Беларуская Служба

Паводка ў Польшчы. Некалькі населеных пунктаў апынуліся цалкам пад вадой

16.09.2024 12:31
Вядома пра тры смяротныя ахвяры паводкі.
Рака Ныса Клодзка заліла горад КлодзкаPAP/Maciej Kulczyński

На поўдні і захадзе Польшчы працягваюцца паводкі. Найбольш драматычная сітуацыя пануе ў Ніжняй Сілезіі і Апольскім рэгіёне. У многіх месцах прайшла і надалей праводзіцца эвакуацыя людзей. Эвакуіраваныя тысячы чалавек. Вядома пра пяць смяротных ахвяр паводкі.

Сітуацыю параўноўваюць з вялікай паводкай 1997 году, хоць цяпер сітуацыя крыху лепшая. Некалькі населеных пунктаў апынуліся цалкам пад вадой. Прарвала плаціну ў Строню Сілескім у раёне Клодзка. Вуліцы самога Клодзка былі пад вадой, глыбіня вады ў затопленых кварталах у цэнтры горада вагалася ад 50 см да 1,5 метра.

У частцы горада Чэхавіцэ-Дзедзіцэ вада, якая прыйшла ўчора, стаіць на тым жа самым узроўні. Гаворка пра раён каля ракі Ілаўніца. Вада з гэтай тэрыторыі не сыдзе самастойна, яе трэба выпампаваць. Бургамістр гораду сказаў, што гэта так, быццам бы пажарныя службы павінны выпампаваць ваду з цэлага возера.


Глухалазы Глухалазы

У Глухалазах Ныскага павета напор вады разбурыў часовы мост. Увесь населены пункт знаходзіцца пад вадой. Да Строня Сілескага і Лёндка Здруй практычна немагчыма дабрацца. У нядзелю са шпіталя Нысы, адрэзанага вадой ад гораду, эвакуявалі 33 пацыентаў, у тым ліку цяжарных жанчын і дзяцей.

Ва Уроцлаве і Аполі абвешчаная паводкавая трывога. Самы высокі ўзровень вады ў Одры ва Уроцлаве чакаецца ў сераду.


Одра, Уроцлаў Одра, Уроцлаў

Гэта далёка не ўсе населеныя пункты, якія змагаюцца з сапраўды гіганцкай праблемай.

Пасля надзвычайнага пасяджэння ўраду прэм'ер-міністр Дональд Туск гаварыў пра неабходнасць увядзення рэжыму стыхійнага бедства. Ён уводзіцца ў раёнах, пацярпелых ад паводкі, не больш чым на 30 дзён. Гэта час, неабходны для прадухілення або ліквідацыі наступстваў катастрофы. Гаворка пра некаторыя раёны Ніжнесілезскага, Апольскага і Сілезскага ваяводстваў. Гэтыя месцы абраныя на падставе рэкамендацый ваяводаў пасля пасяджэнняў адпаведных ваяводскіх крызісных штабоў.

Падчас рэжыму стыхійнага бедства будуць дзейнічаць «толькі неабходныя» абмежаванні правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. У тым ліку загад аб эвакуацыі і забароне знаходжання ў асобных месцах і аб'ектах.

-Мы будзем старацца, як я сёння пераконваў міністраў, карыстацца вельмі стрымана і з вялікай далікатнасцю магчымасцямі, якія дае нам рэжым стыхійнага бедства. Мы не хочам без патрэбы абмяжоўваць грамадзянскія правы. Гэта выключныя сітуацыі. Гаворка пра магчымасць загаду эвакуацыі. Мы будзем выкарыстоўваць гэтую юрыдычную магчымасць толькі там, дзе жыццё людзей будзе сапраўды пад пагрозай. Усё ж мы будзем старацца пераконваць, а аргументы з кожным днём усё больш відавочныя, - гаварыў на брыфінгу прэм’ер Дональд Туск.


