Беларускі бок мог бы спакойна дапамагчы палякам паставіць кропку ў высвятленні важных абставін дадзенага злачынства, аднак увесь час адмаўляецца супрацоўнічаць у гэтай справе.
Аўгустоўская аблава лічыцца найбольш масавым пасляваенным злачынствам супраць палякаў, здзейсненым савецкімі ўладамі. 592 чалавекі, звязаныя з польскім падполлем - Арміяй Краёвай у Сувальскім рэгіёне, былі вывезеныя ў невядомы бок і хутчэй за ўсё забітыя. Гэта мінімальная лічба, тычыцца толькі колькасці ахвяр на тэрыторыі Польшчы. Насамрэч аперацыя праводзілася і на тэрыторыі тагачаснай савецкай Літвы ды Беларусі. Паводле некаторых падлікаў, колькасць ахвяр можа сягаць нават 2 тысяч чалавек. Таму ў Польшчы Аўгустоўскую аблаву называюць «малой Катынню».
Сцяна памяці ахвяр Аўгустоўскай аблавы ў Аўгустове
Так сведкі тых падзей згадваюць, што рабілі савецкія карнікі.
Прадстаўнікі сем’яў, якія страцілі сваіх блізкіх у ліпені 1945 года:
- Арыштавалі сястру майго бацькі 13 ліпеня, пра ейны лёс нам нічога не вядома. Мой бацька мне сказаў, што ён не дачакаецца, але я мушу запаліць зніч на магіле яго сястры.
- Мой дзед, бацька маёй мамы – солтыс Зэльвы Станіслаў Жабіцкі быў схоплены разам з сваім зяцем. Два тыдні пасля вяселле мая цёця стала ўдавой. Яна звярнулася ў Чырвоны Крыж у пошуках свайго мужа, а ён адказалі, што такога чалавека не існуе.
Сведак падзей ксёндз Станіслаў Высоцкі.
- Я сам бачыў ,як катавалі людзей НКВД разам з контрвыведкай СМЕРШ, найбольш балючае, што іх прывёў у наш дом сусед, паказаў, дзе айцец і сёстры.
Старшыня Гістарычнага клуба Арміі Краёвай у Аўгустове Данута Кашлей.
- Сярод пацярпелых была частка людзей, якія не былі звязаныя з падполлем. Саветы шукалі Станіслава Цеслякоўскага з АК, але не знайшлі яго. Тады яны схапілі 15 юнака, сына Станіслава. Ім галоўнае, каб лічбы былі адпаведныя.
Расследаваннем абставін дадзенага злачынства займаецца беластоцкае аддзяленне Інстытуту нацыянальнай памяці (ІПН). Пра тое, што на дадзены момант вядома гісторыкам і следчым Інстытут пра Аўгустоўскую аблаву, чаго не стае, каб высветліць усе абставіны дадзенага злачынства, мы паразмаўлялі з супрацоўнікам Бюро гістарычных даследаванняў ІПН у Беластоку Яраславам Васілеўскім.
- Мы ведаем даволі шмат, беручы пад увагу той факт, што пасля тых здарэнняў прайшло ўжо столькі год, а сур’ёзнае вывучэнне абставін Аўгустоўскай аблавы пачалося толькі 30 год таму. Беручы пад увагу, што доўгі час гэтае злачынства замоўчвалася, можна сказаць, што мы ведаем даволі шмат. Мы ведаем дакладна як праходзіла тая аперацыя, ведаем, якія часці бралі ў ёй удзел, колькасць жаўнераў, хто з польскага боку аказваў дапамогу. Па сённяшні дзень мы не ведаем самага галоўнага: якім чынам былі забітыя людзі, якіх схапіла савецкая армія, дзе пахаваныя ахвяры. Такім чынам, мы ведаем шмат пра хаду аперацыі, але мала ведаем, амаль нічога, пра трагічны фінал дадзенага здарэння. Ведаем пра працяглыя пошукі, асабліва з боку сем’яў, якія спрабавалі высветліць, што здарылася з іх сваякамі. Ведаем пра шматлікія спробы польскіх служб бяспекі зацерці сляды гэтага злачынства, якія не хацелі, каб людзі памяталі пра яго.
Як выглядала тое нішчэнне слядоў? Што рабілася дзеля гэтага?
