «Белоруссии» – краіны, якая даўно не існуе, дык гэта хутчэй расіянін. Мы – з Беларусі, мы – беларусы. І таму, калі вы з Расіі, вам трэба пашукаць іншую групу.

Цяпер суполка «Беларусы ў Польшчы» ладзіць конкурс, на які можна прысылаць здымкі сваіх любімых месцаў у тых гарадах Польшчы, дзе пражываюць беларусы.

Гутарка адбылася ў Варшаве падчас адной з сустрэч удзельнікаў групы. Яны дамовіліся сустракацца і ладзіць супольныя мерапрыемствы кожны тыдзень.

Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым аўдыёфайле

нг