Беларуская Служба

85-гадовы паляк не здаў экзаменаў на атэстат сталасці. Але дзядуля не здаецца: праз год спрабуе здаць і... паступіць ва ўніверсітэт

14.07.2024 06:17
Калі паведамленне пра найстарэйшага паляка, які прыступіў да экзаменаў на атэстат сталасці, абляцела польскія СМІ, многія трымалі за дзядулю Юзэфа кулачкі.
Юзэф Пяругакрыніца: Facebook/Krystian Kinastowski Prezydent Kalisza

Спадар Юзэф Пяруга – найстарэйшы паляк, які сёлета здаваў экзамены на атэстат сталасці. Мужчыне 85 гадоў, цяпер ён жыве ў горадзе Каліш у цэнтральнай Польшчы. Яго дзяцінства прайшло падчас Другой сусветнай вайны. Будучы малым хлопчыкам, трапіў у нямецкі лагер. У дарослым жыцці жыў у розных рэгіёнах Польшчы, працаваў вадзіцелем грузавіка і аўтобуса.

Калі паведамленне пра найстарэйшага паляка, які праз гады пасля заканчэння школы прыступіў да экзаменаў на атэстат сталасці, абляцела польскія СМІ, многія трымалі за дзядулю Юзэфа кулачкі. Мужчына здаваў матэматыку, польскую мову, геаграфію і нямецкую мову. На днях ён атрымаў вынікі выпускных экзаменаў. На жаль, аказалася, што ён не здаў пісьмовых іспытаў па двух прадметах – польскай мове і матэматыцы.

85-гадовы мужчына мае намер падаць апеляцыю ў Акруговую экзаменацыйную камісію. «Да мяне маглі б падысці з паблажкай. Бо вусны экзамен я здаў добра. Дырэктар школы параіў мне падаваць апеляцыю. І я гэта зраблю», – сказаў спадар Юзэф у размове з журналістам.

Пажылы мужчына падкрэсліў, што калі апеляцыя не будзе задаволеная, то будзе здаваць экзамены ў наступным годзе. Цяпер ён адпачывае ў санаторыі. У ім спадар Юзэф скарыстаўся парадай афтальмолага. «Ён выпісаў мне новыя акуляры, і цяпер я бачу лепш. У наступным годзе я зраблю аперацыю на вочы і зноў здам экзамен. Але ў іншым горадзе», – паведаміў мужчына.

Чаму здача выпускных экзаменаў для яго гэтак важная? Спадар Юзэф не скрывае, што хацеў бы паступіць ва ўніверсітэт. «З адукацыяй жыць лягчэй. Я некалі, будучы маладым, хацеў быць міліцыянерам, служыць у дарожнай міліцыі. Але не атрымалася, таму што не было атэстату сталасці. Ідзіце на выпускныя экзамены! Не трэба баяцца!», – сказаў 85-гадовы мужчына, якога цытуе афіцыйны сайт Каліша.

вс