- У першую чаргу польскія службы ўздзейнічалі на людзей, якія шукалі інфармацыю пра сваіх блізкіх, пісалі запыты. Службы ціснулі на людзей, каб яны спынілі пошукі. Гэта тычылася бліжэйшых сваякоў: жонак, бацькоў зніклых людзей. Сёння мы ведаем, што тых людзей проста забілі, але тады сваякі хадзілі з запытамі да мясцовых улад, ва ўпраўленне бяспекі, пісалі лісты кіраўніцтву дзяржавы, нават звярталіся да самога прэзідэнта Берута. У адказ на гэта супрацоўнікі СБ пачалі наведваць сем'і, папярэджвалі ды пагражалі ім, кажучы, каб тыя спынілі пошукі. У адваротным выпадку, пагражалі клопатамі.
У другой палове 1980-ых гадоў у СССР пачалася галоснасць, потым на пачатку 1990-ых у Расіі быў момант адкрытасці на высвятленне злачынстваў камуністычнага рэжыму. Што вам удалося даведацца тады?
- Гэта быў добры момант на пошукі, хаця мы не змаглі яго максімальна выкарыстаць. Сёння можам толькі шкадаваць. Пры канцы 1980-х гадоў была праведзеная эксгумацыі ў месцы, дзе лічылася былі пахаваныя ахвяры аблавы. Аднак раскопкі не пацвердзілі разлікі. Былі знойдзеныя рэшткі нямецкіх жаўнераў з часоў ІІ Сусветнай вайны. Але справа атрымала вялікі розгалас, пра яе пісалі замежныя журналісты, у выніку ўрад больш не мог трымаць яе ў сакрэце. Тым больш, што людзі працягвалі ўпарта дамагацца праўды, і ў свабоднай Польшчы ў 1990-91 гады, пачалося пракурорскае следства, якое спрабавала высветліць лёс зніклых людзей. Справай занялася сувальская пракуратура. Быў накіраваны запыт у расійскую пракуратуру. У часах Ельцына супрацоўніцтва было магчымым, расійская пракуратура прыслала ў адказ інфармацыю, што ў ліпені 1945 савецкія войскі арыштавалі групу палякаў, але далейшы іх лёс невядомы. Гэта нам дало афіцыйнае пацвярджэнне таго, што аперацыя была, і яе правялі савецкія войскі, і яшчэ ў лісце прыводзілася канкрэтная лічба – 592 чалавекі. Гэта дала магчымасці працягваць следства, але пасля 1995, калі прыйшоў гэты адказ, доступ да расійскіх архіваў паступова абмяжоўваўся. Супраца спынілася.
Ці расійскі бок паведаміў, кім былі тыя людзі? Называлася толькі лічба, а кім былі тыя людзі, ці гэта вядома?
- Мы не ведаем гэтага, кажучы ж пра саму лічбу. Гэта мінімальная колькасць ахвяр. Наконт гэтых 592 чалавек, мы перакананыя, што іх забілі. Мы не ведаем максімальную колькасць ахвяр. На гэтую тэму вядуцца спрэчкі. Розныя гісторыкі па рознаму лічаць. Максімальная лічба, якая гучыць, – амаль 2 тысячы чалавек. Мы ведаем толькі мінімальную лічбу, якую прывёў камандуючы той аперацыяй Віктар Абакумаў, якія ў справаздачы Берыі паведамляў, што ўдалося выдзеліць з больш чым 7 тысяч арыштаваных 592 асобы, звязаных з падполлем. Абакумаў прапанаваў Берыі іх ліквідаваць. Мы не ведаем адказу Берыі, але ў звязку з тым, што гэтыя людзі ніколі не вярнуліся, лічым, што іх забілі. Самі ж арышты працягваліся і пасля 19 ліпеня. Таму колькасць ахвяр можа быць большай, але пакуль немагчымае яе вызначыць дакладна. У 1987 годзе быў створаны Грамадзянскі камітэт пошуку людзей, якія зніклі ў ліпені 1945 года. Яны хадзілі ад дзвярэй да дзвярэй і пыталіся пра зніклых, потым да гэтага дадаліся звесткі ад мясцовых уладаў. У выніку цяпер у нас ёсць спіс, дзе сотні зніклых чалавек. Сёння часам знаходзяцца дадзеныя пра паасобных людзей. На дадзены момант у спісе 520 чалавек, чые імёны ды прозвішчы мы ведаем.
Што вядома пра месца пахавання, дзе яно можна знаходзіцца? У Польшчы, Літвы ці Беларусі, бо аперацыя прыходзіла ў памежным рэгіёне? Што сёння вядома ІПН па дадзеным пытанні?
