Беларуская Служба

79 год няведання: у Польшчы згадваюць пра Аўгустоўскую аблаву

12.07.2024 15:30
Па сённяшні дзень сваякі ды гісторыкі не ведаюць дакладную колькасць ахвяр, іх месца смерці ды пахавання.
Аўдыё
  • Гадавіна Аўгустоўскай аблавы
Ілюстрацыйнае фотаfot. Kancelaria Sejmu

79 гадоў таму, 12 ліпеня 1945 году, падраздзяленні Чырвонай Арміі, НКВД і СМЕРШ-у правялі аперацыю на Сувальшчыне, у якой загінула не менш за некалькі сотняў партызан незалежніцкага падполля. Вялікая пацыфікацыйная акцыя прайшла на польска-літоўскім памежжы — у Аўгустоўскай пушчы і ваколіцах — увайшла ў гісторыю як «Аўгустоўская аблава». Рэйд закрануў тэрыторыю амаль у тры з паловай тысячы квадратных кіламетраў, у аблаве ўдзельнічала за 40 тысяч вайскоўцаў, з іх палякаў было толькі 160 чалавек з 1-га Пражскага палка Войска Польскага.

12 ліпеня ў Польшчы адзначаецца Дзень памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы, устаноўлены польскім Сеймам у гонар людзей, якія зніклі і былі забітыя падчас чысткі, што зладзілі савецкія войскі ў ліпені 1945 году. Як было сказана ў дэкларацыі парламента, што гэты дзень устанаўлівацца ў памяць аб «героях антыкамуністычнага незалежніцкага падполля, якія не змірыліся з новай савецкай акупацыяй, забітых на загад Сталіна ў паўночна-ўсходняй Польшчы ў мірны час пасля капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны».

Польскія гісторыкі называюць аблаву «маленькай Катынню», у звязку з тым, што гэта было найбольшая па маштабе аперацыя па пацыфікацыі, здзейсненай савецкімі ўладамі адмыслова супраць палякаў. Гаворыць гісторык з Інстытута Пілецкага Лукаш Фашча.

-  Большасць сапраўды была звязаная з Арміяй Краёвай, але тады арыштавалі таксама шмат выпадковых людзей. Каля 600 чалавек зніклі. Сёння мы ведаем, што іх забілі. З нашых разлікаў вынікае, што месца пахавання знаходзіцца ў Беларусі, непадалёк ад вёскі Калеты, бліжэй да старога лясніцтва Гелж. Пакуль гэта нашы дапушчэнні, мы не ведаем дакладна. Ёсць яшчэ меркаванні, што ахвяры былі забіты ў весцы Наўмовічы калі Гродна.

Усяго ў ліпені 1945 г. савецкія карнікі арыштавалі больш за сем тысяч чалавек, мінімум 592 асобы (сярод якіх жанчын і непаўнагадовыя асобы) так і не вярнуліся дадому. Падчас Аўгустоўскай аблавы савецкія войскі акружалі цэлыя вёскі ды затрымлівалі як мага большую колькасць людзей, дзе б яны не былі: у хатах, на палі ці хаваліся ў лесе. Арыштаваных трымалі ў часовых лагерах пад адкрытым небам, дзе яны днямі чакалі на допыты, згадвалі сведкі тых падзей, дачка аднаго з дэпартаваных Схаластыка Зяневіч, якой на той момант было менш за сем гадоў.

- Я вельмі добра памятаю, што здарылася. Цягам сямі дзён я хадзіла з мамай, каб пабачыць бацьку, але ніводнага разу не паказалі. На восьмы дзень я прыйшла з мамай, але хлявы былі пустыя. Па сённяшні дзень ніхто нічога не ведае, што з ім сталася, дзе ён пахаваны.

Сем'і ахвяр Аўгустоўскай аблавы ўсё яшчэ спадзяюцца знайсці магілы сваіх блізкіх. Пра гэта ў 2011 годзе падчас цырымоніі ў касцёле ў Сувалках казала, між іншым, Зоф’я Валіцкая.

- Мне было дзесяць гадоў, калі забралі бацьку. Трымалі яго ў школе, маці несіла яму есці. Ён казаў, каб дзецям пакінула, бо ён вернецца, што ён невінаваты. Я добра памятаю тыя словы. Сёння ж мы б хацелі мець не сімвалічную магілу, бо мы ведаем, што іх забілі. Мы ведаем, хто іх забіў. Майго дзеда забраў расійскі маёр. Мы не можам дачакацца, каб развітацца з імі, запаліць свечку.

На дадзены момант сімвалічным месцам расстрэлу жыхароў Сувальшчыны лічыцца вёска Гібы каля Аўгустова, дзе з 1991 года стаіць Помнік-Крыж, каля якога штогод адбываюцца памятныя ўрачыстасці.

Расследаванне Аўгустоўскай аблавы як злачынства супраць чалавечнасці вядзе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, аднак большасць крыніц аб масавай чыстцы і месцы спачынку ахвяр, а таксама аб дакладнай колькасці забітых знаходзяцца ў архівах Расійскай Федэрацыі. Яшчэ ў 2020-м годзе гісторык расійскага таварыства «Мэмарыял», якое даследуе сталінскія злачынствы (ліквідаванае Вярхоўным судом Расіі ў 2022 годзе), Мікіта Пятроў казаў Польскаму радыё, што расійскія ўлады хлусяць, сцвярджаючы, што не ведаюць, што з здарылася з людзьмі, якія не вярнуліся дадому пасля Аўгустоўскай аблавы.

- Расійская пракуратура схавалася за зручнай формулай: людзі былі затрыманыя, але іх не асудзілі, і мы не ведаем, што з імі. Гэта глупства, таму што дзяржаўны орган не можа не ведаць і казаць: мы затрымалі чалавека, але не ведаю, што з ім здарылася. Дзяржава  ведае, яна магла або адпусціць чалавека, або асудзіць і адправіць у канцлагер, або забіць.

У 2022-м годзе ІПН знайшоў і ідэнтыфікаваў рэшткі першай ахвяры Аўгустоўскай аблавы — падпаручніка Вацлава Сабалеўскага на мянушку  «Скала», які загінуў ва ўзросце 29 гадоў. Працягваецца высвятленне ббставіны смерці і пахавання іншых ахвяр савецкага злачынства.

Падрыхтаваў на падставе архіўных матэрыялаў Польскага радыё Юры Ліхтаровіч