Беларуская Служба

За 2023 год у Польшчу пераехала 60 тысяч беларусаў

22.02.2024 06:11
Aналітыкі Picodi.com прааналізавалі новыя звесткі польскіх статыстычных агенцтваў і палічылі, колькі яшчэ беларусаў пераехала ў Польшчу.
Аўдыё
  • За 2023 год у Польшчу пераехала 60 тысяч беларусаў
Ілюстрацыйны здымакфота: Shutterstock/Robson90

Даследаванне Picodi цікавае тым, што для ацэнкі колькасці беларусаў бярэцца пад увагу польская сістэма PESEL.

Галоўныя вывады: за 2023 год у Польшчу пераехала 60 тысяч беларусаў; за апошнія 5 гадоў (з 2019 года) колькасць беларусаў у Польшчы вырасла ў 6,5 разоў; агульная колькасць беларусаў, якія пражываюць у Польшчы ў пачатку 2024 года, ацэньваецца ў 310 тысяч чалавек.

Аналітык Picodi.com Мікалай Кашчэеў(Mikołaj Kasiej) распавядае, як яны праводзілі падлік:

-Нашае даследаванне грунтавалася на польскім рэестры ўліку насельніцтва PESEL. Частковыя звесткі з рэестру знаходзяцца ў свабодным доступе. Гэтая база дадзеных утрымлівае спіс усіх магчымых імёнаў людзей, якія пражываюць у Польшчы. Побач з кожным іменем паказана колькасць яго носьбітаў. Мы думаем, што дадзеныя з рэестра PESEL лепш адлюстроўваюць рэальнасць, паколькі ён бярэ пад увагу тых, хто ўжо атрымаў польскае грамадзянства. У сваю чаргу ўпраўленне па справах замежнікаў улічвае толькі замежнікаў з дазволамі на пражыванне. Для мужчын і жанчын у нас была розная метадалогія. Частку імёнаў можна адназначна ідэнтыфікаваць як беларускія. Запісаныя лацінкай імёны: Аляксандр, Сяргей, Дзмітрый не можна з нічым пераблытаць. Колькасць носьбітаў гэтых імёнаў адразу трапляла ў беларускую скарбонку. Такія імёны як Руслан, Іван ці Андрэй маглі належыць беларусам, украінцам, расіянам.

Каб улічыць носьбітаў такіх імёнаў, аналітыкі выкарысталі прапарцыйную сістэму. Мікалай Кашчэеў расказвае больш падрабязна:

- Возьмем імя Міхаіл. Такое імя можа быць у беларусаў і расіян. Украінца клікалі б Міхайло. Па дадзеных Упраўлення па справах іншаземцаў, на пачатак 2024 года агульная колькасць грамадзян Беларусі і Расіі мужчынскага полу складае ў Польшчы 77 тысяч чалавек. Беларусаў – 67,5 тысяч, расіян – 9 тысяч. Такім чынам можна лічыць, што 9 з 10 Міхаілаў у Польшчы будуць беларусамі. У рэестры PESEL Міхаілаў было каля 4,5 тысяч, то 4 тысячы з іх мы аднеслі да беларусаў. Такім чынам колькасць мужчынскіх беларускіх імёнаў мы ацэньваем у 179 тысяч.

Падлічыць колькасць жаночых імёнаў было больш складана з-за частага супадзення ў правапісе польскіх і беларускіх імён. Напрыклад, Ганна ў рэестры з’яўляецца ажно 200 тысяч разоў. Вызначыць, колькі сярод іх беларусак – немагчыма. Таму колькасць беларусак у Польшчы разлічвалася па прапорцыі 42% да 58%. У такіх суадносінах жанчыны і мужчыны з беларускім пашпартам валодаюць дазволамі на пражыванне.

Такім чынам колькасць беларусак у Польшчы ацэньваецца ў 131 тысячу. У сваю чаргу агульная колькасць беларусаў – у 310 тысяч чалавек.

Мікалай Кашчэеў параўноўвае гэтыя лічбы з ранейшымі:

-Аналагічным чынам мы лічылі колькасць беларусаў у мінулыя гады. У 2019 годзе па нашай метадалогіі беларусаў у Польшчы было 47 тысяч чалавек, што ў 6,5 разоў менш, чым цяпер. Найбольшы прырост быў адзначаны за 2021 год, калі ў Польшчу перабралася 57 тысяч чалавек. Таксама ў 2022 годзе – прырост склаў больш за 100 тысяч чалавек.

Поўнае даследаванне можна знайсці тут.

Picodi.com – гэта платформа разумнага шопінгу. Гэта сайт, які збірае інфармацыю аб магчымасцях заашчадзіць на пакупках.

слухайце аўдыё

ав


На восем катэгорый асноўных прадуктаў беларусы выдадуць 41% мінімалкі

24.01.2024 15:06
Гэта 55 месца, калі параўнаць 67 краін.