Беларуская Служба

Лідар крымскіх татараў Рэфат Чубараў: Да палонных расіяне адносяцца як да тавару, цана якога вельмі высокая, і іх час яшчэ не прыйшоў

15.07.2024 15:18
12 ліпеня Сейм Польшчы прызнаў дэпартацыю крымскіх татар 1944 году актам генацыду крымска-татарскага народу.
Аўдыё
  • Лідар крымскіх татараў Рэфат Чубараў: Да палонных расіяне адносяцца як да тавару, цана якога вельмі высокая, і іх час яшчэ не прыйшоў
Рэфат ЧубараўМар'янна Крыль

Дзейнасць па прызнанні сусветнымі супольнасцямі дэпартацыю крымскіх татар генацыдам пачалася ў 90-ыя гады. Аднак асабліва шмат змянілася пасля пачатку вайны ва Украіне. У 2015 годзе сама Украіна прызнала гэта генацыдам, таксама ўкраінская дзяржава прыняла канкрэтныя палітычныя рашэнні аб гарантыях развіцця крымска-татарскага народу ва Украіне. Гэта пабачыў свет, гаворыць Рэфат Чубараў, а пастанова польскага Сейму для крымскіх татар – важны сігнал і пасыл:

-На фоне пагрозы, якая навісла над усім светам збоку Расіі, свет павінен ацэньваць падзеі мінулага, якія, застаючыся беспакаранымі, і апынуліся ў вытокаў сённяшніх злачынстваў. Мы выразна даем ацэнку мінулага, каб гэта не паўтарылася заўтра.

Акупацыя Крыма працягваецца ўжо 11 год. Штодня надыходзяць паведамленні аб цяжкай сітуацыі ў Крыме крымска-татарскага народу і ўкраінцаў. Рэфат Чубараў з самага пачатку наступу на Крым меркаваў, што расіяне робяць гэта, каб пераўтварыць паўвостраў у вайсковую базу. Гэтыя прагнозы споўніліся ў самым кепскім варыянце:

-Крым пераўтварылі ў вайсковую базу. Калі акупанты пераўтвараюць захопленую тэрыторыю ў вайсковую базу, зразумела, што яны намагаюцца максімальна задушыць волю людзей, якія там жывуць. Той, хто не прымае акупацыі, павінен быць ці раздушаны, ці выцеснены. Гэта тактыка акупантаў. Таму ўсе рэпрэсіі супраць украінцаў, крымскіх татар служаць таму, каб запужаць, каб людзі пакідалі Крым. Таму там рэпрэсіі не будуць сціхаць. Увесь пераслед, суды, прысуды адбываюцца на падставе сфальсіфікаваных спраў. Ёсць шмат катаванняў. Акупанты разумеюць, на колькі важныя для нас закладнікі, таму яны не ідуць на перамовы. Як толькі пачынаюцца перамовы аб вызваленні палітвязняў, то расіяне на самым пачатку адкідваюць усе прапановы, калі гаворка заходзіць пра крымскіх татар. Я бачу, як яны гэта робяць з-за пачуцця помсты. Да палонных расіяне адносяцца як да тавару, цана якога вельмі высокая, і іх час яшчэ не прыйшоў. Расіяне будуць чакаць пагрозы для сябе, толькі тады яны іх выставяць. Так робяць варвары.

Крымскія татары, якія ў 2014 годзе з’ехалі за межы і атрымалі статус уцекачоў, дагэтуль адкрыта баяцца называць свае імёны, напрыклад, у інтэрв’ю, паколькі іх сваякам, якія засталіся ў Крыме, пагражае пераслед, дадае Рэфат Чубараў:

-Тактыка акупантаў – маніторыць, на колькі гэта магчыма, паводзіны тых, хто пакінуў Крым. Каб у выпадку патрэбы ўзяцца за іх балючае месца – сваякоў. У Крыме створана арганізацыя, якую яны цынічна называюць «Смерш», на ўзор сталінскай арганізацыі «Смерць шпіёнам». Там шмат ідэйных валанцёраў, якія манітораць сацыяльныя сеткі арганізацый, якія займаюцца Крымам. Былі дзясяткі выпадкаў, калі людзі давалі інтэрв’ю, ці ўдзельнічалі ў пратэстах, а потым выходзілі на іх сваякоў. Тым не менш мы заклікаем людзей, што тактыка страуса не дапамагае ні ім, ні іх сваякам, ні вызваленню Крыма. Мы гаворым людзям, што праз гэта трэба прайсці. Мы лічым, што людзі павінны знаходзіць спосаб, каб далучацца да барацьбы.

Рэфат Чубараў перакананы, што крымскія татары за межамі павінны трымацца разам. – Нашым людзям мы кажам: шукайце шляхі, як вы будзеце вяртацца. Жывіце за мяжой, інтэгруйцеся, вучыце дзяцей, але ўсё гэта, каб вярнуцца, – гаворыць лідар крымскіх татараў.

Мар'янна Крыль/ав

Поўная размова ў далучаным гукавым файле.