Міграцыя народаў заўсёды была і будзе, колькі ёсць свет. Людзі пераязджаюць у пошуках бяспекі, у пошуках лепшага жыцця. Пра эміграцыю, месцы, дзе чалавеку прасцей і лепш жыць, рэдакцыя пагутарыла з Віялетай Нікіцік, якая з'ехала з Беларусі ў 2017 годзе.
Віялета знаёмая з жыццём мігранта ў ЗША – яна выйграла латарэю «Грын кард», некаторы час жыла ў гэтай краіне. Цяпер наша суразмоўца жыве ў Польшчы, таксама як эмігрантка, працуе псіхолагам, дапамагае суайчыннікам пераадолець эміграцыйны стрэс.
Калі ёсць выбар, куды лепш зʼехаць: у краіну больш развітую за Беларусь, ці ў бяднейшую за Беларусь, умоўныя ЗША ці Грузія? Як эканамічны ўзровень краіны ўплывае на адаптацыйны працэс эмігранта?
Віялета Нікіцік: Што тычыцца сацыяльна-культурнай падтрымкі ў адаптацыі, то Польшча значна мацнейшая за ЗША. У Штатах галоўная адаптацыя ідзе праз тое, што людзі туды імкнуцца. Каб туды дабрацца, мала перайсці мяжу, праплыць раку – трэба акіян пераплыць. Туды трапляюць людзі больш матываваныя нават, калі яны былі вымушаныя пакінуць сваю краіну. У ЗША асноўная адаптацыя праходзіць праз эканамічную інтэграцыю. Калі ты хочаш там жыць, павінна быць большая матывацыя да жыцця і больш высокі жыццёвы патэнцыял. Таму тыя мігранты, якія трапляюць у ЗША, ужо самі па сабе больш адаптыўныя, мацнейшыя.
Я не магу сказаць, што там дзяржава дрэнна падтрымлівае, або фінансуе новых мігрантаў, але ўсё робіцца праз рукі лакальных кам'юніці, лакальных дыяспар, мясцовых суполак. Там, можа акрамя Нʼю-Ёрка, беларусы ў Чыкага, Сан-Францыска і Маямі мелі нейкія механізмы дапамогі мігрантам.
Як дыяспары дапамагаюць сваім у ЗША
Віялета Нікіцік: Палякі, увогуле, маюць там моцныя структуры падтрымкі эмігрантаў і свае інстытуты культуры. Вялікі рэсурс дапамогі ідзе праз касцёл, праз рэлігію. У беларусаў гэта таксама ёсць, аднак беларусы ў разы менш рэлігійныя, чым палякі. Напрыклад, у Чыкага ёсць беларуская царква, але шмат хто з беларусаў, якія туды прыязджаюць, першыя 5-10 гадоў нават не ведаюць, што там ёсць беларуская царква.
Толькі пасля 2020 года беларусы крыху абудзіліся, асэнсавалі, што яны беларусы, што трэба дапамагаць сваім, што ў краіне бяда. Дыяспара, людзі, актывісты пачалі выбудоўваць свае інстытуты, механізмы, збіраць дапамогу, каб падтрымліваць тых, хто цяпер прыязджае.
Еўрапейская культура больш сардэчная, чым амерыканская
Віялета Нікіцік: Шмат уцекачоў імкнецца эміграваць у Польшчу, у Еўропу, бо тут сацыяльна-культурная дапамога ўцекачам на шмат больш развітая. Там, у ЗША, груба скажам, – бессардэчны капіталізм. Хочаш жыць? – ідзі працуй, ніхто цябе шкадаваць не будзе. Еўрапейская культура больш сардэчная – тут стараюцца больш пашкадаваць, дапамагчы.
Сама беларуская дыяспара ў Польшчы мацнейшая, усе механізмы дапамогі тым, хто прыехаў, больш распрацаваныя. Палякі ўключыліся дапамагаць беларусам. У гэтым параўнанні з ЗША я б сказала, што Польшча больш прывабная і мацнейшая. Я кажу не толькі пра грашовыя рэсурсы, але я ўпэўнена, што адсотак, які накіроўваецца на дапамогу мігрантам у Польшчы, большы, чым у ЗША.
Асаблівасці Грузіі
Віялета Нікіцік: У Грузіі тым беларусам, якія могуць працаваць онлайн, напачатку, можа, і было лягчэй, бо там можна карыстацца рускай мовай, асабліва дарослыя грузіны яе ведаюць. Сама краіна эканамічна слабейшая за Польшчу, і, як я разумею, за Беларусь таксама. Я ведаю, што шмат хто з беларусаў спрабуе пераехаць у Польшчу.
У Грузіі на пачатку былі адносна ніжэйшыя цэны на кватэру, на ежу, але цяпер значна пайшлі ўгару і стала значна цяжэй. На колькі я ведаю, у Грузіі практычна немагчыма легалізавацца, у той час, як гэта адносна лёгка зрабіць у Польшчы. У Грузіі людзям, якія не могуць вярнуцца на Беларусь, немагчыма зрабіць новы пашпарт, грузінскія «карты побыту» вельмі складана атрымаць, грамадзянства, кажуць, увогуле нерэальна.
Спачатку шмат беларусаў паехалі ў Грузію, бо там не была патрэбная віза, але цяпер усё выглядае больш складаным. З боку дзяржавы ніякай дапамогі не было, была дапамога саміх грузінаў.
Пра пасткі ў эміграцыі слухайце ў далучаным файле
Падрыхтавала Яланта Смялоўская