Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: Хочацца напісаць кнігу пра гэты час…

18.02.2024 08:17
Наша гераіня у 20-м была на плошчы, страціла бізнес, з’ехала ў эміграцыю і не змагла прыехаць на пахаванне таты.
Аўдыё
  • У спадарыні Наталлі свой эмігранцкі лёс і яна не вельмі хацела ім дзяліцца, але неяк мы ўсё ж сустрэліся і паразмаўлялі.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/BRAIN STORM

Прайшоўшы ўсе гэты выпрабаванні, напісала на беларускай мове два практычныя псіхалагічныя дапаможнікі аб тым, як ратавацца ад стрэсу. І ёсць яшчэ планы на жыццё…

Працавала ў школе, была ў БРСМ…

У спадарыні Наталлі свой эмігранцкі лёс і яна не вельмі хацела ім дзяліцца, але неяк мы ўсё ж сустрэліся і паразмаўлялі. Па першай адукацыі мая суразмоўніца настаўніца рускай мовы і літаратуры. Распавядае, што працавала ў школе, але да той пары пакуль там не пачалі ўводзіць ідэалогію, патрабаваць справаздачы, розныя паперкі, а на тое, каб займацца адукацыяй часу не ставала.

Не хавае, што была ў БРСМ, кажа што нічога дрэннага і там не зрабіла, наадварот разам з моладдзю прыбірала могілкі, арганізоўвала спартыўныя спаборніцтвы, імкнулася жыць сучасным жыццём. Але гэтага дзяржаве было за мала і калі на моладзевую арганізацыю пачалі пільна ўздзейнічаць старэйшыя сябры з “Белай Русі”, пакінула яе.

Урэшце жанчына занялася бізнесам, мела некалькі крамаў на Віцебшчыне, гандлявала пераважна беларускімі таварамі лёгкай прамысловасці, падтрымоўваючы гэтым самым айчыннага вытворцу. А ў 20-ым годзе апынулася на плошчы разам са сваім народам.

Усё было ў тым 20-м…

-Затым мы пачалі ездзіць на акцыі ў Мінск. То на маёй машыне, то часам на машыне сяброў. Я ўдзельнічала ва ўсіх вялікіх акцыях, нічога не прапускала.

Спадарыня кажа, што тады давялося шмат перажыць падчас сутыкненняў з сілавікамі – і ўцякалі і адбіваліся.

-І плот вялікі быў, які давялося пераскокваць. Але, дзякуй Богу, уцяклі. І вадой нас гэтай рыжай аблівалі і адмысловыя меткі на адзенні заставаліся…

Яна ў той час атрымлівала другую адукацыю – псіхалагічную. І распавядае, што атрыманыя веды імкнулася прымяняць, калі патрэбна была такая дапамога людзям.

А потым яе выклікалі ў міліцыю. Запілінгавалі па лакацыі, што ў той час, дзе адбываўся пратэст, знаходзілася там і размаўляла па тэлефоне. Сілавікі нават паказалі ёй фота і відэаматэрыялы на якіх нібыта была яна. Але высветлілася, што гэта была зусім іншая жанчына.

-Удалося ад усяго адмовіцца. Маўляў, так праходзіла там побач, размаўляла па тэлефоне. А што хіба нельга хадзіць па цэнтру гораду…

Але гэта быў толькі пачатак. Яна не спыняла сваю дзейнасць: дапамагала сем’ям палітвязням, перадавала харчы і ўсё неабходнае для затрыманых у ізалятары. Урэшце сілавікі зацікавіліся яе бізнесам. Раптам пачаліся праверкі, прыходзілі падаткавікі і пажарныя, пасыпаліся штрафы.

Страціла бізнес

-Я ўжо зразумела, што чакаць няма чаго. Паразмаўляла з бацькам, пазачыняла крамы акрамя адной. Усё ж надзея цяплілася, што хутка вернемся. Але 24 лютага 2022 года ў маю краму прыйшлі незнаёмыя людзі, выгналі майго прадаўца і пачалі з яго тэлефона тэлефанаваць да мяне. А ты дзе? Прыязджай.

