Беларуская Служба

Суд у Польшчы шукае дваіх украінцаў, якія ўхіляюцца ад адбыцця пакарання за шпіянаж для Расіі

12.07.2024 11:30
Двое ўкраінцаў, асуджаных за шпіянаж на карысць Расіі, дагэтуль хаваюцца перад адбыццём, прысуджанага ім у Польшчы тэрміну.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія службы шукаюць дваіх украінцаў, якія ўхіляюцца ад адбыцця пакарання за шпіянаж на карысць Расіі. Яны былі вызвалены з-пад варты ў снежні мінулага года рашэннем суда у Любліне. Цяпер іх трэба шукаць, паведамляе Rzeczpospolita.

3 ліпеня суд выдаў ордэр на арышт аднаго з іх, Яраслава Б. Газета паясняе, што гэта грамадзянін Украіны, асуджаны на год і тры месяцы зняволення за шпіянаж на карысць Расіі, удзельнік найбуйнейшай шпіёнскай сеткі (з 16 чалавек), ліквідаванай у Польшчы.

Са студзеня мужчына хаваецца і ўхіляецца ад адбыцця пакарання, да якога быў прысуджаны. Ён знік адразу пасля таго, як у снежні суд змяніў яму арышт на падпіску аб нявыездзе з затрыманнем пашпарта.

Дарэчы суд са спасылкай на інфармацыю люблінскай паліцыі, заяўляе, што «асуджаны знаходзіцца ў вышуку, але не лічыцца зніклым.

У сваю чаргу, другі асуджаны – Артур М. (яму было 16 гадоў, калі ён здзейсніў злачынства), быў вызвалены з-пад варты ў дзень абвяшчэння прысуду і дагэтуль хаваецца ад органаў правасуддзя.

Паводле газеты, рашэнне аб змяшчэнні яго ў моладзевы выхаваўчы цэнтр было накіравана ў суд у Лодзі для выканання 29 студзеня. Паводле Акруговага суда ў Лодзі з 21 чэрвеня 2024 года, асуджаны знаходзіцца ў вышуку з мэтай адбыцця пакарання.

аз

Знікла беларуска, якую ў Польшчы асудзілі за дзейнасць для расійскай выведкі

17.06.2024 11:11
Трое членаў шпіёнскай сеткі, якім суд у Польшчы адмяніў часовы арышт, ухіляюцца ад адбыцця прысуджанага пакарання.