Дональд Туск Дональд Туск

Кіраўнік ураду запэўніў, што сродкаў на хуткую і доўгатэрміновую дапамогу ахвярам паводкі хопіць. У бліжэйшым часе кожны пацярпелы атрымае 10 тысяч злотых. У далейшым будуць разглядацца заявы на рамонт кватэр і гаспадарчых будынкаў да 100 тысяч злотых.

Дапамога пацярпелым ідзе з цэлай краіны. Лакальныя дабрачынныя арганізацыя, гарадскія ўлады і проста прыватныя асобы ладзяць збор не толькі грошай на пакупку патрэбных рэчаў, але і збіраюць ваду, вопратку, сродкі гігіены і ўсё, што можа дапамагчы ў прыборцы знішчаных дамоў.

У Апольскім рэгіёне пачынаецца размеркаванне пакетаў дапамогі і абсталявання для рэгіёнаў, пацярпелых ад паводкі. Ізабэла Жукоўска з фонду Human Doc кажа, што неабходныя пастаўкі неўзабаве паступяць на поўдзень ваяводства, і акцыя можа набыць больш шырокія маштабы. Гэта залежыць ад маштабу патрэбаў:

-Мы адсочваем, колькі трэба камплектаў пасцельная бялізны, дзе патрэбны агрэгат, прадукты харчавання і іншыя матэрыялы. Ужо цяпер мы робім пасылкі, карыстаючыся запасамі фонду. Яшчэ сёння будуць развезеныя пакеты з прадуктамі харчавання, сродкамі асабістай гігіены і школьнымі прыналежнасцямі для дзяцей. Для дзяцей будзе салодкая неспадзяванка. Адначасова з крызісным штабам мы будзем высвятляць, дзе ёсць самыя вялікія патрэбы.

Міністэрства клімату выдзеліць субсідыю для пацярпелых ад паводкі ваяводстваў на ліквідацыю нанесенай шкоды. Грошы пойдуць у чатыры рэгіёны на поўдні - сказала міністр Паўліна Хэніг-Клоска ў Аполі:

-Мы прынялі рашэнне выдзеліць датацыю агульнай сумай 21 млн злотых на самыя тэрміновыя патрэбы першых дзён. Цэнтры крызіснага кіравання атрымаюць грошы імгненна. Гэтыя сродкі будуць прызначаныя на рознага віду тэхніку – электрагенератары, помпы, асушальнікі паветра.

Збор вады і іншых патрэбных прадуктаў у Варшаве Збор вады і іншых патрэбных прадуктаў у Варшаве

У дапамозе пацярпелым ад паводкі актыўна ўдзельнічае войска. На месцы працуюць вайскоўцы і цяжкая ваенная тэхніка. У іх задачы ўваходзіць умацаванне супрацьпаводкавых набярэжных і забеспячэнне бяспекі месцаў, якія знаходзяцца пад пагрозай затаплення. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык кажа, што войска таксама будзе забяспечваць харчовымі пайкамі:

-Ужо скіраваныя цыстэрны з вадой, войска будзе раздаваць прадукты харчавання, у тым ліку гарачыя абеды. Войска дапамагае жыхарам у прыборцы там, дзе вада сышла.

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык звярнуўся да пацярпелых ад паводкі з заклікам уважліва прыслухоўвацца да афіцыйных паведамленняў і выконваць загады службаў.

Прагнозы надвор’я гавораць аб тым, што з заўтрашняга дня колькасць ападкаў будзе змяншацца. Вялікая пагроза можа прыйсці з боку Чэхіі, якая таксама змагаецца з паводкамі. Вада з Чэхіі рэкамі паступае ў Польшчу.

Спыненне дажджу гэта добрая навіна, але гэта далёка не канец праблем. Жыхароў і службы чакае велізарная праца па прыборцы балота, дрэваў, смецця, ачышчэння затопленых будынкаў, рамонт дарог і мастоў. Гэта праца на доўгія месяцы.

ав


Глухалазы Глухалазы