Яна тады спакойна адрэагавала і прапанавала дасылаць пісьмовыя пытанні, паведаміўшы, што з імі будзе размаўляць адвакат.

-Адвакат мой размаўляў з імі, на мяне двойчы ўзбуджалі крымінальную справу. І вось цяпер я не маю сувязі з адвакатам, ён дапамагаў такім людзям, як я. А што датычыць крамы, то прадавец распавяла, што з крамы вывозяць рэчы…

Папросту кажучы, спадарыня Наталля страціла тады шмат, але, паводле яе, не гэта галоўнае, маўляў, жыццё даражэй.

-Калі казаць пра бізнес менавіта, то было шкада, але не таго, што страчваю, а што нічога зрабіць не магу з тым, што адбываецца. З розумам сябрую, законаў не парушаю, раблю карысную справу. Слёзы ліліся ад таго, што, да прыкладу, у гарадку прыходзяць людзі, здзіўляюцца, як так, такая добрая крама закрываецца. Усё можна было купіць, простыя рэчы для жыцця: трусы, майку, наскі, сукенку нейкую… А зараз што, за трусамі нам у Віцебск ездзіць, як 40 гадоў таму?

Спадарыня Наталля трохі расхвалявалася, на хвілінку задумалася і працягвае.

-З аднаго боку я злавалася на людзей, казала ім чаму не ідзяце ў раённы Савет і не скажаце там, што добрая крама зачыняецца. А яны…, ну што яны. Як усе прыгнечаныя людзі – а што мы зробім, што наш голас, хто нас паслухае. І вось была такая злосць на людзей – ну чаму вы маўчыце, у вас адбіраюць апошняе. А з іншага боку – што было рабіць з такой дзяржавай? З аднаго боку быў адчай, але адначасова і жаданне працягваць, супрацьстаяць.

Ад смутку ратуе праца

У Польшчы спадарыня Наталля пачала працаваць і кажа, што ад пачатку не імкнулася нешта атрымаць ад польскай дзяржавы, была ўдзячная за тое, што ў гэтыя цяжкія часы яна прыняла беларусаў. Але менавіта тут яе заспелі трагічныя абставіны.

-У мяне быў тата вельмі хворы і ў 23-ім годзе ён памёр, а я не магла паехаць на пахаванне. Ён мне казаў, дачка, я буду жыць, а ты ўжо багата чаго зрабіла, глядзі ўперад і кроч. Гэта было вельмі цяжка перажыць. Мама мая памерла раней і зараз я адна.

Яшчэ адна непрыемнасць, што папсавала настрой у Польшчы. Гаспадар, які здаваў ёй кватэру пачаў неадэкватна да яе ставіцца: не выпускаў з кватэры, альбо не пускаў у дом, калі яна вярталася. Давялося звяртацца ў паліцыю. Але і гэта неяк перажыла, праўда, кажа, што стаўленне да палякаў засталося дваякае.

Мая суразмоўца імкнецца засяроджвацца на працы, бо хочацца зрабіць нешта, што застанецца для іншых. Яна ўжо падрыхтавала дзве кнігі на беларускай мове.

-Гэтыя кніжкі больш з адукацыяй звязаны, з працай мозгу, з тым, як сабе дапамагаць у стрэсавых сітуацыях. Я сама ўсё гэта прайшла, маю досвед і маю адпаведную адукацыю.

Дахаты, як толькі з’явіцца магчымасць

Спадарыня кажа, што з Беларуссю пастаянна на сувязі, гэта не адпускае. І дахаты яна збіраецца, як толькі з’явіцца такая магчымасць.

-Гэта і мая мара і жаданне. Чалавеку дае магчымасць жыць і адчуваць сябе на належным узроўні энергіі і нейкіх мараў і жаданняў калі ў яго засталося нешта няскончанае. А ў мяне ў Беларусі шмат няскончанага.

Яна ізноў трохі задумалася...

-У мяне ёсць мара напісаць кнігу на беларускай мове пра гэты час. Зараз пішу багата чаго ў стол. А вельмі хачу пакінуць свой след для беларускай мовы, літаратуры, для людзей. Няхай яе прачытаюць пяць чалавек, лепш, калі больш, але дакладна - вось так…

Павел ЗАЛЕСКІ