Беларуская Служба

На Спаса ўсе дарогі вядуць на Грабарку - гавораць падляшскія праваслаўныя вернікі (ФОТА)

19.08.2024 13:30
Менавіта тут, на Святой Гары, прайшлі галоўныя святкаванні Праабражэння Гасподняга, свята, якое ў народзе называецца Спас.
Аўдыё
  • На Спаса ўсе дарогі вядуць на Грабарку - гавораць падляшскія праваслаўныя вернікі (ФОТА)
.
. PAP/Michał Zieliński

19-га жніўня Праваслаўная царква адзначае свята Праабражэння Гасподняга. Гэты дзень асабліва ўрачыста праходзіць на святой Гары Грабарцы, што на Падляшшы. Багаслужбы, звязаныя са святам, пачаліся ўжо ўвечары 18-га жніўня. Малітвы ў манастырскіх храмах працягваліся ўсю ноч. Сабралі яны сотні вернікаў, якія на «гару крыжоў» прыехалі, каб памаліцца і падзякаваць Богу. Сёлетнія мерапрыемствы на Святой Гары пераплятаюцца з галоўнымі святкаваннямі юбілею 100-годдзя аўтакефаліі праваслаўнай Царквы ў Польшчы. З нагоды юбілею, да існуючых ужо тысячы крыжоў, далучылася яшчэ сотня, дзе на адмысловых досачках выпісаны ўсе праваслаўныя прыходы, манастыры, царкоўныя арганізацыі, брацтвы ці аб'яднанні.


.  

На месцы паломнікі набіраюць святую ваду з манастырскай крыніцы ды нясуць на святую гару свае крыжы.

-Я прыязджаю штогод, хочацца, мы заўсёды сядалі ў куточку паміж крыжамі і спявалі, а зараз няма каму. Гэта важнае месца, сюды людзі прыносяць свае крыжы, ідуць з малітвай, удзячнасцю, просьбай, такое святое месца. Не толькі святое месца, але і святая зямля, - дадае аўтарка кніжкі пра святую Гару Грабарка Анна Радзюкевіч.

-Мы ішлі ў паломніцтве, прынеслі свае крыжы, каб памаліцца, прыцягвае духоўная атмасфера. Сёлетнія святкаванні падвойна ўрачыстыя, паколькі Праваслаўная царква ў Польшчы адзначае 100-годдзе аўтакефаліі, - дадае а. Мікалай Астапчук з Гарадка. - Гэта важная падзея, паколькі Царква зараз незалежная і аўтаномная, сама стварае сваю гісторыю. 

Святая гара Грабарка з’яўляецца мэтай праваслаўных паломніцтваў з 17 ст. Тады вернікі прынеслі свае крыжы, памаліліся і спынілася эпідэмія халеры, якая збірала сотні ахвяраў.

Зараз з нагоды юбілею, вернікі маглі таксама пабачыць адмысловую выстаўку, падрыхтаваную да 100-годдзя існавання аўтакефаліі Праваслаўнай царквы ў Польшчы.

Анна Пятроўская

слухайце аўдыё

. 

 

.