Беларуская Служба

Чаму палякі дапамагаюць іншым? І каму ахвотней за ўсё?

28.05.2024 14:59
Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскай арміі ва Украіну, у польскім грамадстве прачнулася магутнае жаданне дапамагаць украінцам.
Аўдыё
  • Палякі ахвотна дапамагаюць іншым.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі ахвотна дапамагаюць іншым. Такую выснову можна зрабіць са штогадовай справаздачы дабрачыннай арганізацыі «Лекары без межаў» – так званага «Гуманітарнага барометру». 85% рэспандэнтаў за апошні год хаця б адзін раз аказвалі дапамогу. Гэта амаль на 30 адсоткаў больш, чым да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.  

Дырэктарка польскага аддзелу арганізацыі «Лекары без межаў» Драгіня Надаждзін (Draginja Nadażdin) распавяла Польскаму радыё пра вынікі даследавання. Паводле яе словаў, яно паказвае, што палякі надалей імкнуцца дапамагаць іншым.

- Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскай арміі ва Украіну, у польскім грамадстве прачнулася магутнае жаданне дапамагаць украінцам. І мы бачым, што гэтая ахвота не знікла з таго часу. Праўда, сёлета крыху менш людзей адказала, што на працягу мінулага года яны аказвалі дапамогу, але і так мы бачым, што вельмі шмат палякаў хоча дапамагаць. Акрамя таго, мы назіраем трывалае перакананне, што дапамога патрэбная, і гэта датычыць не толькі нашых бліжэйшых суседзяў. Гэта датычыць і людзей у Польшчы, і людзей, якія жывуць у самых розных краінах, дзе назіраюцца гуманітарныя крызісы.

У такім выпадку, калі палякі хочуць аказваць дапамогу, гэта значыць, што яны цікавяцца краінамі, дзе адбываюцца розныя гуманітарныя крызісы, ведаюць, што там адбываецца? Ці мы цікавімся тым, што адбываецца на свеце, часам вельмі далёка ад нас?

- Гэта вельмі важны аспект, пра які вы пытаеце. Мы цікавімся перш за ўсё тым, што адбываецца за нашай бліжэйшай мяжой. Тым не менш, да нас даходзяць звесткі пра некаторыя глабальныя гуманітарныя крызісы. Скажам, мы ведаем пра вайну ў сектары Газа, таксама ведаем пра мігрантаў, якія прыбываюць на беларуска-польскую мяжу. Пра іншыя крызісы палякі значна менш ведаюць. Напрыклад, «Лекары без межаў» нясуць дапамогу прадстаўнікам меншасці рахінджа ў Азіі. Гэта, канешне, вельмі моцна звязана з прысутнасцю дадзенай тэмы ў СМІ. Чым больш медыі пішуць пра нейкі гуманітарны крызіс, тым больш польскае грамадства пра яго ведае і ім цікавіцца.

Ёсць групы людзей, якім палякі як правіла ахвотней дапамагаюць, чым іншым. Гэта датычыць як жыхароў Польшчы, так і людзей за мяжой.

- Канешне, ёсць групы, якім мы ахвотней аказваем падтрымку. Гэта перш за ўсё дзеці. Агулам гэта тыя групы, якія па нейкай прычыне больш пакутуюць ад гуманітарных крызісаў, чым іншыя. Акрамя таго, ёсць пэўная тэматыка, якая больш нас кранае. Гэта, між іншым, голад, недастатковае харчаванне. З іншага боку, ёсць таксама групы, якім польскае грамадства менш гатовае дапамагаць. Мы бачым, што ў выніку дэгуманізацыі, мы менш гатовыя падтрымліваць бежанцаў ці мігрантаў. Таксама гэта датычыць не гетэранарматыўных асоб – геяў, лесбіянак, не бінарных асоб. Гэтай групе польскае грамадства менш гатовае несці дапамогу. Наша арганізацыя аказвае падтрымку ўсім людзям, якім яна патрэбная – незалежна ад таго, хто гэтыя людзі. Таму вельмі важная задача – павысіць зразуменне, весці адукацыйную дзейнасць, паказваць, што дапамога патрэбная, нават калі грамадства гэтага не заўважае.

А ёсць таксама людзі, якія адмаўляюцца аказваць дапамогу і яны адкрыта кажуць пра сваю пазіцыю.

- Адной з самых частых прычын, па якіх палякі не дапамагаюць, з’яўляецца наша фінансавая сітуацыя, ці мы можам гэта сабе дазволіць. Але я хачу адзначыць, што незалежна ад розных ацэнак уласнай фінансавай сітуацыі, палякі кажуць як правіла пра гатовасць дапамагаць. Пры гэтым, такія людзі часцей за ўсё выбіраюць аднаразовую дапамогу – скажам, кідаюць камусьці адзін злоты ў бляшанку, а мала людзей вырашае аказваць рэгулярную падтрымку няўрадавых арганізацый.

Палова асоб, якія адказалі, што не аказваюць дапамогі іншым, мяркуюць, што яны сабе не могуць дазволіць у фінансавым плане, а адна пятая апытаных адказалі, што яны не давяраюць арганізацыям, якія збіраюць дапамогу.

- Людзі хочуць ведаць, што адбываецца з іх грашыма. Яны чакаюць, што кожная дабрачынная арганізацыя прадставіць дакументацыю, што яна робіць з сабранымі сродкамі, яны чакаюць таксама доказаў, што гэтыя грошы пойдуць на правільныя мэты. Трэба сказаць, што для грамадскай арганізацыі выключна важны давер грамадства. На гэтым даверы арганізацыі будуюць сваю працу. Мы таксама папрасілі людзей адказаць на пытанне, што іх падштурхоўвае да дапамогі. Рашучая большасць апытаных казалі пра пачуццё салідарнасці. Яны казалі, што дабро вяртаецца, маўляў, можа мне калісьці будзе патрэбная дапамога, і яе акажа іншы чалавек. Цікава, што 25% сказала пра тое, што дапамаганне дае ім радасць.

Размаўляла Анэта Паўлоўска-Краць

нг