Прэм'ер-міністр Дональд Туск дагэтуль не прыняў рашэння наконт паправак у пастанове аб канфіскацыі аўтамабіляў за кіраванне пад уплывам алкаголю – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Між тым суды выказваюць сумневы, ці закон не парушае Канстытуцыі Польшчы. Паліцыя дзяржавы канфіскавала ўжо больш за 4,3 тыс. транспартных сродкаў.
Палажэнні, якія ўвялі ў Крымінальны кодэкс абавязковую канфіскацыю транспартных сродкаў за кіраванне ў стане алкагольнага апʼянення, а ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс дадалі інстытут абавязковага часовага затрымання аўтамабіля паліцыяй, уступілі ў сілу ў сакавіку бягучага года.
Рашэнне аб канфіскацыі прымае суд, абавязкова, калі ў крыві кіроўцы ўтрыманне алкаголю было не меншым за 1,5 праміле або звыш 1 праміле, але пры гэтым кіроўца здзейсніў ДТЗ. Калі ўтрыманне забароненых сродкаў было меншым за 1 праміле, рашэнне аб канфіскацыі прымае суддзя, разглядаючы кожны канкрэтны выпадак.
У сувязі з шырокай крытыкай гэтых палажэнняў Мінюст падрыхтаваў папраўку. У рамках заканадаўчага шляху праект прайшоў працэс кансультацый і разгляду, падчас якога было закранута пытанне неканстытуцыйнасці дадзеных рашэнняў.
У апошняй рэдакцыі праекта, вынесенай на пасяджэнне ўраду ў канцы ліпеня, была адменена абавязковая канфіскацыя і пашыраны спіс сітуацый, у якіх суд можа прымяніць канфіскацыю, уключыўшы ў яго кіраванне транспартным сродкам на вадзе і ў паветры. Таксама адменена абавязковае часовае затрыманне транспартных сродкаў.
Аднак законапраект быў зняты з парадку дня пасяджэння Рады міністраў 22 ліпеня, і дагэтуль невядомы яго далейшы лёс.
нг