- Калі б месца пахавання было б на тэрыторыі Польшчы ці Літвы, мы б ужо правялі эксгумацыю і мелі б адказ. Найбольш верагодна на сённяшні дзень, як вызначыла следства, схопленыя людзі былі забітыя на тэрыторыі цяперашняй памежнай паласы паміж Беларуссю і Польшчай на Захад ад населенага пункта Калеты. Нават сёння гэта ахоўваемая тэрыторыя без доступу для выпадковых людзей. Адкуль мы ведаем пра гэта? Пракурор ІПН правёў спецыяльныя даследаванні пры дапамозе лазернага радару, спадарожнікавых здымкаў, і следчага эксперыменту на падставе звестак ад сведак. Былі зроблены падлікі часу і адлегласці. Яшчэ мацнейшым доказам расстрэлаў менавіта ў гэтым месцы ёсць факт самавольнага, без аніякай дамоўленасці з польскім бокам перасоўвання Саветамі мяжы, якая была тады ўжо вызначаная, былі ўсталяваныя памежныя слупы. Пасля Аўгустоўскай аблавы і пасля расстрэлаў Саветы перасунулі мяжу на некалькі сотняў метраў на Захад, пакідаючы месца злачынства на сваёй тэрыторыі пад аховай, каб палякі нават выпадкова яго не маглі знайсці.
У 2015-20 гадах Польшча мела даволі някепскія адносіны з Беларуссю, удалося нават правесці шэраг раскопак і перапахавання польскіх жаўнераў. Ці Вам удалося атрымаць хоць нейкую інфармацыю ад беларускага боку на тэму Аўгустоўскай аблавы?
- Пракурор шмат разоў звяртаўся з просьбай аб юрыдычнай дапамозе па гэтым пытанні. Мы прасілі дазвол правесці абследаванне тэрыторыі, пробную эксгумацыю. Мы ведаем, што такімі справамі займаецца спецыяльная адзінка ў беларускай арміі. Мы ў іх таксама прасілі дапамогу. На ўсе нашы просьбы была адна рэакцыя – адмова. Гэта нас не здзіўляе, бо адкрыццё чарговага месца генацыду, падобнага да Катыні, не палепшыла б рэпутацыі Расіі ды пуцінскага рэжыму.
Якія былі аргументы беларускага боку, чаму яны адмаўляліся супрацоўнічаць?
- Было сказана, што дапамога не можа быць прадстаўлена, без аніякіх тлумачэнняў. Што мяне не здзіўляе. Яны не спрабавалі нічога прыдумваць, проста адказвалі, што па дадзеным пытанні дапамогі не будзе.
У такім выпадку, чым займаецца цяпер следства ў справе Аўгустоўскай аблавы?
- Само следства пракурор прыпыніў, бо няма пакуль шанцаў на нейкі пералом, новыя доказы. Гісторыкі вычарпалі ўсе магчымыя месцы крыніцы інфармацыі. На дадзены момант вядзецца толькі высвятленне лёсу асобных людзей, сем’яў, якія пацярпелі ў выніку аблавы. Што праўда, апошнім часам з’явілася толькі адна новая крыніца – гэта матэрыялы аб дзейнасці 50 арміі ў складзе Краснай арміі, якая і правяла дадзеную аперацыю. У 2015-м годзе ў рамках святкавання гадавіны завяршэння ІІ сусветнай вайны, Расія апублікавала матэрыялы, дзе дакладна апісаныя дзеянні асобных вайсковых армій. Гэта нам дало выдатную крыніцу інфармацыі. Цяпер мы вывучаем гэтыя матэрыялы.
Пра што сведчаць дадзеныя матэрыялы?
- Новым адкрыццём, якое стала магчымым дзякуючы згаданым матэрыялам, стала вызначэнне абсягу Аўгустоўскай аблавы. Раней мы абмяжоўваліся толькі тэрыторыяй сучаснай Польшчы. Нам здавалася, што аперацыя тычылася Аўгустоўскай пушчы ў польскіх межах. З дакументаў 50-арміі вынікае, што аперацыя пачыналася даволі далёка ў глыбіні сучаснай Літвы і Беларусі. Аперацыя ладзілася дзясяткі кіламетраў на Ўсход ад цяперашняй польскай мяжы. Яна закранула жыхароў тых рэгіёнаў. Што цікава з літоўскага боку сярод жыхароў не захавалася памяць пра хаду аперацыі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч